Пазіцыя Расіі па пастаўках газу ў Беларусь недапушчальная. Пра гэта сёння журналістам заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Шклоўскі раён.

«Нельга так паводзіць сябе ў дачыненні да Беларусі: іншым паніжаючы цэны на газ ці фіксуючы іх, а нам павышаючы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Шмат на гэтым расійцы і «Газпром «не нажывуцца, а вось страціць могуць шмат чаго».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў папрасіў яго выказаць пазіцыю Беларусі наконт газавага пытання, беларускі лідэр адказаў адназначна:

«Краіна толькі выходзіць з фінансава‑эканамічнага крызісу. Нам зараз няпроста, нам трэба падтрымаць вытворчасць.

І павелічэнне цэнаў на газ, вядома ж, негатыўна паўплывае на рэнтабельнасць нашых прадпрыемстваў». Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў: «Эканоміка Беларусі сёння фактычна працуе на расійскую эканоміку. Мы атрымліваем сёння камплектуючыя з прадпрыемстваў Расіі, на якіх працуюць да 15 млн. чалавек.

То бок мы як былі, так у некаторым родзе і застаемся зборачным цэхам Расіі».

Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, казаць пра тое, што гэта нейкім чужым людзям пастаўляецца газ, нейкі іншай краіне, нельга.

Кіраўнік Беларусі таксама нагадаў, што расійскі бок знізіў цану за прыродны газ на 30% для Украіны, нядаўна прагучала пытанне пра магчымае паніжэнне для Венгрыі.

«Пайшлі паніжэнне коштаў на прыродны газ. Чаму ж нам вырашылі падняць на 30% кошт?» — абурыўся беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка дадаў: «Усё роўна, што там у нас розніца была ў цане. Бо для Расіі Беларусь і іншыя дзяржавы — гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Беларусь для Расіі — зусім іншая каштоўнасць.

І не трэба тут упіхваць, што мы надурняк хочам пражыць!
Не, мы вельмі вялікую карысць прыносім Расіі, пачынаючы ад вытворчасці і заканчваючы абаронай і іншымі пытаннямі».

«Вось у такім кантэксце ішла размова Дзмітрыя Мядзведзева. У выніку прэзідэнт Расіі мне сказаў, што не па ўсіх пытаннях ён гатовы адказаць адразу і што ён абавязкова на працягу 2‑3 дзён вызначыцца і мне патэлефануе. Ну вось, па тэлебачанні «патэлефанаваў» — вы гэта чулі».

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў:

«Мы выжывем. Але так паводзіць сябе ў дачыненні да народа‑саюзніка, з якім разам гнілі ў акопах, я лічу, недапушчальна. І гэта ніякія не эмоцыі, хоць і яны для нас, славян, таксама важныя».

Адказваючы на пытанне журналіста пра тое, ці збіраецца беларускі бок плаціць за той доўг, аб якім заяўляе Расія, ён сказаў: «Мы вядзем зараз перамовы. Калі зыходзіць з пункту гледжання Расеі, то гэта абавязак. Калі зыходзіць з таго, што я сказаў, ‑‑ ніякага абавязку няма. Я думаю, дамовімся. Калі мы пагадзіліся з тым, што гэта абавязак і Расіі вельмі цяжка пакінуць мінулую цану, то мы будзем плаціць, знойдзем грошы».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру