«Газпром» мае запазычанасць перад Беларуссю за транзіт расійскага газу ў Заходнюю Еўропу на суму каля $200 млн – столькі ж, у колькі Расія ацэньвае запазычанасць Мінска за пастаўкі «блакітнага паліва»,
заявіў першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец.
«За транзіт на сённяшні дзень, паводле нашых разлікаў, «Газпром» вінен крыху больш за $200 млн», – сказаў Таўпянец у эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала (БТ).
Паводле яго словаў, Мінэнерга Беларусі атрымала сёння тэлеграму ад «Газпрома», дзе гаворыцца пра тое, што ў выпадку нявыплаты доўгу «Белтрансгаза» перад «Газпромам» за пастаўлены газ, пастаўкі газу ў Беларусь будуць абмежаваныя на 85% ад ліміту чэрвеня.
«Пытанне такога глыбокага абмежавання можа зачапіць і пытанні транзіту», – заявіў намеснік міністра.





