За(с)мучаныя мундыялем, беларускія інтэлектуалы і інтэлігенты сцякаліся ў мінскую галерэю «Ў», каб адзначыць 60-годдзе філосафа Валянціна Акудовіча.

Валянцін Акудовіч

Нягледзячы на здабыткі Акудовіча ў прасоўванні беларускага мыслення і развіцці беларускага філасофскага слоўніка, у масавую свядомасць філосаф патрапіў сваім эсэ «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», а дакладней з самым цымусам канцэпцыі адсутнасці, прапісаным у назве.

Культуролаг Максім Жбанкоў зазначыў, што гэты, народны бок філосафа таксама варты ўвагі: «Валянцін Акудовіч здзейсніў прыблізна тое, што Андрэй Хадановіч у паэзіі — ён зрабіў беларускую філасофію хітом: прадметам займальным, яскравым і сэксуальным».

Сам прысутны Андрэй Хадановіч пусціўся прыгадваць свае сумесныя з Акудовічам вандроўкі па Беларусі. У прыватнасці, працытаваў шматдумнае двухрадкоўе маэстра, вымаўленае падчас сядзення ля вогнішча: «Еш, не еш -- а ўсё адно памрэш». Хадановіч распавёў, што падчас гэтага філосаф нашмароўваў хлеб тушанінай, і таму паэту не засталося нічога іншага, як прыдумаць паэтычную водпаведзь: «Маж, не маж, а ўсё адно нямаш».

Дудар і аднаўляльнік старажытных традыцыяў Тодар Кашкурэвіч выказаў здагадку, што слова «няма» ў назве знакамітага Акудовічавага эсэ трэба чытаць з націскам на першы склад, «няма». Як вядома, у старабеларускай мове яно азначае «есці» і што такім чынам філосаф насамрэч, абводным шляхам, сцвярджае якраз сваю прысутнасць, а не адсутнасць.

І гэтак спадары культурныя людзі строілі кепікі, чакаючы, калі з’явіцца сам аўтар. Але высветлілася, што Валянцін Акудовіч урэшце ашукаў усіх: не прыйшоў на ўласную вечарыну і ў гэты час увогуле знаходзіўся па Нёмане, на байдарачным сплаве. І гэтым спраўдзіў сваю тэзу, што… ну, вы самі здагадаліся.

Збітыя з панталыку Акудовічавымі хітрыкамі, інтэлектуалы мусілі настроіцца на сур’ёзны лад. Філосаф Уладзімір Мацкевіч зазначыў, што Акудовіч – гэта чалавек, які адраджаў інтэлектуальную прастору Беларусі, чалавек, які «думае Беларусь».

«Спадзяемся, што ў будучай Беларусі будзе месца і для Акудовіча, якога няма», — дадаў Мацкевіч.

Падсумаваў жа даробак Акудовіча філосаф Аляксандр Грыцанаў: «Акудовіч — той масток, які злучае ХХ стагоддзе беларускага Адраджэння і стагоддзе наступнае, ХХІ-ае, падчас якога мы будзем шмат у якіх аспектах будаваць Беларусь з нуля».

* * *

Валянцін Акудовіч (нар. 1950 г., мястэчка Свіслач) — філосаф, эсэіст, літаратурны крытык. У 1991—1999 працаваў у штотыднёвіку «Культура» (рэдактар аддзела, першы намеснік галоўнага рэдактара). Затым (1999—2000) быў рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса «Крыніца», намеснікам рэдактара філасофскага часопіса «Фрагменты». Выкладчык «Беларускага калегіума».

Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007).

Чытаць яшчэ:

Эсэ «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру