Сёння празвініць для мяне апошні званок. Мая місія ў якасці «настаўніка рэлігіі» ў адным з ліцэяў Жэшава (Польшча) ідзе да завяршэння. І дзякуй Богу – хочацца сказаць.

У чым заключалася гэтая місія? Тэарэтычна – у тым, каб дапамагчы вучням паглыбіць рэлігійныя веды ды выхаваць у іх пачуццё адказнасці за Царкву і яе дзейнасць. Фактычна – у тым, каб падчас чарговага ўрока дамагчыся ад 40-асабовай аўдыторыі хвіліны ўвагі і крануцца прынамсі «паверхні» прадугледжанай тэмы.

Паглыбленне ведаў? Абмеркаванне праблем? Пошук нетыповых адказаў? Гэта занадта амбіцыёзныя спадзевы, з якімі паступова – урок па ўроку – мне прыходзілася расcтацца.

Першы маласуцешны сігнал я атрымаў ужо падчас першага ўроку. Пасля знаёмства з вучнямі і прэзентацыяй прыблізнага тэматычнага плану я раздаў для ананімнага запаўнення анкеты, пры дапамозе якіх хацеў даведацца пра папярэдні досвед вучняў, звязаны з рэлігійным навучаннем, і даць магчымасць ім выказаць спадзяванні-пажаданні на найбліжэйшы год.

Чым для цябе ёсць урок рэлігіі? «Нагодай для забавы», «Прыкрым абавязкам», «Магчымасцю паспаць», «Нічым»... Такія выказванні належаць меншасці, тым не менш, даволі значнай частцы – іх удзел вагаўся ад чвэрці да траціны ў залежнасці ад класаў.

Якія твае чаканні ад урокаў рэлігіі на гэты год? «Больш рэлаксу», «Каб гэты ўрок быў момантам адпачынку паміж іншымі ўрокамі», «Аніякіх чаканняў». Зноў жа – такога тыпу выказванні

належаць меншасці, але падчас далейшых заняткаў гэтая меншасць будзе даволі эфектыўна паралізаваць працу большасці.

Чарговы інфарматыўны сігнал з'явіўся напрыканцы першага семестра (у Польшчы школьны год падзелены на два семестры).

Пасля таго, як я выставіў адзнакі за тэст і творчае заданне, у некаторых вучняў пачалася... ну, можа, не істэрыка, але нешта блізкае да гэтага. Да хору галасоў вучняў далучыліся галасы бацькоў і нават настаўнікаў. Вы думаеце, з прычыны нездавальнаючых адзнак? Ды не, пра нездавальняючыя нават гаворкі не было! Тройкі і чацвёркі за «рэлігію» — вось што для многіх было праблемай!
(А заўважу, што ў польскіх школах нават «2» з'яўляецца станоўчай адзнакай.)

Вось тады я канчаткова зразумеў, чым ёсць прадмет «рэлігія» для многіх (праўдападобна, большасці) вучняў і іхніх бацькоў: магчымасцю без асаблівых намаганняў павысіць сярэдні бал.

Згадаю пра яшчэ адзін сігнал.

Літаральна некалькі дзён таму Польшча атрымала «напамін» ад Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу ў звязку з тым, што толькі ў 2% польскіх школаў існуе рэальная магчымасць выбару паміж «рэлігіяй» і «этыкай». У 98% школ «з прычыны адсутнасці ахвотных» выкладаецца толькі «рэлігія».

Можна, канечне ж, крытыкаваць пастановы і ідэйныя пасылкі Страсбургскага суда. Многія, пэўне, памятаюць пра контраверсійнае заключэнне гэтай інстытуцыі паўгода таму ў справе прысутнасці крыжоў у публічных установах Італіі.

Мабыць, ёсць прычыны падазраваць гэты Суд у тэндэнцыйнасці на карысць секулярызацыйных сілаў у еўрапейскіх грамадствах. Але нельга пры гэтым паддацца спрошчанаму (або лепш: сплюшчанаму) разумаванню: усё, што пастанаўляе Страгсбургскі суд у рэлігійных справах – гэта нішто іншае, як варожы наступ на Царкву і рэлігію.

У дадзеным выпадку я схільны паставіцца да рашэння Страсбургскага суда з разуменнем.

Справа ў тым, што поспех «рэлігіі» ў польскіх школах тлумачыцца не рэальнай зацікаўленасцю ёю дзяцей ды бацькоў і не высокім узроўнем яе навучання, а спалучэннем двух мала высакародных матываў: 1) добрая аказія здабыць у калекцыю адзнак дадатковую пяцёрку (бо большасць настаўнікаў «рэлігіі» шчодра ўзнагароджвае само наведванне заняткаў альбо бярэ пад увагу пазашкольную рэлігійную актыўнасць вучняў), а паколькі з 2007 года яна ўлічваецца пры вызначэнні сярэдняга бала, то гэта цалкам каштоўны здабытак;

2) страх перад санкцыямі з боку ксяндзоў і біскупаў, якія ненаведванне «рэлігіі» трактуюць амаль як адсупніцтва ад веры. Пытанне цяпер: ці ў такой сітуацыі «рэлігія» выйграе ці прайграе? І

ці не варта ўспрымаць заключэнне Еўрапейскага суда – незалежна ад яго матываў і пасылак – хутчэй як паслугу Царкве, чым як атаку на яе?

Працяг (на тэму перспектыў увядзення рэлігійнага прадмета ў школы Беларусі) будзе...

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру