19 чэрвеня ў Гродне прайшло паседжанне Рады незалежнага Саюза палякаў Беларусі. На ім вырашалася пытанне аб адстаўцы Анжалікі Борыс.

Анжаліка Борыс — першая злева, Анжаліка Арэхва — другая справа.

Анжаліка Борыс — першая злева, Анжаліка Арэхва — другая справа.

Кіраўнічка СПБ заявіла аб сваім намеры сысці з пасады 12 чэрвеня. Яе рашэнне было нечаканым для сяброў арганізацыі. Актывісты спадзяваліся пераканаць Борыс змяніць рашэнне. Аднак -- не ўдалося. Адстаўка Борыс была прынятая Радай арганізацыі. 19 чэрвеня на паседжанні Рады СПБ яна не прысутнічала.

Выбары выканаўцы абавязкаў старшыні праходзілі на альтэрнатыўнай аснове, аднак абсалютную большасць галасоў набрала Анжаліка Арэхва, якая дагэтуль адказвала ў СПБ за пытанні асветы.

«Рашэнне прапанаваць сваю кандыдатуру было складаным для мяне. Для ўсіх нас змена кіраўніка арганізацыі была вялікай нечаканасцю. Аднак я была павінна прыняць рашэнне удзельнічаць у выбарах. Хачу зазначыць, што СПБ надалей застанецца культурніцкай грамадскай арганізацыяй. Ніякіх зменаў не адбудзецца. Мы будзем старацца атрымаць легальны статус у Беларусі», — адзначыла Анжаліка Арэхва ў размове з карэспандэнтам «НН».

Згодна са Статутам Саюза палякаў, А.Арэхва будзе займаць пасаду в.а. старшыні на працягу двух з паловай гадоў, да наступных выбараў кіраўніка арганізацыі.

На сходзе Рады таксама было прынятае рашэнне надаць Анжаліцы Борыс статус ганаровага сябра арганізацыі і звярнуца да ўладаў Польшчы з прапановай уганараваць яе за заслугі перад Саюзам палякаў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?