Рэпліка моцная. Між іншым шырокай публіцы даюць зразумець, што, па-першае, беларускі кіраўнік — важная фігура ва ўсясьветным маштабе. А па-другое — што зрынуць цяперашні рэжым у імпэрыялістаў рукі кароткія. Таму й хочуць, чэрці лазатыя, спакусіць сваёй канвэрсоўнай валютай.

Але гэта між іншым.

Найперш жа пасланьне адрасаванае вэртыкалі, намэнклятуры, увогуле ўсім тым, хто так ці іначай будзе забясьпечваць вынікі прэзыдэнцкай кампаніі. Аж да самых дробных сошак, кшталту інтэрнацкіх камэндантаў ды вясковых брыгадзіраў, ад якіх будзе залежаць, напрыклад, яўка на датэрміновае галасаваньне.

Падначаленыя мусяць выразна ўсьвядоміць, што варыянтаў няма. Што трэба са скуры вылузнуцца дзеля перамогі цяперашняга кіраўніка. Бо яна ўсё адно непазьбежная. А потым непазьбежны і разбор палётаў. Крый божа, каб нехта са службоўцаў у вырашальны пэрыяд хіснуўся, схаваўся ў кусты! Ці, яшчэ горай, паспрабаваў ладзіць хаўрус з унутранымі або замежнымі ворагамі афіцыйнага лідэра.

Зрэшты, сам факт, што ўжываецца такая вось прафіляктыка нядобранадзейнасьці, дае падставы меркаваць: на самым версе ня цалкам упэўненыя ў адданасьці намэнклятуры. Дай волю чуткам, нібыта «бацька» рыхтуецца выйсьці з гульні — і пабягуць жа, пабягуць, як пацукі з карабля!

Наверсе не такія наіўныя, каб думаць, што цяперашняя ўлада трымаецца на нейкай ідэалёгіі. Найперш грамада скаваная страхам.

Чынавенства баіцца расплаты за «здраду». Нездарма ж узорна караюць менавіта тых, хто з гледзішча кіроўных вярхоў стаў перабежчыкам, — такіх, як Марыніч, Скрабец...

Зь іншага боку, усё более рэпрэсіўных пастак на палітычна актыўных грамадзянаў. Любы падумае сто разоў, а ці варта перціся на той Майдан, калі ёсьць рызыка вярнуцца гадкі гэтак праз два-тры.

Улада гіпнатызуе публіку мантрамі пра апрыёрную немагчымасьць рэвалюцыі ў беларускіх умовах. Цікава, што й незалежныя аналітыкі лічаць рэвалюцыйны сцэнар у нас пакуль што малаімаверным.

Разам з тым, вярхі, мусіць, пабойваюцца закалотаў. Бадай што болей, як уласнай прапагандзе, высокае начальства схільнае давяраць тут зьвесткам ушчэнт збэшчанай ім незалежнай сацыялёгіі. Згодна зь верасьнёўскім нацыянальным апытаньнем пад эгідай НІСЭПД, калі прэзыдэнцкія выбары будуць сфальшаваныя, то ў вулічных акцыях гатовыя ўдзельнічаць 15,5% рэспандэнтаў.

З аднаго боку, гэта толькі кожны шосты ці сёмы. Зь іншага боку, гэта цэлы мільён! У Тбілісі ды Кіеве лёс улады вырашылі фактычна некалькі дзясяткаў тысяч актывістаў.

Таму ў нас паралельна з прапагандысцкімі заклінаньнямі кіраўніцтва на ўсялякі пажарны ўзмацняе рэпрэсіўны арсэнал.

25 лістапада палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні шэраг заканадаўчых паправак, закліканых узмацніць адказнасьць «за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека ды грамадзкай бясьпекі».

Фармулёўка толькі на першы погляд абстрактна-гуманістычная. Прэзэнтуючы праект у Авальнай зале, кіраўнік КДБ Сухарэнка ня ўтойваў, а падкрэсьліваў, што папраўкі — акурат, так бы мовіць, ужытковага кшталту. Яны маюць на мэце прадухіліць паўтор грузінскага, украінскага ці кіргіскага сцэнароў.

Цэлая жменя юрыдычных навэляў ахоплівае розныя гіпатэтычныя праявы крамольнай актыўнасьці. Каб на кожнага патэнцыйнага бунтаўніка знайшоўся артыкул.

Апазыцыі даюць зразумець, што любы вулічны пратэст (і нават любы намёк на падрыхтоўку да яго) будзе душыцца бязьлітасна. Між тым незалежныя аналітыкі сьцвярджаюць, што ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму посьпех ягоным апанэнтам можа прынесьці толькі спалучэньне электаральных ды вулічных мэтадаў палітычнай барацьбы. Гэта называецца «абараніць перамогу».

На думку апазыцыйных лідэраў, іх цяпер заганяюць у заганнае кола. Ім навязваюць гульню з загадзя вядомым вынікам на таблё. Ён фактычна ўжо абвяшчаецца з трыбунаў.

Адмысловы ўзор нарматворчасьці — новы артыкул крымінальнага кодэксу «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі».

Палітычны кантэкст гэтай навэлі не пакідае сумневу, што зь Беларусьсю атаясамліваецца кан-крэтная кіроўная каманда. «Дзяржава — гэта я».

Раней пытаньне, хто болей дыскрэдытуе краіну, ляжала ў плашчыні палітычнай палемікі. Ва ўсялякім разе, апазыцыя мае на гэты конт сваё меркаваньне. Але зараз фігуральны камень у гарод кіроўных вярхоў можа вярнуцца бумэрангам крымінальнай адказнасьці.

Анатоль Лябедзька днямі, сканчаючы выступ на міжнародным форуме, саркастычна рэзюмаваў, што нагаварыў, бадай, на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Сапраўды, пытаньне крытыкі ўлады са сфэры палітычнае дыскусіі ўсё болей пераводзіцца ў галіну карнага права. Маўляў, будзеце на нас вякаць (і тым болей скардзіцца замежнікам) — наракайце на сябе!

Невядомыя адмыслоўцы карпатліва заточваюць пад выбары арсэнал рэпрэсіўнага заканадаўства. Калі б гэтак мэтадычна ўлада ўдасканальвала выбарчы кодэкс у напрамку дэмакратызацыі — Эўропа даўно пляскала б у ладкі. Але ў нас працэс ідзе акурат у адваротны бок.

Пасьпешлівасьць, зь якою пракручваюцца праз парлямэнт тыя папраўкі, прымушае задумацца, ці ўлада сапраўды маецца правесьці выбары ўвесну, каб апазыцыя не пасьпела разгарнуць сваю кампанію. Зрэшты, вэрсія выглядае ўсё ж даволі хістка. Дзейнаму кіраўніцтву хочацца перамагчы «элегантна» — і што да лічбаў, і што да тэрмінаў, і што да нэўтралізацыі апазыцыйнай актыўнасьці ў самым зародку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?