Эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Отынгер у тэлефоннай размове зь міністрам энэргетыкі Расеі Сяргеем Шматко і першым віцэ‑прэм’ерам беларускага ўраду Ўладзімерам Сямашкам заявіў, што Эўропа не павінна стаць закладніцай газавага канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю.

«Мы патрабуем ад абодвух бакоў добрасумленна супрацоўнічаць, каб вырашыць праблему. Эўракамісія чакае, што газавыя патокі з Расеі ў Эўразьвяз ў кірунку кожнай з зацікаўленых дзяржаваў не пацярпяць і кантрактныя абавязаньні будуць выкананыя», — заявіў Отынгер.

Тым часам стала вядома, што Беларусь шукае альтэрнатыўныя шляхі паставак паліва. У Вільні адбыліся перамовы прадстаўнікоў міністэрстваў энэргетыкі Літвы і Беларусі, вынікам якіх стала прынцыповая згода літоўскага боку сумеснага выкарыстаньня тэрміналу звадкаванага газу, які цяпер будуецца. «Мы гатовыя дапамагчы, улічваючы інтарэсы Беларусі», — сказаў міністар энэргетыкі Літвы Арвідас Секмокас.

Міждзяржаўныя кансультацыі неўзабаве будуць працягнутыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?