Заробку за месяц хопіць толькі на наём кватэры, квартплату, аплату мабільнага тэлефона і пару булак хлеба. Піша маладая мама, жонка доктара.

Зваць мяне Вольга. Я педагог‑філолаг па адукацыі, нарадзілася і вырасла ў Мінску. Сваёй працай я задаволеная — займаюся рэдактурай, у асноўным праца дома і праз інтэрнэт.

Два гады таму я выйшла замуж за выпускніка Медыцынскага ўніверсітэта, таксама мінчука, і ў хуткім часе, пасля ягонай стажыроўкі, нібыта жонка дзекабрыста, паехала за ім у раённы цэнтр Мінскай вобласці, куды ён быў накіраваны па размеркаванні, для працы ў цэнтральнай раённай бальніцы, аддаць доўг радзіме.

Тое, што мы тут як людзі нікому не патрэбныя, стала зразумела адразу па прыездзе:

у маім мужу мелі патрэбу толькі як у фізічнай асобе, здольнай закрыць кадравую дзірку. Максімум, што нам змаглі прапанаваць (сказаўшы, што нам вельмі пашанцавала), — гэта пакой у інтэрнаце.

Мы не сталі спрачацца і паехалі на ўскраіну горада паглядзець на прапанаванае нам жытло. Мы ўбачылі абсалютна жахлівага выгляду барак з аблупленымі сценамі і дзе‑нідзе закрытымі цэлафанам вокнамі. Муж хацеў адразу развярнуцца і бегчы адтуль, але я ўпэўніла яго зайсці. І хутка пра гэта пашкадавала. Праз паўгадзіны пошукаў каменданта да нас выйшаў паўп’яны чалавек няпэўнага полу з барвова‑сінюшным колерам твару (аказалася, што гэта ўсё ж жанчына). Яна прамычала, што вольных месцаў пакуль няма, але хутка мусяць з’явіцца.

Мы падняліся на другі паверх. Пах у калідоры стаяў такі агідны, што мяне пачало нудзіць.

Але найгоршае чакала наперадзе. Аказалася, што на дзесяць пакояў прыбіральня — адна.

Такой страшнай прыбіральні я не сустракала ніколі ў жыцці. На ўвесь паверх функцыянавала адна ванна, але з‑за рудавата‑чорнага налёту яе эмаль увогуле не праглядалася. Я сказала мужу: «Тваё размеркаванне — гэта горш, чым турма ці Сібір…»

У выніку мы былі вымушаныя зняць кватэру.

На пытанне да адміністрацыі бальніцы пра магчымую кампенсацыю найму жылля нам спачатку адказалі, што такога расходнага артыкула ў бюджэце няма, але хутка пачалі плаціць па адной базавай велічыні — 35 тысяч рублёў. Колькі квадратных метраў яны кампенсуюць?!

Муж пачаў выконваць свой абавязак у бальніцы. Праўду кажучы, ён марыў быць доктарам усё жыццё і рабіў для гэтага ўсё магчымае: школа з медалём, 6 гадоў неймаверна цяжкага навучання ва ўніверсітэце, потым — сёмы год стажыроўкі, незлічоная колькасць экзаменаў, залікаў, клятва Гіпакрата… І вось ён — ДОКТАР! Так — з вельмі напружанай працай, так — з вялізнай адказнасцю за жыццё людзей, так — з высокімі патрабаваннямі да ўласнага фізічнага і маральнага аблічча, так — з цэлым шэрагам абмежаванняў для сябе асабіста. Але затое — любімая справа.

Ён з галавой сышоў у працу, а вечарамі з захапленнем расказваў, як яму падабаецца лекаваць… Але аднойчы ён прыйшоў нейкі паніклы і разгублены. Я падумала, непрыемнасці на працы, складаны хворы.

Але ён з нейкім пачуццём сораму і выбачэння падаў мне свой першы разліковы лісток. 515 тысяч! У яго былі слёзы на вачах. Упершыню ў жыцці.

Ён чакаў гэтага моманту — моманту, калі ён будзе здольны самастойна забяспечваць сябе і сваю сям’ю, — сем гадоў. А цяпер разумеў, што ягонага заробку за месяц хопіць толькі на наём кватэры, квартплату, аплату мабільнага тэлефона і пару булак хлеба.

Цяпер у яго пачалося іншае жыццё — ужо не было таго захаплення сваёй працай, таго гарачага энтузіязму, з якім ён ішоў у бальніцу кожны дзень. Ён зразумеў, што ў нашай дзяржаве быць доктарам — гэта выракаць сябе і сваю сям’ю на жабрацтва. Высакароднае жабрацтва.

Калі я даведалася, што чакаю дзіця, я не ведала, як яму пра гэта сказаць, каб не забіць канчаткова. Але хутка прыйшла палёгка — ён быў шчаслівы ад гэтай навіны. Адразу збег і вярнуўся толькі праз гадзіну з сумкай розных далікатэсаў і букетам гваздзікоў. Цяпер праслязілася я. Я ведала, што да яго заробку яшчэ 5 дзён, што грошай у яго амаль не засталося. Але ён вельмі хацеў, каб гэты дзень быў для нас асаблівым. І, як я высветліла пазней, пазычыў грошай у суседа, мясцовага таксіста.

Разумеючы, што ў хуткім часе яму давядзецца забяспечваць яшчэ і дзіця, ён узяў дадатковую падпрацоўку, дадатковыя начныя дзяжурствы. Двое яго калегаў, папярэдняга выпуску, звольніліся адразу пасля заканчэння высылкі — адзін пераехаў у Расію, другі перайшоў у фармацэўтычную фірму. Апроч мужа, у аддзяленні застаўся толькі загадчык, якому 64 гады.

Цяпер я бачыла мужа толькі зрэдку і мімаходам, заўсёды без сілаў, з вялікім цяжарам стомы. Ён фактычна жыў у бальніцы.

Мне здавалася, што вось цяпер ён атрымае вар’яцкую суму грошай і будзе задаволены. Выніковая сума ў разліковым лістку была такая: 968 тысяч. Ягоная стома змянілася дэпрэсіяй. Я сышла ў дэкрэтны адпачынак, цяпер не працую. І з жахам назіраю, як у нашай краіне забіваюць усялякае жаданне жыць у ёй і працаваць на карысць людзей.

Калі мой муж скончыў універсітэт, яму далі невялікую кніжку, дзе было напісана пра яго правы як маладога спецыяліста. Праз месяц пасля пачатку працы і «рэалізацыі» гэтых «правоў» мы выкінулі яе ў сметніцу — туды ж, куды ў нашай дзяржаве выкідаюць дактароў.

Хутка нашая высылка скончыцца. Мы, безумоўна, з’едзем. Як з’едуць і ўсе наступныя выпускнікі. Бо ТАК жыць чалавеку нельга.

Увесь гэты час мяне хвалявала адно пытанне. Чаму нічога не робяць у нас тыя дзяржаўныя і грамадскія інстытуцыі (міністэрствы, прафсаюзы), якія абавязаныя гэта рабіць? Няўжо яны не ведаюць пра сітуацыю? Адказ быў відавочны: ведаюць, але нічога не робяць, бо іх партфелі ім даражэйшыя за будучыню нашай краіны і медыцыны.

Ці ж такія людзі могуць штосьці для нас зрабіць?

Вольга Іванова,адрас у Рэдакцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0