У прэс‑службе прэзідэнта Беларусі пацвярджаюць намер Аляксандра Лукашэнкі ўзяць удзел у саміце ЕўрАзЭС 4—5 ліпеня ў Астане.

«Візіт плануецца», — сказаў БелаПАН кіраўнік прэс‑службы беларускага прэзідэнта Павел Лёгкі.

Як паведамлялася раней, 4—5 ліпеня ў Астане пройдзе саміт Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС), у рамках якога плануецца завяршыць фарміраванне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

Рашэнне аб фарміраванні Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі было прынята ў лістападзе 2009 года ў Мінску прэзідэнтамі трох краін. Расія і Казахстан ратыфікавалі Мытны кодэкс МС. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 30 чэрвеня кодэкс ратыфікаваў і беларускі парламент, аднак гэта было зроблена на закрытым пасяджэнні. Афіцыйна гэтыя звесткі не пацвярджаюцца, але і не аспрэчваюцца.

Свой удзел у МС Мінск увязвае з адменай Расіяй пошліны на ўвазныя ў Беларусь нафтапрадукты. Як заявіў журналістам 30 чэрвеня першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка, калі Расія адменіць пошліны на нафтапрадукты, Беларусь гатова «сёння ж» падпісаць пагадненне аб Мытным кодэксе. «Калі няма, то ў нас ёсць рэзервы, пачакаем, — дадаў ён. — 4—5 ліпеня вы атрымаеце адказы на ўсе свае пытанні».

Гэтымі днямі ў Астане павінны прайсці пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС і вышэйшага органа МС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?