Усё пачалося, як і мае быць, з першай асобы. У нашым выпадку — з прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

— Усё, не магу болей трываць! — сказаў ён раніцай за снеданнем і кінуў відэлец на талерку.

Лёкай, які прыслужываў яму за сталом, падумаў, што Лукашэнка мае на ўвазе яго, і закалаціўся як асінавы ліст ад страху страціць самае выгаднае ў краіне лёкайскае месца. Дрыготкім ад роспачы голасам ён асмеліўся запытацца, што не так.

— Ды пры чым тут ты! — адмахнуўся Лукашэнка і, ускочыўшы, пабег са сваёй сталовай у адзін з кабінетаў, каб званіць у Адміністрацыю.

— Алё, Макей? — крыкнуў ён у трубку спецсувязі.

— Слухаю Вас, Аляксандр Рыгоравіч, — адазвалася трубка.

Галоўны памочнік быў на працы, нягле¬дзячы на ранні час.

— Вось што, Валодзя, тэрмінова збірай журналістаў, буду даваць прэс-канферэнцыю.

— А што так, Аляксандр Рыгоравіч, знянацку? На якую тэму? — насцярожыўся Макей.

— Ды няма больш сілы трываць, — прызнаўся Лукашэнка. — Колькі можна хлусіць? Трэба нарэшце сказаць усю праўду!

— Даўно пара, — выдыхнуўшы з палёгкай, падтрымаў Лукашэнку Макей.

Такім чынам, на адзінаццатую ранку таго самага панядзелка была аб’яўленая тая самая знакамітая, пасля вядомая ўсяму свету пад назвай «Голая праўда», прэс-канферэнцыя.

Зала для прэс-канферэнцый гула, а ў буфеце на першым паверсе быў выпіты тыднёвы запас каньяку і гарэлкі, так што буфетчыку прыйшлося адкаркоўваць бутэлькі з чырвоным віном па сто і болей даляраў.

— А вы не ведаеце, што здарылася? Чаго такая спешка? — напаўголаса пыталіся адзін у аднаго паднятыя як па трывозе рэдактары дзяржаўных газет.

Без адной хвіліны адзінаццаць увайшоў белы як труп Макей і дрыготкім ад хвалявання голасам сказаў:

— Панове, прашу цішыні. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

«Няўжо аб’явіць пра адстаўку?!» — ахнула пра сябе зала. Але ў адстаўку Аляксандр Рыгоравіч не збіраўся: наадварот…

— Таварышы, сябры, паплечнікі, — пачаў ён. — Я ўжо, як вы ведаеце, шаснаццаць год ся¬джу ў прэзідэнтах. Народ мне давярае і хоча бачыць мяне на гэтай пасадзе ўсё астатняе жыццё. Але час не стаіць на месцы. Я прыйшоў да высновы, што нам трэба канчаць з хлуснёю, якая апанавала нашу краіну як спрут і пачаць гаварыць праўду, якая б горкая яна ні была. Я вырашыў пачаць з сябе…

Тут Лукашэнка спыніўся і цяжка ўздыхнуў:

— Дык вось, таварышы, па-першае, усё гэта трызненне сівой кабылы, што ў прэзідэнты ідуць дзеля нейкага там народа. Пляваць мы, прэзідэнты, на народ хацелі! Вось узяць мяне. Ды каб я пра народ думаў, хіба зрабіў бы з яго бяспраўнае, бязмоўнае быдла? Не-е! — выставіўшы руку, памахаў ён пальцам перад залай. — А сам хіба жыў бы ў палацы ў Драздах як турэцкі султан, хоць, як халасцяку, хапіла б і двухпакаёвай кватэры? Ды не, куды там да мяне турэцкім султанам, — летуценна ўсміхнуўся ён. — У мяне ў асабістай ахове людзей больш, чым у любога з іх янычараў было, і гарэм мог бы быць не меншы. Я ўжо не кажу пра «Мерсэдэсы», «Боінг», лыжы і іншы спортінвентар... А гэта ж усё замест лекаў для хворых, інвалідных калясак для калек, ежы для дзяцей, пенсій для старых, новых рабочых месцаў... Але што тут казаць! — скрывіўся ён, і затым зноў махнуўшы рукой, усклікнуў. — Эх, вы і самі ўсё добра ведаеце! — сеў і прысаромлена апусціў галаву.

— Ведаем! — ускочыў Макей, які сядзеў увесь час як на іголках. — Ведаем, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, бо самі не лепшыя. Свайго сына, старэйшага, ад першай жонкі, я не паслаў пасля інстытута на работу ў Хойнікі і Брагін, а простым ходам у Швейцарыю.

Тым часам па краіне ўсе заводы, фабрыкі, будоўлі спынілі працу. Людзі сядзелі ў чырвона-зялёных кутках, вырачыўшыся перад тэлевізарамі.

Слова ўзяў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі.

— Таварышы! — не сваім голасам закрычаў ён, увесь калоцячыся, як кавалак жэле на талерцы. — Я ўчора з’еў за адзін прысест тры колцы пальцам пханых кілбас, пасмажаных у свіных скварках. (Гэтую нашу беларускую вясковую страву я люблю больш за ўсё на свеце.) І гэта ў той час, калі многія дзеці проста галадаюць. Я абабраў дзяцей! — ускрыкнуў ён і заплакаў па галодных дзецях як бабёр, слязьмі вялічынёю з арэх.

— А я, — выступіла Лілія Ананіч, якая не захацела адрывацца ад начальства, — дала ўчора папярэджанне газеце «Народная воля» на роўным месцы. Гэта мне загадала зрабіць Пяткевіч. Ды хай яна сама скажа, было такое ці не.

— Што было, тое было, — адразу прызналася Пяткевіч. — Але я не бачыла іншага выйсця, бо адчувала, што газета дапякла Вам, Аляксандр Рыгоравіч. Ды вось Сева Янчэўскі не дасць схлусіць.

— Гэта не я, гэта мне старшыня Рады бяспекі па тэлефоне загадаў! — пачырванеў Сева. — Загадаў, каб з «Народнай воляй» і іншымі такімі газетамі мы болей не цацкаліся. А я нічога яму запярэчыць не мог, бо чалавек бязвольны, вы самі разумееце.

Усё гэта транслявалася ў жывым эфіры на ўсіх пяці тэлеканалах, а таксама па радыёкропцы. І ўсе «Навіны» і «Панарамы» пачыналіся з прэс-канферэнцыі. Народ з цяжкасцю даваў веры вачам і вушам. Сёй-той нават быў упэўнены, што гэта ўсё інтрыгі апазіцыі, якая захапіла ў Мінску тэлебачанне і радыё і, узяўшы ў закладнікі акцёраў тэатра «Хрыстафор», зрабіла інсцэніроўку. А сам Лукашэнка з сынамі ў свайго сябра Уга Чавеса пад Каракасам на віле, Праляскоўскі — у любай яго сэрцу Маскве, а Макей — на Жэнеўскім возеры… Наглядзеўшыся тэлевізара, краіна не спала ўсю ноч.

А на другі дзень «Советская Белоруссия» выйшла накладам у мільён. Асобнікі раздавалі на вуліцы бясплатна міліцыянты і сябры БРСМ. Аўтарам рэдакцыйнага артыкула пад назвай «Краіна, дзе не хочацца ні жыць, ні працаваць», быў сам Павал Якубовіч, які не стаў хавацца пад сваім звычайным псеўданімам Суперазотаў ці як там яшчэ. «Жыць так далей і працаваць няма ніякай магчымасці, — пісаў ён. — Забіты, затурканы, спіты да апошняй рыскі народ просіць паратунку і патрабуе перамен. Далей, але пад тым жа кіраўніцтвам, бо коней на пераправе не мяняюць, мы пойдзем іншым шляхам, устанем як адзін з каленяў, адарвем пысы ад рыльцаў бутэлек і шырока пакрочым у светлае заўтра. Больш няма месца абрыдлівай страшнай хлусні, а ёсць толькі голая, як сляза ці пяршак, праўда…»

— Няма больш сілы трываць, — прызнаўся Лукашэнка. — Колькі можна хлусіць? Трэба нарэшце сказаць усю праўду!

Праз гадзіну пасля таго, як «Советская Белоруссия» разышлася да апошняга асобніка, па тэлебачанні выступіў прэм’ер-міністр Сідорскі. Ён пакаяўся за тое, што апошнія гады ніхто з чальцоў яго ўрада не праяўляў ініцыятывы, а толькі выконвалі распараджэнні з Адміністрацыі ці стараліся жаданні Адміністрацыі прадугадаць. Што сядзелі на таннай расійскай нафце ды выводзілі статыстыку.

— Прыйшоў час, — сказаў ён, — падумаць пра шматпакутны беларускі народ, пра новыя заводы і фабрыкі, чалавечыя, у сэнсе велічыні, пенсіі і стыпендыі, пра дапамогу дзецям, інвалідам і нармальныя, якія лечаць, а не барысаўскія лекі.

Сідорскага змяніў старшыня палаты прадстаўнікоў Андрэйчанка, які, унурыўшы галаву ў паперу, зрабіў афіцыйную заяву. Што ніякі ён не народны прадстаўнік, а ўзурпатар, бо сапраўдных выбараў не было, а была прафанацыя. І хто перамог насамрэч — ён, Андрэйчанка, ці сябар БНФ, які балатаваўся ў дэпутаты ў той самай акрузе, — трэба пытацца ў Ярмошынай з Лазавіком.

— Ды адкуль я магу ведаць, хто з вас перамог! — завялася Ярмошына, і яе хрыплаваты, хіба пракураны голас завібраваў. — Апошнія, як, дарэчы, і першыя, выбары ў нашай краіне былі ў 1994 годзе. А хто і каго выбіраў пасля гэтага — мне невядома. Усе прозвішчы пераможцаў нам прадказвалі ў Адміністрацыі прэзідэнта. Там пытайцеся.

— Ага, — склаў на грудзях ручкі, як перадпенсійны херувім, паглядаючы з неба на зямлю, Лазавік. —Я як сакратар ЦВК магу гэта засведчыць.

Ад усёй праўды, што абрынулася на галовы людзей у чэрвені, можна было з’ехаць з глузду. Многія так і зрабілі. Санітары ледзь паспявалі на выклікі, у псіхдыспансерах не засталося ніводнага вольнага месца ў палатах, былі застаўленыя ложкамі ўсе калідоры і лесвічныя пляцоўкі. І калі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і бальшыня прадпрымальнікаў убачылі ў праўдзе святло ў канцы бясконцага тунэля, шмат хто з так званых простых людзей бліжэй да вечара пачынаў незадаволена круціць носам.

— Не падабаецца мне гэтая праўда. Не падабаецца, — сказаў жонцы Толік Папроцкі, рабочы будаўнічай фірмы, прывалокшыся з працы дахаты. І выпіў.

— А што такое? — запыталася жонка, завіхаючыся ля газавай пліты.

— Як што?! — выцер сухім парэпаным кулаком вусы Віця. — Учора тры мяшкі цэменту з хлопцамі заныкалі, каб налева пусціць, мяшок польскай тынкоўкі і пару клеявога раствора, а тут на табе — праўда! А на храна нам гэтая праўда?

— Ды і ў нас… — згадзілася жонка. — Што ж мы есці будзем, калі я сумленна працаваць пачну, калі нікога не абважваць? На трыста тысяч іхнія качацца?

— Так, так, — згадзіўся Толік, бо і яму жыццё без скваркі не здавалася зайздросным. Як, дарэчы, і яго дачцэ-настаўніцы.

— У нас цяпер выкладанне ўсіх прадметаў будзе выклюна на беларускай мове, — ледзь стрымліваючыся, каб не раскрычацца, як на ўроку перад дзецьмі, сказала яна. І дадала: «В жопе я видела их белорусский язык».

Але апошняй кропляй стала выступленне па тэлевізары мітрапаліта Філарэта.

— Браты і сёстры! Не верце вы нам, папам, калі мы кажам, што нешта ведаем пра Бога. Бо служым мы выключна Вялікай Расійскай імперыі, каб смачна есці і піць, салодка і доўга спаць. Вось, браты і сёстры, самая што ні ёсць сапраўдная, шчырая праўда.

— А божачкі! — вырачыўшы вочы на тэлевізар, склала рукі старая баба Папроцкіх. — А як жа мне далей жыць, на што спадзявацца?

І плюнула на тэлевізар:

— Цьху на цябе, ірад пракляты! Не трэба мне тваёй праўды!..

Зранку падняўся амаль увесь народ. У прамым і пераносным сэнсе: устаўшы з ложкаў, так-сяк апаласнуўшыся і паснедаўшы на хуткую руку, людзі выйшлі з пратэстам на вуліцы, пад саматужнымі чырвона-зялёнымі сцягамі і транспарантамі: «Не — «праўдзе!» , «Далоў прэзідэнта-здрадніка і яго памагатых!»,«Няхай жыве хлусня!»

— Ну, вось бачыце, таварышы, — кісла ўсміхнуўся Лукашэнка найбліжэйшым паплечнікам, стоячы ля акна ў сваім кабінеце на Карла Маркса, 38. — Не дарос наш народ да праўды, не трэба яна яму.

А пасля, цяжка ўздыхнуўшы — маўляў, не хочацца, але нічога не паробіш, такі ўжо мусіць лёс, — закамандаваў:

— Падымайце АМАП і ганіце ў стойла. Пагулялі, хопіць!

Гродна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?