У канцы мая на старонках «Звязды» было надрукавана журналісцкае расследаванне Яўгена Валошына «Чаму дзеці гінуць на занятках па фізвыхаванні?» (28 і 29 мая 2010 года). У матэрыяле распавядалася пра трагедыі, якія здарыліся з чатырма хлопцамі ў мінулым навучальным годзе.

Спачатку ўвосень падчас прабежкі загінуў студэнт Мінскага інстытута кіравання Міша Зырко. У канцы красавіка пасля стометроўкі раптоўна спынілася сэрца ў нядаўна прызванага салдата Вадзіма Непачаловіча. Праз пяць дзён, трэцяга мая, падчас прабежкі загінуў 18-гадовы Глеб Пашкевіч, студэнт Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. У гэты ж дзень трагедыя здарылася ў Івацэвічах — пасля стометроўкі сэрца спынілася ў 16-гадовага Пашы Строчкі — лепшага спартоўца мясцовага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Высветлілася, што за паўгода да трагедыі Паша перанёс… інфаркт.

Чаму дайшло да трагедый? Чаму ў дзяцей здараліся раптоўныя спыненні сэрцаў? Ці магчыма было папярэдзіць гэтыя здарэнні?

Рыхтуючы матэрыялы, журналіст «Звязды» прыйшоў да наступных высноў: у выпадках былі праведзены несумленныя медагляды, у некаторых машынах «хуткай» не было належнага рэанімацыйнага абсталявання — дэфібрылятараў. Далёка не ўсе выкладчыкі фізкультуры маюць да дзяцей прафесійны падыход, і некаторыя бацькі не заўсёды належным чынам клапоцяцца пра здароўе дзяцей, адсочваюць іх фізічны стан.

Але ж ігнараваць фізкультуру — гэта не інакш як павольнае самазабойства…

На матэрыялы пра смерці дзяцей адгукнуліся дзясяткі чытачоў. Пісалі меркаванні ў інтэрнэце, тэлефанавалі. Друкуем некалькі цікавых водгукаў з сайта zvіаzdа.bу.

u4shka: Так, лічбы, вядома, страшныя. Чытаеш артыкул і задаеш сабе пытанне: хто вінаваты і што рабіць? Можна вінаваціць урачоў, якія падчас планавага медагляду толькі са слоў пішуць «Здаровы»; настаўнікаў, якія не дапамаглі ў лёсавызначальны момант; урачоў з «хуткай»… Але мы і самі павінны пра сябе клапаціцца, ніхто апроч нас не дапаможа сабе і сваім дзецям.

SoSed 777: Шкада хлопцаў!!! Крыўдна, калі такія маладыя пакідаюць гэты свет. Вадзіма ведаў з васьмі гадоў… Разам гулялі, у адну школу хадзілі, каталіся на машынах, а зараз…

Ага: Два з паловай гады таму ў маёй сяброўкі раптоўна памёр сын, 17 гадоў, на трэніроўцы па барацьбе. Знешне быў здаровы і дужы хлопец. Высокі. Секцыю наведваў для свайго задавальнення. Па словах трэнера і сяброў, падчас размінкі паваліўся, пасінеў і памёр. Медсястра спрабавала рабіць штучнае дыханне, «хуткая» прыехала. Не выратавалі. Сяброўка не стала нікуды звяртацца. Навошта, сына не вернеш.

Alenіk: А калі б вы паглядзелі, як часам настаўнікаў фізкультуры рыхтуюць, асабліва завочнікаў. Якімі «спецыялістамі» іх выпускаюць, то яшчэ больш страшна робіцца. Сама скончыла, таму ведаю.

Дмитрий: Аlenіk, калі ты скончыла свой універсітэт-то і мяркуй пра сваіх выпускнікоў. Калі не навучалася ў медуніверсітэце — урачоў не судзі.

Калі ва ўрачоў не было дэфібрылятараў — гэта пытанне не да «хуткай», а да чыноўнікаў. Яны прыгожа гавораць, паказваюць, але ўсё гэта мізэр. Дзірак вельмі шмат, і залапіць іх не хапае сродкаў. Крыўдна за простых урачоў. Калі што дрэнна — вінаваты. Калі што добра — хваляць кіраўнікоў.

Міністэрства адукацыі: «Настаўнікаў фізкультуры трэба рыхтаваць, як касманаўтаў»

Ці будуць зроблены важныя крокі для таго, каб прадухіліць выпадкі смерцяў на занятках па фізвыхаванні?

Загадчыца сектара фізкультурна-аздараўляльнай работы ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі Валянціна БАЛЯБА расказала пра тое, што існуе цэлая стратэгія на будучыню — як зрабіць заняткі бяспечнымі і пры гэтым заахвоціць вучняў займацца спортам.

1. Падрыхтоўка спецыялістаў

— У Беларусі — 11 ВНУ, дзе рыхтуюць будучых настаўнікаў фізкультуры. І я лічу, саспела неабходнасць пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці праводзіць псіхалагічны адбор абітурыентаў. Падрыхтоўка будучых настаўнікаў фізкультуры павінна быць не менш сур’ёзнай, чым падрыхтоўка касманаўтаў, — лічыць Валянціна Віктараўна. — Настаўнік фізкультуры павінен быць чулым, уважлівым. Часам толькі па знешнім выглядзе вучня ён павінен вызначыць — добра ці дрэнна дзіця сябе адчувае. А для гэтага настаўнік павінен валодаць медыка-біялагічнымі асновамі, добра ведаць фізіялогію і псіхалогію.

Любыя памылковыя дзеянні могуць прывесці да фатальных наступстваў: няправільна падабранае практыкаванне, ігнараванне мераў бяспекі.

Колькі гадоў таму ў адной з беларускіх школ вучні кідалі «гранату». Побач гулялі дзеці з суседняга дома. Меры бяспекі не былі арганізаваны належным чынам. У выніку «граната» трапіла ў галаву адной дзяўчынцы, рабілі трэпанацыю чэрапа. Падобнае — недапушчальна.

2. Не менш за два настаўнікі фізкультуры на клас

— У нас усеагульная фізкультурная адукацыя цягам усяго навучання ў школе, прадмет абавязковы, і гэта пра многае сведчыць. Але не заўсёды настаўнік мае належную спартовую залу і дастатковую колькасць інвентара, — працягвае Валянціна Віктараўна. — Гэта не адзіная праблема, з якой сутыкаюцца спецыялісты. У нас каля 3000 агульнаадукацыйных школаў, усе яны ўкамплектаваныя педагагічнымі кадрамі. Але часта толькі аднаму настаўніку даводзіцца займацца з цэлым класам. На ўроку, скажам, 30 чалавек. Асноўную групу здароўя з іх маюць дзесяць, падрыхтоўчую — пяць, спецыяльную медыцынскую групу — яшчэ пяць дзяцей. А астатнія ўвогуле павінны наведваць лячэбную фізкультуру, але знаходзяцца на занятках, таму што настаўнік фізкультуры нясе за іх адказнасць. Уявіце, якая на спецыяліста кладзецца нагрузка. Як у такіх умовах забяспечыць індывідуальны падыход? Наша задача на будучыню — на адзін клас неабходна выдзяляць не менш за два настаўнікі па фізвыхаванні.

3. Змены ў навучальнай праграме

— Мы павялічылі час на гульнявыя віды, а 

некаторыя траўманебяспечныя дысцыпліны з праграмы прыбралі. Напрыклад, снарадную гімнастыку.

У новых навучальных праграмах прадугледжана навучыць дзяцей самакантролю, каб яны маглі ацэньваць уласнае самаадчуванне. Бацькам мы раім таксама звяртаць увагу на некаторыя сітуацыі. Напрыклад, калі дзіця прыйшло дадому сумнае ці знаходзіцца ў нейкім незвычайным стане.

4. Задача фізкультуры — зняць стрэс

— Заняткі па фізвыхаванні павінны спрыяць добраму настрою цягам навучальнага дня, здымаць негатыўныя стрэсавыя сітуацыі, — тлумачыць Валянціна Баляба сэнс сваёй дысцыпліны. — Здараецца, дзіця не можа выконваць нейкія тэсты. Навучальная праграма, якая ў якасці эксперыменту пачне дзейнічаць з наступнага навучальнага года, дазваляе вучню замяніць любы тэст альтэрнатыўным варыянтам.

Задача ўрокаў фізкультуры — каб чалавек перанёс любоў да руху і актыўнасці са школы ў жыццё. Не сядзеў днямі ля камп’ютара, а ў вольны час пайшоў у паход, пагуляў у баскетбол і гэтак далей.

5. Іншы падыход да медыцынскіх аглядаў

— Выпадкі смерцяў паказваюць, што саспела неабходнасць не проста праводзіць стандартны медагляд, але і выяўляць, як уплывае на арганізм дзіцяці так званая дазаваная нагрузка па вызначэнні функцыянальнага стану арганізма (гэта работа сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, мышачнай сістэмаў арганізма падчас рухальнай нагрузкі і г.д.). Смяротныя выпадкі здараліся ў тым ліку і падчас здачы стометровак, калі арганізм атрымліваў рэзкую нагрузку, — аналізуе Валянціна Віктараўна. — Можа быць, абследаваць вучня варта пасля таго, як ён выканае нейкія практыкаванні, напрыклад, зробіць прысяданні ці пакруціць веласіпед. Гэта пытанне мы будзем абмяркоўваць са спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя на сумеснай калегіі ў ліпені.

Погляд

Педагог Анатоль Ліс: «Здараецца, дзяцей не можам выцягнуць са спартовай залы»

Спецыялісты папярэджваюць, што поўнае ігнараванне фізкультуры — гэта небяспечны шлях. Каб арганізм быў падрыхтаваны да стрэсаў, павінна быць адпаведная нагрузка. Нездарма ў ЗША і Заходняй Еўропе фізкультурных нігілістаў папросту не бяруць працаваць на прэстыжныя пасады. Але беларусы пакуль далёкія ад разумення важнасці аздараўляльнага спорту.

Педагог Анатоль Ліс ведае, як заахвоціць чалавека да здаровага ладу жыцця. З кім толькі ні займаецца гэты трэнер. У мінскім клубе байцоўскіх адзінаборстваў «Патрыёт» ставіць тэхніку боксу чэмпіёнам свету па муай-тай, выкладае фізвыхаванне ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, індывідуальна займаецца з зоркамі эстрады, акторамі, бізнэсоўцамі. Кажуць, нават горкія выпівохі, трэніруючыся ў Ліса, рабіліся іншымі людзьмі.

Цікавімся ў педагога, як яму ўдаецца знайсці падыход да такіх розных асобаў?

— Галоўная задача настаўніка фізкультуры, трэнера — настолькі зацікавіць вучня, каб гэтая дысцыпліна стала для яго ўлюбёным прадметам, — тлумачыць Анатоль Іванавіч. Чалавек робіцца больш упэўненым у сваіх сілах, павялічваецца хуткасць яго рэакцыі, рашэнні ён прымае хутчэй, пры гэтым адчувае сябе больш спакойна.

— Чаму далёка не ўсе дзеці ахвотна наведваюць заняткі?

— Найчасцей бывае, што вучні камплексуюць, баяцца ісці на ўрок, таму што не могуць падцягнуцца, прабегчы і гэтак далей. Якое выйсце з сітуацыі? Скласці для такіх дзяцей асобную праграму і кантраляваць яе выкананне. Па такім прынцыпе працуюць сучасныя фітнэс-клубы. Летась на заняткі ва ўніверсітэт прыйшоў вельмі сарамлівы першакурснік, маці яго выхоўвала. Не мог падцягнуцца ні разу. Я сказаў яму: «Нічога страшнага ў гэтым няма». Склаў для яго асобную праграму, па якой ён паціху-памалу займаўся ў трэнажорнай зале. Праз паўгода падцягваўся тры разы, у канцы года — восем разоў. І наведваў усе заняткі, яму пачало падабацца.

— А калі чалавек і падцягваецца, і бегае нармальна, але лайдачыць? Як заахвоціць яго?

— У нас ва ўніверсітэце ёсць зала бокса. У мэтах эксперыменту мы пачалі праводзіць у ёй заняткі. Прыводзілі звычайных студэнтаў і давалі практыкаванні аздараўляльнага боксу. Студэнты імітавалі ўдары каля люстэрка, білі ў грушы. Дык потым і хлопцаў, і дзяўчат не маглі з залы выгнаць, калі заняткі сканчаліся.

Праблема ў тым, што на ўроках фізкультуры чамусьці прынята выкладаць выключна легкаатлетычныя і гульнявыя віды. Гэта многім дзецям надакучыла.
Таму таленавітыя настаўнікі выкладаюць найперш тыя дысцыпліны, у якіх яны з’яўляюцца спецыялістамі — аэробіку, ёгу, пілатэс, аздараўляльны бокс і гэтак далей. Да такіх выкладчыкаў дзеці ходзяць з вялікім задавальненнем. Вельмі важна, каб настаўнік быў спецыялістам высокага ўзроўню, фармалізм у нашай справе недапушчальны. Але, на жаль, некаторыя настаўнікі ставяцца да сваёй дысцыпліны несумленна.

— У вас займаюцца ў тым ліку і чэмпіёны свету, якія атрымліваюць сур’ёзныя нагрузкі. Як вы ставіцеся да здачы нарматываў звычайнымі дзецьмі?

— Лімітаваць нарматывы ў навучальных установах, я лічу, не трэба. Увогуле не павінна быць ніякага прымусу, толькі жаданне. Тое ж самае і з адзнакамі. Галоўнае — зацікавіць вучня, а абысціся можна і без адзнак, дастаткова залікаў.

І сучасная моладзь такія падыходы вітае. Нашы дзеці даволі прагрэсіўныя, калі яны бачаць, што ты складаеш для іх асобную праграму, то займацца пачынаюць нават лайдакі. Ведаю, што некаторыя наведвальнікі нашых фітнэс-клубаў штомесяц трацяць на так званы «залаты абанемент» па восем мільёнаў рублёў. А тут студэнт бясплатна атрымлівае на рукі амаль такую ж праграму. І што мы бачым на выхадзе? Здараецца, напярэдадні святочных дзён хочацца трошкі раней сысці дадому. Але куды там! Студэнты да апошняга займаюцца. У іх з’яўляецца матывацыя.

— Вы не раз выказваліся, што спорт можа рэальна вырашаць праблему наркатызацыі і алкагалізацыі. Але ў гэтым пытанні, на вашу думку, ёсць істотныя прабелы…

— 

Калі, напрыклад, разглядаць Мінск, то ў цэнтры горада дастаткова спартовых залаў.
А па краях — у мікрараёнах Сухарава, Лошыца, Шабаны, Малінаўка, Кунцаўшчына — залаў амаль няма. Можна наведваць платныя заняткі па каратэ, але няма дзіцяча-юнацкіх школ па месцы жыхарства. А многія спецыялісты з задавальненнем працавалі б з дзецьмі. У тым ліку і я.

Але куды іх набраць? Не на двор жа. Колькі разоў звяртаўся да дырэктараў школ, дзе з трох гадзін дня спартовыя залы вольныя. Але куды там, не хочуць ісці на дыялог, нават не імкнуцца зразумець праблему.

А ўсё проста. Выйшлі хлопцы са школы ў дзве-тры гадзіны дня. Бацькі вяртаюцца дадому ў сем-восем гадзін вечара. У дзяцей безліч вольнага часу. Чым заняцца? Можна піва, цыгарэтаў купіць. Як з гэтым змагацца? Проста. Выйшла дзіця са школы і бачыць шыльду: «Зала бокса». Дзесяць чалавек туды наведаюцца, два ў выніку застануцца. Яшчэ два застануцца ў «Зале барацьбы», яшчэ чатыры пойдуць у музычную школу. А яшчэ дваім, якія нікуды не прыткнуліся, бацькі скажуць: «Вунь Пеця пайшоў займацца, і граматы даюць, давай і ты». Кожнаму хочацца самасцвердзіцца. Такім чынам, праблема вырашаецца. Я лічу, каб даваць адпор наркаманіі і алкагалізацыі, трэба адкрываць спартовыя залы па месцы жыхарства. Міністэрствам спорту і адукацыі неабходна аб’яднаць намаганні і працаваць у гэтым кірунку. Часта дзеці з няўдалых сем’яў, дзе бацькі п’юць, знаходзяць у трэнеры свой прыклад для пераймання. І выбіраюць іншую дарогу, вырастаюць добрымі людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?