Каля 90 працоўных дзён сыходзіць на атрыманне зямельнага ўчастка ў «адным акне». Пры ўмове, што ўчасткі ёсць у наяўнасці.

Пра тое, як працуе служба «адно акно» ў Мінскім абласным агенцтве па дзяржрэгістрацыі нерухомасці і зямельным кадастры, расказаў на міжнародным семінары дырэктар агенцтва Пётр Лаўроў на прыкладзе прадстаўлення грамадзянам зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў.

Грамадзянін, зацікаўлены ў атрыманні ўчастка, звяртаецца з заявай у адпаведны сельскі выканкам. Разам з заявай падаецца пашпарт. Іншых дакументаў на гэтым этапе не патрабуецца.

Для прыняцця рашэння выканкам на працягу 3 дзён (тут і далей — працоўных дзён) самастойна запытвае ў адпаведных арганізацый дакументы, якіх не стае. Гэта даведка жыллёва-эксплуатацыйнай службы пра займанае жылое памяшканне і склад сям’і заяўніка і даведка арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці аб адсутнасці (наяўнасці) правоў на аб’екты нерухомай маёмасці. Гэтыя дакументы адпаведныя арганізацыі прадстаўляюць у выканкам у тэрмін да 5 дзён.

Выканкам разглядае заяву грамадзяніна, вывучае магчымасць прадстаўлення ўчастка і пры наяўнасці такой магчымасці дае дазвол арганізацыі па землеўладкаванні на распрацоўку праекту адводу зямельнага ўчастка. Дазвол разам з пакетам сабраных дакументаў накіроўваецца ў арганізацыю па землеўладкаванні. Арганізацыя па землеўладкаванні на працягу 3 дзён заключае з грамадзянінам дамову падраду на распрацоўку праекту адводу ўчастка.

Далей П. Лаўроў расказаў, што ў дамове падраду, акрамя распрацоўкі праекту адводу ўчастка, дадаткова прадугледжваецца выкананне працаў па ўсталяванні межаў участка на мясцовасці і аказанне паслуг па рэгістрацыі ўчастка і правоў на яго. На распрацоўку праекту адводу даецца 15 дзён з дня аплаты грамадзянінам працаў па падрыхтоўцы такога праекту. На працягу гэтага тэрміну арганізацыя па землеўладкаванні абавязаная ўзгадніць гэты праект з кіраўнікамі тэрытарыяльных органаў архітэктуры, Мінпрыроды, МНС, Дзяржаўнага санітарнага нагляду.

Адначасова арганізацыя па землеўладкаванні рыхтуе праект рашэння сельскага выканкама аб прадстаўленні зямельнага ўчастка, які ўзгоднены з праектам адводу зямельнага ўчастка, і перадае ўсе дакументы ў землеўпарадкавальную службу дадзенага выканкама.

Землеўпарадкавальная служба на працягу 5 дзён разглядае праект адводу ўчастка і ўносіць у выканкам для прыняцця неабходнага рашэння. Рашэнне выканкамам прымаецца ў тэрмін да 5 дзён.

Тут П. Лаўроў удакладніў, што прадстаўленне ўчастка складаецца з двух этапаў: падрыхтоўка праекту адводу зямельнага ўчастка і падрыхтоўка землеўпарадкавальнай справы па ўсталяванні межаў зямельнага ўчастка на мясцовасці. Пры гэтым першы этап заканчваецца прыняццем выканкамам рашэння аб прадстаўленні зямельнага ўчастка.

Пасля гэтага пачынаецца другі этап. Спачатку выканкам на працягу 3 дзён пасля прыняцця рашэння перадае яго разам з праектам адводу ўчастка праз землеўпарадкавальную службу зноў арганізацыі па землеўладкаванні для ўсталявання межаў ўчастка на мясцовасці і яго дзяржрэгістрацыі.

Арганізацыя па землеўладкаванні на працягу 2 працоўных дзён пасля падрыхтоўкі землеўпарадкавальнай справы перадае яго заяву аб дзяржрэгістрацыі стварэння зямельнага ўчастка і ўзнікненні правоў на яго ў арганізацыю па дзяржрэгістрацыі. «Арганізацыя па землеўладкаванні і арганізацыя па дзяржрэгістрацыі размяшчаюцца ў нашым агенцтве», — дадаў П. Лаўроў.

Не больш за 10 дзён займаюць дзяржрэгістрацыя стварэння ўчастка, а затым перадача землеўпарадкавальнай справы і пасведчання аб дзяржрэгістрацыі ўчастка адпаведнай землеўпарадкавальнай службе. Далей гэтыя дакументы перадаюцца асобе, якой даецца зямельны ўчастак.

«Гэта значыць, грамадзянін першы раз звяртаецца ў мясцовы выканкам, каб падаць заяву, і другі раз — каб атрымаць гатовыя дакументы на гэты зямельны ўчастак», — падкрэсліў кіраўнік Мінскага абласнога агенцтва па дзяржрэгістрацыі нерухомасці і зямельным кадастры.

Пры гэтым, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў семінара, П. Лаўроў удакладніў, што з моманту падачы заявы да моманту выдачы гатовых дакументаў, калі ўсё рабіць у адпаведнасці з Указам прэзідэнта № 152, праходзіць 82 працоўных дні.

За падрыхтоўку землеўпарадкавальнай справы грамадзянін плаціць 3 базавыя велічыні і 1 базавую велічыню — за рэгістрацыю. Разам атрымліваецца сума, эквівалентная прыкладна 30 EUR. Прычым ён адразу аплачвае ўсе паслугі, а потым выконваюцца працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?