«Мы жадаем, каб Саюз палякаў у Беларусі быў адзіным і незалежным ад уладаў», —
заявіў у інтэрв’ю БелаПАН член камісіі па замежных справах польскага сейма, дэпутат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Тадэвуш Вазняк.

Па яго словах, дэпутаты Сойма заклапочаныя расколам СПБ і «нездаровай» сітуацыяй вакол грамадскага аб’яднання. «Мы жадаем, каб прадстаўнікі Саюза палякаў сабраліся, выбралі сваё кіраўніцтва і дзейнічалі свабодна», — сказаў парламентарый.

Па яго словах, для палякаў каштоўнасці свабоды маюць вялікае значэнне. Як мяркуе Вазняк, у апошнія гады пагоршылася сітуацыя ў адносінах дзвюх краін. У якасці прыкладу ён прывёў адмову беларускіх уладаў ва ўездзе ў Беларусь дэпутату сойма ад кіруючай партыі «Грамадзянская платформа», намесніку парламенцкай камісіі па замежных справах Роберту Тышкевічу, які меў намер прыняць удзел у памінанні воінаў Арміі Краёвай, якія загінулі ў ліпені 1944 года ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Гэтая цырымонія з удзелам трох польскіх парламентарыяў, у тым ліку і Вазняка, адбылася 11 ліпеня.

«Для палякаў гэта памінанне мае вялікае значэнне, бо мы ўшаноўваем памяць сваіх суайчыннікаў, якія загінулі за Польшчу ў межах 1939 года. Гэтыя людзі змагаліся за сваю радзіму, нічога не ведаючы пра дамоўленасці паміж лідэрамі краін антыфашысцкай кааліцыі аб пасляваенных межах Польшчы», — падкрэсліў Вазняк. Змяненне адносін паміж Польшчай і Беларуссю ён звязвае з пазіцыяй беларускага кіраўніцтва. Раскол у грамадскім аб’яднанні адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу ў краіне існуюць два СПБ — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?