Супольнае беларуска-польскае прадпрыемства па будаўніцтве Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі можа быць створана ўжо ў гэтым месяцы. Кошт праекту ацэньваецца ў 2 мільярды даляраў. Якія яшчэ эканамічныя інтарэсы маюць палякі на тэрыторыі Беларусі?

Пра капітал краін-суседак, укладзены ў Беларусь, «НН» пачала пісаць у № 22 за 16 чэрвеня. Тады ўвага была сканцэнтравана на літоўцах. Цяпер прыйшоў час польскага бізнэсу. Капітал самага заможнага паляка Яна Кульчыка, укладзены ў тэлекамунікацыі, нерухомасць і энергетыку, ацэньваецца ў $4,5 мільярдаў. І ён не адзіны мільярдэр у краіне. Літоўцы такіх багацеяў не мелі ніколі. Тым не менш, у Беларусі прыбалты інвестуюць нашмат больш.

Мільярдэры граюць па-буйнаму

Ян Кульчык

Ян Кульчык

Той самы Кульчык і збіраецца будаваць Зэльвенскую электрастанцыю. Польская інвестыцыйная кампанія Kulczyk Investments, якая належыць яму, ужо абгаварыла з беларускім «Белэнерга» пытанні, датычныя будаўніцтва, а таксама тарыфнай і экспартнай палітыкі прадпрыемства.

Ідэя супрацоўніцва ўпершыню была агучаная яшчэ два гады таму падчас інвестыцыйнага форума ў Лондане, дзе, дарэчы, і жаве багаты паляк. З таго часу Ян Кульчык — адзін з любімых кампаньёнаў беларускага ўрада. Нездарма менавіта яго кампанія атрымала пасведчанне № 1 інвестыцыйнага агента ўрада Беларусі.

З ідэй Кульчыка, звязаных з нашай краінай, можна ўзгадаць такую ж, як у Зэльве, вугальную станцыю ў Лельчыцах. Прыглядаўся мільярдэр і да «Беларусбанка». Праўда, ніводны з праектаў пакуль так і не рэалізаваны.

Кульчык працуе не толькі ў нашай краіне, але і ў суседніх. Польскі алігарх хоча выкупіць газанафтавыя і энергетычныя прадпрыемствы Украіны.

Яшчэ адзін мільярдэр, Лешэк Чарнецкі валодае «Сомбелбанкам». У пачатку 2008 года холдынг Getin Holding польскага багацея набыў 75,04% акцый банка. За іх Чарнецкі заплаціў амаль $6 мільёнаў.

Брэст — польская мэблевая сталіца

Калі цэнтрам літоўскіх інвестыцый з’яўляецца Ліда, то польскія грошы перадусім цякуць у Брэст. Большасць невялікіх супольных прадпрыемстваў сканцэнтраваныя ў тутэйшай свабоднай эканамічнай зоне. Для параўнання, з 560 сумесных альбо выключна польскіх прадпрыемстваў, зарэгістраваных у Беларусі на долю Брэстчыны прыходзіцца амаль палова — 43%. Нявызначаны статус свабодных эканамічных зон у новаствораным Мытным саюзе дадае трывогі польскім бізнэсоўцам. Ільготы — галоўнае, што прывяло іх у Беларусь.

«Белдрэў», «Мебелюкс-Брест», «Еўрафорэст», «Блэк Рэд Уайт», «Анрэкс», «Мэбля-Нёман»…. — вось некалькі з мноства сумесных кампаній, якія спецыялізуюцца на продажы драўніны ці мэблі.

З перспектыў міждзяржаўнага супрацоўніцтва вылучаецца праект польскай групы Atlas. Яна ўжо купіла актывы гродзенскай кампаніі «Тайфун» — вытворцы клеяў, тынкоўкі і сістэм ацяплення. Кошт угоды ацэньваўся ў $4 мільёна. Цяпер палякі з Лодзі гатовыя адкрыць яшчэ адну вытворчасць на тэрыторыі Беларусі — новы завод па вырабе штучнага гіпсу. Ён, у сваю чаргу, будзе каштаваць каля 200 мільёнаў еўра.

Польская Афрыка

Адно з экзатычных месцаў Кобрыншчыны — страўсавая ферма ля райцэнтра. Сумеснае беларуска-польскае прадпрыемства «ПМ і Кампанія», створанае ў 2002 годзе, займаецца развядзеннем афрыканскіх жывёлаў. На тэрыторыі 350 гектараў жыве каля 500 страўсаў.

Мясам, толькі ў больш традыцыйнай форме, займаюцца палякі ў Маладзечна. Мясцовы мясакамбінат «Мроз» названы ў гонар уласніка, польскага бізнэсоўцы Войцеха Мроза.

Увогуле, мяса, разам з мэбляй, другі асноўны прыярытэт палякаў у Беларусі. Самы вядомы брэнд — брэсцкі «Інкафуд», створаны яшчэ ў 2001 годзе. Тады заходнікі пабудавалі завод з нуля. На тэрыторыю цяперашняга камбіната нават не былі праведзены камунікацыі.

Кандытарскімі вырабамі займаецца «Першая шакаладная кампанія». Тыя, хто нічога не чуў пра назву кампаніі, хаця б чуў пра брэнд шакалада «Ідэал», які вырабляецца прадпрыемствам.

Відавочна, што з увядзеннем бязвізавага рэжыма з Польшчай і Літвой колькасць дробных прадпрыемстваў з удзелам замежнага капіталу павялічыцца. А вось буйны бізнэс усё яшчэ глядзіць на Беларусь з пэўнай насцярогай. Цалкам імаверна, што шматмільярдныя інвестыцыйныя праекты Яна Кульчыка, у выпадку іх паспяховай рэалізацыі, адкрыюць дарогу буйным інвестарам.

Інвестыцыі Польшчы ў Беларусь, $ млн

2009 22

2008 22

2007 27

2006 61

Крыніца: Белстат

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?