Сустаршыні БХД Георгію Дзмітруку падатковая інспекцыя выставіла рахунак на выплату штрафу ў памеры 18 мільёнаў рублёў (6 тысяч долараў) за нібыта перавышэнне расходаў шматдзетнай сям’і бізнесмена над яго даходамі за апошнія дзесяць гадоў.

Такі падарунак на 600‑годдзе Грундвальдскай перамогі Георгій Дзмітрук атрымаў па выніках чатырохмесянай працы кобрынскіх падаткавікоў.

«Чатыры месяцы я хадзіў у падатковую інспекцыю амаль як на працу. Спачатку яны правяралі мае даходы за год, потым за два, тры, чатыры…, нарэшце за апошнія 10 гадоў, — распавядае прэсавай службе БХД Георгій Дзмітрук. — Яны правяралі ўсё, што толькі можна і ў выніку, не знайшоўшы прэтэнзій да даходаў, вызначылі, што расходы аказваецца ў маёй сям’і завялікія, і розніцу ў памеры 6 тысяч долараў паміж імі і маімі даходамі я павінен сплаціць. Я лічу гэта нонсэнсам і чарговай праявай беззаконнага ціску на мяне, як сустаршыні БХД і ўдзельніка мясцовай выбарчай кампаніі».

У спадара Дзмітрука пяцёра дзяцей: 19‑ці, 18‑ці ,15‑ці ,13‑ці і шасці гадоў, уся сям’я жыве разам. У сваіх разліках падаткавікі аперыравалі даходамі выключна Георгія Дзмітрука, а расходамі — усіх членаў сям’і. Сустаршыня БХД мае намер абскардзіць незаконны на яго думку штраф у судовым парадку.

Сябры БХД звязваюць ціск на Георгія Дзмітрука з ягонай актыўнай палітычнай дзейнасцю, у тым ліку з прэзідэнцкай кампаніяй: Дзмітрук адзін з кіраўнікоў штабу прэтэндэнта ў прэзідэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?