Слова пра Маргарыту Ермалаеўну Палачаніну.

Бываюць людзі (не мною толькі заўважана), пры знаёмстве з якімі, пасля першых жа некалькіх слоў, беспамылкова ўгадваеш: свой, блізкі, родны… Так і з Маргарытай Ермалаеўнай Палачанінай. Колькі год таму сустрэліся на выхадзе пасля вечарыны ў Доме літаратара, які тады яшчэ не быў адабраны ўладамі ў беларускіх пісьменнікаў, загаварылі — і падалося, што знаёмыя з ёю ўжо тысячу год: шчырая, ззяючая ўсмешка на ўвесь твар, іскрыстыя вочы, нешта сонечнае, што прабівалася на свет з самой глыбіні яе істоты. І першае ўражанне толькі ўзмацнялася з цягам часу, да самых апошніх яе імгненняў на гэтай зямлі.

Тры дні таму, тыя, хто меў шчаслівы гонар быць яе сябрамі, з глыбокім болем і жалем развітваліся з гэтай цудоўнай жанчынай. Яна была ўвасабленнем таго, як можа ўпрыгожыць і асвятліць жыццё вакол сябе, пакінуць незабыўны след у людскіх душах самы на першы погляд звычайны, просты — без усялякіх рэгаліяў і пасад — чалавек. Канечне, калі ён — Чалавек, які жыве не адно толькі дзеля сябе, любімага. Многія, узяўшы слова на жалобным развітанні, проста не маглі гаварыць — горла душылі слёзы. Але гэта было красамоўней самых узвышаных слоў.

Між тым сама Маргарыта Ермалаеўна, зазвычай такая гаваркая, адкрытая, эмацыянальная, не любіла, не ў прыклад іншым, словаахвотным немаладым людзям, засяроджвацца на сабе. Амаль усё — пра дарагіх, родных, знаёмых і незнаёмых, уразіўшых пры сустрэчы. Чым? Дабрынёй, спагадай, увагай, на дэфіцыт якіх мы так часта скардзімся, а самі… Яна ж, здавалася, сваёй дабрынёй і абаяльнасцю, бы магніт, прыцягвала нечым падобных да сябе, часам зусім выпадковых сустрэчных. Вось дзеліцца ў начной тэлефоннай размове ўражаннямі ад канцэрта ў філармоніі, а на пытанне, чаму ж дадому дабралася намнога пазней за мяне, ускліквае: «Ой, з такім чалавекам пазнаёмілася! Сяджу пры перасадцы на аўтобусным прыпынку — аўтобуса няма і няма, народу назбіралася — процьма! І тут — уявіце сабе, пад’язджае легкавік, яго абступілі, просяць падвезці. «Прабачце, але я не таксіст, — кажа ўладальнік, — а хачу падвезці вось гэтую жанчыну…». І нечакана падыходзіць да мяне: «Вы ж, заўважыў, з палачкай, вам цяжка будзе ўбіцца ў транспарт, калі прыйдзе — так што вельмі прашу, калі ласка. А наконт грошай не турбуйцеся — нізашто не вазьму!»

Іншым разам — у тым жа духу: «Кульгаю-клыпаю з прадуктовай сумкай, нага зусім раздурылася. Даганяюць двое — хлопец з дзяўчынай. Падхапілі маю ношку, хоць і не прасіла, данеслі дадому, паднялі на паверх, да самых дзвярэй кватэры. Падзякавала ад душы. А мы на моладзь наракаем… Якія бацькі, такія і дзеці, дабро ж за сабой дабро вядзе».

Яна і не думала, што сама пра сябе кажа, пра сваю гісторыю, хоць адмыслова расказаць яе не паспела. У апошняй размове — можа, нешта прадчуваючы, мімаходзь прызналася з уздыхам: «Чамусьці згубіла сон, мінулае-перажытае так і паўстае перад вачыма. Вось бы запісаць, што помніцца, ды, баюся, ужо не здолею. І навошта, такое ж перажылі і тысячы — тысячы іншых, такі ўжо лёс нашай зямлі выпаў».

Што б магла распавесці, каб усё ж узялася за пяро, былая дзяўчынка з вёскі на Аршаншчыне? Напэўна, пра сваё, як, сапраўды, і ў тысячы тысяч равеснікаў, басаногае, але незабыўнае маленства, гвалтоўна абарванае лютай ваеннай навалай? Пра тое, як падлеткам, пры вызваленні Беларусі ад акупантаў, апынулася на перадавой лініі наступаючых часцей Чырвонай Арміі, пад асколкамі варожых снарадаў, дапамагаючы, чым толькі магла, нашым ваярам? У свае юныя гады стала байцом працоўнага фронту, а потым з годнасцю, але без шуму і крыкаў (хіба такое не бывае?) насіла заслужанае званне ветэрана Айчыннай вайны. І ў мірны час, загартаваная агнём, з не меншай мужнасцю і адвагай прабівалася скрозь усе цяжкасці і нястачы пасляваеннай пары (хто са старэйшых іх не ведае?), да навукі, каб здзейсніць сваю мару і стаць настаўніцай.

І яна стала ёю (як і многія іншыя), але якой! Яе неадольная прага да новых і новых ведаў, радасць спазнання дагэтуль неспазнанага перадавалася вучням, якія лавілі кожнае слова старэйшага (часта ненамнога) сябра. Маргарыту Ермалаеўну Палачаніну — выкладчыцу беларускай, рускай і нямецкай моў і дагэтуль не забылі даўнія выпускнікі школ на Лагойшчыне і ў іншых мясцінах.

Тое ж было і ў Мінску, дзе яна на пачатку 60-х апынулася са сваёй дачушкай Галяй, стала працаваць выхавальніцай у школе-інтэрнаце для сірот і цяжкіх падлеткаў. У кожным яна бачыла і паважала паўнавартасную асобу, развівала разумовыя і творчыя здольнасці, эстэтычны густ, вучыла жыць па праўдзе і справядлівасці, быць чуйнымі да ўсяго навокал. Не давала ім сумаваць, ладзіла цікавыя паходы і экскурсіі, наладжвала развіваючыя гульні, захапляла цікавымі гісторыямі. Атуляла сваім крылом ад казённай чэрствасці некаторых калег, ад крыўдных, абразлівых слоў у бок дзетак, і без таго абдзеленых лёсам. Гадаванцы верылі ёй і плацілі любоўю за любоў — яна ж ставілася да іх гэтаксама, як і да ўласнага дзіцяці. Галіна Вашчанка, дачка Маргарыты Ермалаеўны, у кнізе ўспамінаў «Беларусь у сэрцы» піша: «Усім лепшым, што ёсць у маёй душы, я абавязана маме і табе, беларуская прырода… Усё гэта любіла мама і перадавала гэтую сваю любоў, шкадуючы кожную зламаную галінку, радуючыся вясёлцы і дажджу, краскам у полі і знойдзенаму баравіку ў лесе». Яна любіла кнігі, мастацтва і заўсёды выкройвала са сціплага заробку грошы на білеты ў тэатр з нязменнай спадарожніцай Галінкай.

А жылі яны ў горадзе — без падмогі ніадкуль — па праўдзе, вельмі бедна. Калі дзяўчынка, засумаваўшы па маці, якая з ранку да ночы прападала ў інтэрнаце, прыбягала туды да яе, то дзялілі пароўну «службовы» настаўніцкі абед. Маргарыта Ермалаеўна аднойчы прызналася, што не можа дараваць сабе дачушкавы слёзы, прычынай якіх міжволі стала аднойчы. Дзіця плакала, калі яе самая лепшая, самая прыгожая ў свеце мама прадавала сваё новае, яшчэ з біркай, кітайскае паліто, з цяжкасцю набытае з капеечнай эканоміі замест старога, дашчэнту зношанага… Але духоўнае багацце, душэўная шчодрасць і дзейсная дабрыня — гэтага ў іх ніхто і ніколі не мог адняць.

Маці ганарылася сваёй дачкой, якая прадоўжыла яе шлях, стала філолагам. А галоўнае — сапраўдным чалавекам, адданым патрыётам Беларусі, руплівіцай на ніве нацыянальнага Адраджэння з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ганарылася, што дачка прыйшла пад бел-чырвона-белы сцяг Беларускага Народнага Фронту, стала верным аднадумцам і паплечнікам лідэра Нацыянальнага руху Зянона Пазьняка, а затым і яго жонкай. Не іх воля, што дзеці (так называла Галіну і Зянона) і адданейшыя дзеці Бацькаўшчыны, мусілі апынуцца за межамі роднай зямлі. Але не страцілі сваёй вернасці і любові да Беларусі, свайго грамадзянскага змагарнага духу і па-ранейшаму жывуць дзеля Айчыны, несупынным клопатам і барацьбой за яе светлую будучыню.

Такой жа гарачай верай у заўтрашні дзень Радзімы заўжды жыла і Маргарыта Ермалаеўна. Аб гэтым пранікнёна гаварылі на развітанні з ёю выконваючы абавязкі старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Юрась Беленькі, намеснік старшыні Сяргей Папкоў, навукоўцы Вольга Кузьміч, Іосіф Тэкушэвіч і шмат хто іншы. Надзея Якаўлеўна Невідовіч, якая калісьці дала прытулак у сваім доме перасяленцам з вёскі і якую звязала з Маргарытай Ермалаеўнай амаль паўвека блізкага сяброўства, ціха плакала, не ў стане прамаўляць. Яе выручыла дачка Наталля, якая шануе «цётку Рыту» нароўні з уласнай мамай.

Канечне ж, не маглі не згадваць пра няўрымслівую, поўную гаючай энергіі і жыццялюбства натуру шмат перажыўшай жанчыны, якая, насуперак некалькім перанесеным інфарктам і грузу іншых цяжкіх хвароб нават у свае 83 была, а не здавалася, маладзейшай за іншых маладых. Яна прагнула жыць у нястрымным руху (і непаслухмяныя ногі не былі памехай), імкнулася дапамагчы ўсім і кожнаму, проста-такі кідалася насустрач чужой бядзе. Ды і не існавала для яе чужога болю. Падавалася, толькі і занята клопатам, як і чым, хоць драбніцай, каго адарыць, сагрэць цяплом свайго вялікага сэрца. І кожны мог пацвердзіць гэта мноствам пераканаўчых прыкладаў.

Многіх захапляе шырыня яе інтарэсаў. Да апошняга дня Маргарыта Ермалаеўна «ператэатралівала» любога запіснога, штатнага мастацтвазнаўцу ў сваіх ледзь не штодзённых наведваннях розных спектакляў, канцэртаў, выстаў, сустрэч з пісьменнікамі і навукоўцамі ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Шмат чытала — і класікаў, і сучасных беларускіх творцаў, цікавілася ўсім, што адбываецца ў свеце і асабліва — роднай Беларусі, «Народную Волю» прачытвала ад першага да апошняга радка, трапна і нераўнадушна каментуючы прачытанае. І калі бліжэйшыя сябры, устрывожаныя тым, што тэлефон Маргарыты Ермалаеўны маўчыць ужо дні два, адамкнулі дзверы яе кватэры, то ўбачылі неверагодную карціну: бездыханная ўжо гаспадыня сядзела, бы жывая, на канапе, з разгорнутай любімай газетай у руках… Відаць, смерць была літасцівай да яе — імгненнай.

Дакараю сабе, што некалькі дзён перад тым, толькі што вярнуўшыся з водпуску і патэлефанаваўшы Маргарыце Ермалаеўне, на яе прапанову адправіцца вечарам у Оперны на Грузінскі балет, я нешта мармытала, спасылаючыся па сваёй дурноце на тое, што, маўляў, зараз «не ў форме» і што наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавых відовішчаў… Аказалася ж вось якая непапраўная бяда…

Хавалі жанчыну з вялікім сэрцам пад бел-чырвона-белым сцягам.

За памінальным сталом, за якім і гаравалі і радаваліся, што, адышоўшы ў іншы свет, Маргарыта Ермалаеўна пакінула нам часцінку свайго цяпла і святла, пачулі раптам з мабільніка здалёк скрушны і пяшчотны голас Галіны Ватчанка, а затым і Зянона Пазьняка, якія сардэчна дзякавалі добрым людзям, што падтрымлівалі, атулялі клопатам дарагога чалавека.

І згадваліся мудрыя словы святара уніяцкай царквы, які служыў жалобную імшу ў памяць памерлай:

— Гавораць, смерць мацней за ўсё і ўсё ёй падуладна. Не! Мацней за смерць — любоў, яна перажывае зямнога чалавека і дае нам сілу.

А потым хлынуў цёплы летні лівень — як слёзы з нябёс, што змяшаліся з людскімі ачышчальнымі слязьмі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?