У Беларусі ўжо некалькі тыдняў запар трымаецца анамальна высокая тэмпература паветра. Акрамя дыскамфорту, які прыносіць людзям, яно можа стаць таксама прычынай значна больш драматычных падзей.
А менавіта — выклікаць моцныя навальніцы і ураганы.

«НН» звярнулася па каментар да галоўнага сіноптыка Белгідраметэацэнтра Вольгі Фядутавай.

«У суботу і нядзелю ў Беларусь будзе паступаць гарачае паветра з поўдня. Адпаведна, пратрымаецца і высокая тэмпература. У выніку месцамі па краіне пройдуць моцныя лакальныя навальніцы.

Хуткасць ветру пры гэтым можа дасягаць нават 20 метраў за секунду. Гэта ўжо вельмі сур’ёзна», — адзначыла спадарыня Вольга.

Яна таксама дадала, што гэта толькі пачатак. На наступным тыдні чакаецца паступленне ў Беларусь халодных мас паветра з Заходняй Еўропы. Яно будзе больш вільготным і ў спалучэнні з высокай тэмпературай можа выклікаць магутныя навальніцы па ўсёй краіне.

«Безумоўна, мы не чакаем такіх грандыёзных ураганаў, якія адбываюцца ў паўднёвых краінах.

Аднак пры пэўных абставінах не выключаем такіх прыродных з’яваў нават і ў Беларусі. Будзем адсочваць сітуацыю і адразу ж даваць папярэджанні», — адзначыла В.Фядутава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?