23 ліпеня міністр замежных спраў Беларусі, Сяргей Мартынаў, правёў нараду з кіраўнікамі замежных прадстаўніцтваў нашай краіны.

«НН» вырашыла прыгадаць, дзе ж у свеце знаходзяцца беларускія дыпламатычныя пляцоўкі.

Сярод частак свету лідэрства па колькасці беларускіх амбасадаў належыць, безумоўна, Еўропе. З буйных і важнейшых краін толькі ў Іспаніі, Нарвегіі, Фінляндыі ды Ірландыі няма беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў. Да іх далучаюцца таксама невялікія краіны Балканскага паўвострава (акрамя Сербіі).

З еўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў найбольш разгалінаваную структуру мае польскае — амбасада ў Варшаве, генконсульствы ў Беластоку і Гданьску, а таксама консульства ў Белай Падляшскай.

Разгалінаваную структуру мае таксама амбасада ў Германіі — цэнтральная сядзіба ў Берліне і аддзел у Бонне. Іншыя беларускія дыпламатычныя пляцоўкі ў Еўропе консульстваў і аддзелаў не маюць. Выключэннем тут ёсць суседка Латвія, дзе Беларусь мае генеральнае консульства ў Даўгавпілсе (Дзвінску), побач з мяжой.

Большасць беларускіх пляцовак, якія размяшчаюцца ў Еўразіі, знаходзяцца ў рэспубліках былога СССР.

Найбуйнейшая з іх (і ўвогуле, найбуйнейшае беларускае дыппрадстаўніцтва ў свеце) размяшчаецца ў Расіі. Акрамя непасрэдна амбасады ў Маскве яшчэ дзесяць аддзелаў па ўсёй краіне — ад Калінінграда да Хабараўска.

Акрамя рэспублік былога Савецкага Саюза, у Еўразіі Беларусь прадстаўлена таксама ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Кітаі, Індыі, В’етнаме, Сірыі, Турцыі, ААЭ і Ізраілі.

Апроч гэтага, дыпламатычныя пляцоўкі Беларусь мае яшчэ на трох кантынентах — Паўночнай і Паўднёвай Амерыках і ў Афрыцы. На ўсіх названых мацерыках існуе па тры беларускія амбасады. У Афрыцы гэта прадстаўніцтвы ў Егіпце, Лівіі і ПАР, у Паўночнай Амерыцы — у ЗША, Канадзе і на Кубе, а ў Паўднёвай — у Венесуэле, Бразіліі і ў Аргенціне. Апошняя пляцоўка, дарэчы, з’яўляецца самай аддаленай ад Мінска.

Такім чынам, Беларусь мае свае афіцыйныя прадстаўніцтвы ў 45 дзяржавах са 192, якія на дадзены момант з’яўляюцца сябрамі ААН.
У рэшце краін свету, згодна з міждзяржаўным пагадненнем, інтарэсы нашай краіны прадстаўляе Расія.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?