Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня пажарнай службы Беларусі стартуюць 24 ліпеня. У гэты дзень у Мінску каля Нацыянальнай бібліятэкі 40 маладых супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ва ўрачыстай абстаноўцы прынясуць прысягу.

На наступны дзень у сталіцы адбудзецца парад спецыяльнай тэхнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Па галоўным праспекце ад будынка цырка і да плошчы Перамогі пройдуць калоны спецыяльнай тэхнікі. Можна будзе ўбачыць, напрыклад, аўтамабілі службы хімічнай і радыяцыйнай абароны цяжкага класа, мабільны пункт кіравання, устаноўку «Кобра», якая прымяняецца для тушэння пажараў у закрытых рэзервуарах, рабатызаваны комплекс для работы з крыніцамі іанізуючага выпрамянення, а таксама аўтамабілі хуткага рэагавання, аўтацыстэрны і аўталесвіцы, каленчатыя пад’ёмнікі. Упершыню на агляд шырокай публіцы прадставяць тры новыя матацыклы МНС, адзін з якіх прызначаны для работы на пажарах, другі — для выратавання людзей пры ДТЗ, а трэці аснашчаны медыцынскім абсталяваннем.

Акрамя сучаснай тэхнікі, у час парада будуць прадэманстраваны старадаўнія ўзоры сродкаў пажаратушэння — конна-бочачны ход з конямі і помпава-лінейны ход.

Адразу пасля заканчэння парада ўся тэхніка размесціцца ўздоўж набярэжнай ракі Свіслач у парку імя Горкага. Як запэўнілі ў МНС, любы жадаючы зможа паблізу азнаёміцца са складанымі механізмамі выратавальных машын. Больш таго, гасцям свята прапануюць на сабе зведаць складанасці работы пажарных: напрыклад, прайсці ў засцерагальным касцюме ва ўмовах нулявой бачнасці ў задымленым памяшканні або папасці па мішэні са ствала высокага ціску. Ва ўнікальным рэанімабілі любы жадаючы зможа асвоіць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі на спецыяльным манекене.

Забаўляльная праграма ў парку абяцае быць яркай і насычанай.

На чатырох канцэртных пляцоўках выступяць зоркі беларускай эстрады, духавыя аркестры Камандна-інжынернага інстытута, абласных і Мінскага гарадскога упраўленняў МНС. Дарослых і дзяцей чакаюць цікавыя конкурсы і спаборніцтвы, сярод якіх «Скаладром» і «Піраміда са скрынь». Традыцыйна вялікую цікавасць у гледачоў выклікаюць выступленні кінолагаў. На гэты раз яны прадэманструюць магчымасці сабак па выратаванню людзей на вадзе і па пошуку людзей.

У МНС адзначылі, што Дзень пажарнай службы нельга лічыць выключна прафесійным святам ратавальнікаў, паколькі першапачаткова пажарная ахова мела характар павіннасці, ускладзенай па чарзе або па грамадскіх прысудах, у выглядзе спагнання за неплацяжы гарадскіх павіннасцей. Да барацьбы з агнём у абавязковым парадку прыцягвалася практычна ўсё насельніцтва.

Гісторыя прафесійнай пажарнай службы ў Беларусі пачынаецца з 25 ліпеня 1853 года, калі Мінскае губернскае праўленне і Мінская гарадская дума, разгледзеўшы пытанне «Аб стварэнні пажарнай часці ў г. Мінску», зацвердзілі каштарыс расходаў на ўтрыманне пажарнай часці ў складзе 51 чалавека. У гэты ж час былі арганізаваны пажарныя часці ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?