Беларусь і Сірыя могуць значна рушыць наперад у палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам.

«Апошнім часам мы значна рушылі наперад у палітычнай, гандлёва-эканамічнай сферах у нашых адносінах. Але гэта амаль нішто ў параўнанні з тым, што мы можам зрабіць сёння», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на падабенства поглядаў Беларусі і Сірыі на светаўладкаванне і лічыць, што краіны сёння могуць зрабіць вельмі многае. «Хачу, каб вы ў выніку гэтага візіту пазнаёміліся з нашай краінай, убачылі яе магчымасці. Усё, што вы захочаце, мы гатовы рабіць у Сірыі», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да калегі. Ён пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні супрацоўніцтва з Сірыяй па многіх напрамках.

«Мы хацелі б ведаць дасканала магчымасці Сірыі, і, калі Сірыя зацікаўлена па якіх-небудзь напрамках супрацоўнічаць з Беларуссю, мы можаце быць упэўнены, што мы таксама зробім усё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Вы — нашы сябры. З сябрамі мы ўмеем будаваць адносіны і гатовы зрабіць усё, што вы пажадаеце», — падкрэсліў ён.

Беларускі лідэр адзначыў, што з вялікім задавальненнем успамінае свае візіты ў Сірыю і сустрэчы з папярэднім Прэзідэнтам гэтай краіны Хафезам Асадам: «Маім першым сябрам у мусульманскім свеце і наогул на Усходзе быў Хафез Асад. Да гэтага часу памятаю праведзены з ім час. Ён мне многае расказаў, што адбывалася ў тым свеце, ва ўзаемаадносіных паміж СССР і краінамі Усходу. Я гэта ўспамінаю з асаблівай цеплынёй, таму што для мяне, маладога палітыка, гэта быў сапраўды палітычны ўрок. У выніку гэтага я на многія рэчы паглядзеў інакш».

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі. «Пры наведванні Сірыі ў мяне склаліся самыя добрыя ўражанні аб вашай дзяржаве. Я гэта гавару не таму, што так трэба сказаць па пратаколу. Я сапраўды люблю вашу краіну, хоць яна вельмі адрозніваецца ад маёй Беларусі. Мне здалося, што там жыве вельмі добры і свабодалюбівы народ», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?