Стан Святланы Байковай, якая ўжо пяць месяцаў знаходзіцца ў СІЗА КДБ, — цяжкі. Гэта тычыцца як фізічнага, гэтак і маральнага аспекту, паведаміў адвакат старшага следчага па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Міхаіл Волчак.

Якія дзеянні ў дачыненні да Байковай прымаюцца следствам, адвакат не сказаў, адзначыў толькі, што новых абвінавачанняў падабароннай не выстаўлялася.

24 ліпеня генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч прадоўжыў тэрмін утрымання пад вартай Святланы Байковай яшчэ на два месяцы — да 24 жніўня. Работнік Генпракуратуры была затрымана супрацоўнікамі КДБ 25 лютага. Крымінальныя справы ў дачыненні да яе старшыня Камітэта дзяржбяспекі Вадзім Зайцаў распачаў 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. Ім жа да следчага была прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

У сувязі з адсутнасцю дастатковых доказаў выстаўленага абвінавачання 23 красавіка ў прадаўжэнні тэрміну ўтрымання Байковай пад вартай генпракурор адмовіў, але пры гэтым тэрмін правядзення папярэдняга следства па справе прадоўжыў па 24 жніўня. 24 чэрвеня ў Генеральнай пракуратуры паведамілі, што следствам КДБ выкладзены факты неабгрунтаванага затрымання, прыцягнення ў якасці абвінавачваных, узяцця грамадзян пад варту, дапушчаных Байковай у 2006–2007 гадах. Таму тэрмін яе ўтрымання пад вартай быў прадоўжаны.

У КДБ прадаўжэнне тэрміну ўтрымання Байковай пад вартай растлумачылі «неабходнасцю стварэння ўмоў для поўнага і аб’ектыўнага расследавання крымінальнай справы, у тым ліку ўстанаўлення матываў і падстаў непрымянення мер адказнасці, прадугледжаных заканадаўствам, у дачыненні да галоўных арганізатараў кантрабандных каналаў».

Нагадаем, паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасля таго як генпракурор Рыгор Васілевіч адмовіў у канцы красавіка прадаўжаць тэрмін утрымання сваёй падначаленай пад вартай пасля заканчэння двух месяцаў з моманту яе затрымання, у КДБ у дачыненні да Байковай была распачата яшчэ адна крымінальная справа. 31 мая яна аб’явіла галадоўку пратэсту, з якой выйшла 16 чэрвеня паводле патрабавання ўрачоў, сваякоў і абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?