Указ № 388 «Аб парадку распараджэння дзяржаўным жыллёвым фондам» падпісаў 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, дакумент прыняты «ў мэтах комплекснага рэгулявання прававых адносін па распараджэнні дзяржаўным (рэспубліканскім) жыллёвым фондам і вызначае дакладны механізм выплатнага і бязвыплатнага адчужэння дзяржаўнага жылля, перадачы яго ў межах рэспубліканскай уласнасці, а таксама набыцця жылых памяшканняў ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь».

Устаноўлена, што па рашэнні дзяржаўных органаў жылыя памяшканні могуць быць адчужаныя работнікам, якія стаяць маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаяць на ўліку. Продаж жылых памяшканняў такім грамадзянам будзе ажыццяўляцца па ацэначным кошце (не вышэйшым за рыначны).

Адчужэнне грамадзянам, якія не стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, а таксама юрыдычным асобам жылых памяшканняў, што знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, на бязвыплатнай ці выплатнай аснове і продаж жылых памяшканняў на аўкцыёне будуць ажыццяўляцца па рашэнні прэзідэнта.

Па рашэнні ўрада, узгодненым з прэзідэнтам, будуць ажыццяўляцца бязвыплатная перадача ў камунальную ўласнасць жылых памяшканняў, што знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і аператыўным упраўленні Нацыянальнага банка, Адміністрацыі прэзідэнта, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, іншых дзяржаўных органаў (дзяржаўных арганізацый), падпарадкаваных прэзідэнту, Генеральнай пракуратуры, а таксама набыццё жылых памяшканняў ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ці бязвыплатна.

Урад будзе мець права перадаваць жылыя памяшканні ў межах рэспубліканскай уласнасці, ажыццяўляць адчужэнне дзяржаўнага жылля ў іншых выпадках, вызначаных указам.

Падрабязны механізм прыняцця рашэнняў аб продажы жылых памяшканняў замацаваны ў Палажэнні аб парадку і ўмовах продажу жылых памяшканняў рэспубліканскага жыллёвага фонду, зацверджаным указам.

Указ набудзе моц праз чатыры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?