У раённым судзе ў Беластоку (Польшча) 27 ліпеня пачаўся разгляд справы грамадзяніна Беларусі Андрэя Жукаўца. Яго абвінавачваюць у махлярстве пры атрыманні амаль 700 тысяч даляраў крэдыту ў двух беларускіх банках.

Андрэя Жукаўца судзяць у Польшчы пасля адмовы выдачы яго Беларусі. Раней польскі бок адмовіў у экстрадыцыі Жукаўца з увагі на яго апазіцыйную дзейнасць і на тое, што ў Беларусі, на думку польскага боку, яго чакае несправядлівы працэс.

Жукавец быў затрыманы ў Беластоку ў 2001 годзе выпадкова: падчас кантролю паліцэйскімі высветлілася, што ён у Беларусі знаходзіцца ў вышуку ў сувязі з фінансавымі махінацыямі. Затрыманага чакала экстрадыцыя, аднак у судзе ён прадставіў факты сваёй сувязі з беларускай апазіцыяй.

Справа ўжо была ў судзе ў 2006 годзе, але тады суд пастанавіў, што следчыя павінны сабраць дадатковы матэрыял па справе.

Андрэй Жукавец сваёй віны не прызнае. На ягоную думку, абвінавачванні сфальшаваныя, а прадстаўленыя беларускім бокам дакументы з'яўляюцца толькі копіямі, а арыгіналаў няма. Ён бароніцца самастойна, без адваката, выдатна валодае польскай мовай і не патрабуе перакладчыка. Таксама Жукавец падаў свой пазоў у суд у сувязі з памылкамі ў перакладзе дакументаў, датычных працэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?