Захворванні органаў зроку займаюць першае месца па распаўсюджанні ў вучнёўскай моладзі.
Пра гэта на сумеснай калегіі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства спорту і турызму 29 ліпеня ў Мінску паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Іван Рыжко.
Паводле яго слоў, калі ў першых класах ад міяпіі (блізарукасці/нізкавокасці) пакутуюць прыкладна 7% школьнікаў, то бліжэй да выпускных класаў іх працэнт узрастае да 20. На другім месцы па ступені распаўсюджання знаходзяцца розныя парушэнні паставы, на трэцім — псіхічныя захворванні.
У цэлым, паводле слоў Рыжко, згодна з вынікамі дыспансерызацыі ў Беларусі прыкладна 26% дзяцей маюць I групу здароўя, гэта значыць здаровыя, прыкладна 58% — II групу (перанеслі нейкія захворванні або часта і працягла хварэюць), прыкладна 14% — III групу (з хранічнымі захворваннямі) і прыкладна 2% — інваліды.
Спецыяліст паведаміў, што 45 дзяцей знаходзяцца на ўліку ў наркалагічнай службе з дыягназам «алкагалізм» і восем — «наркаманія». Кажучы аб праблеме падлеткавай цяжарнасці, Рыжко зазначыў, што ў Беларусі такіх выпадкаў у 2,5 разу больш, чым у краінах Заходняй Еўропы, дзе, паводле статыстыкі СААЗ, фіксуецца 5–20 выпадкаў цяжарнасці на тысячу дзяўчат 15–19 гадоў. Прыблізна 70% падлеткавай цяжарнасці ў Беларусі заканчваюцца родамі.
На думку Рыжко, для вырашэння названых праблем неабходна ўмацаваць
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан таксама канстатавала праблему недастатковай фізічнай нагрузкі вучнёўскай моладзі. «Міністэрства аховы здароўя выступае за тое, каб усе мерапрыемствы, звязаныя з фізічнай нагрузкай, не выносіліся за межы навучальнай праграмы, — сказала яна. — Сёння, як правіла, іх стараюцца перанесці на суботнія дні».





