30 ліпеня завяршылася адпраўка ва Узброеныя сілы і іншыя вайсковыя фарміраванні краіны грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве вясной-летам 2010 года.

Усяго на тэрміновую службу ў армію і іншыя вайсковыя фарміраванні накіравана каля 10 тысяч чалавек, на службу ў рэзерве — каля 2 тысяч. Адпраўка ў войскі праводзілася з 14 ліпеня. Цяпер у злучэннях і часцях для навабранцаў арганізаваны курсы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Ваенную прысягу яны прымуць 14 жніўня.

Вывучэнне і адбор грамадзян, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, ажыццяўляліся ваеннымі камісарыятамі краіны, а таксама прадстаўнікамі вайсковых часцей Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў з 25 мая па 13 ліпеня.

Прызыўная кампанія праводзілася ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 16 красавіка 2010 года № 182 «Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве, і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў красавіку-верасні 2010 г.».

Указам устаноўлена, што пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС грамадзяне, прызваныя на тэрміновую ваенную службу, накіроўваюцца ў вайсковыя часці і фарміраванні, якія не знаходзяцца на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, і прызначаюцца на вайсковыя пасады, не звязаныя з работамі па эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпраменьвання, звышвысокіх частот і работамі з кампанентамі ракетнага паліва.

Прэзідэнт прадпісаў Беларускай чыгунцы забяспечыць па заяўках Мінабароны, іншых дзяржорганаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, перавозку ваеннаслужачых тэрміновай службы і рэзервістаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны, і грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве.

Ваенным камісарам на падставе адпаведных рашэнняў раённых (гарадскіх) прызыўных камісій даручана накіроўваць у органы пракуратуры матэрыялы на грамадзян, якія ўхіліся ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, для прыцягнення іх да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

Інфармацыя аб выніках прызыўной кампаніі павінна быць прадстаўлена ўрадам прэзідэнту да 20 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?