Дзень індыйскай кухні, што святкаваўся 17 жніўня ў рэстаране Taj, меў сваёй мэтай не толькі прадэманстраваць усё багацце індыйскай кухні, але і святкаванне Дня незалежнасці Індыі (15 ліпеня).
Само афармленне рэстарана і ў звычайныя дні адразу пераносіць наведвальнікаў у атмасферу Індыі, а ў гонар Дня незалежнасці падабенства стала поўным. Тым больш што праводзілася свята ў межах конкурсу «Прадукт года — 2010». Індыйская кухня — трэцяя па папулярнасці ў свеце: тут і вострыя, і салодкія стравы, і прасмажаныя спецыі, і нацыянальны хлеб, што вырабляецца адразу тут. Спецыяльна для захавання аўтэнтыкі, ў рэстаране ўсталяваная традыцыйная індыйская печ «тандур». Галоўны ж сакрэт індыйскай кухні, па словах супрацоўнікаў «Таджа», — гэта тыя эмоцыі, якія ўкладае кухар у сваю працу — менавіта ад іх залежыць якасць і смак гатовай стравы. Тое ж самае растлумачыў і прысутны на свяце паўнамоцны амбасадар Індыі Рамеш Чандэр. Адміністрацыя рэстарана прапанавала майстар-клас па прыгатаванні індыйскіх страваў, якія, аднак, не так проста прыгатаваць дома — інгрыдыенты вельмі спецыфічныя, кшталту хатняга сыру панір, які робяць у самім рэстаране. Паколькі пісаць і чытаць пра смак ежы — рэч амаль бессэнсоўная, «НН» прапануе вам паспрабаваць самастойна прыгатаваць некаторыя індыйскія стравы.

Бульбяны суп па-індыйску.

Што трэба ўзяць:

Вада — 800 грамаў

Бульба — 4 штукі

Масла — 3 лыжкі

Рэпчатая цыбуля — 2 штукі

Морква — 2 штукі

Кетчуп — 3 лыжкі

Соль — палова гарбатнай лыжкі

Молаты чорны перац — чвэрць гарбатнай лыжкі

Нацерты сыр — 3 гарбатныя лыжкі

Бульбу трэба зварыць і прапусціць праз сіта альбо зрабіць пюрэ, паступова развесці кіпнем. Растапіць масла і абсмажыць цыбулю і моркву да з’яўлення карычневай скарыначкі, змяшаць з супам (пюрэ). Дадаць кетчуп, соль, перац і зноў варыць 5–10 хвілін. Гатовы суп пасыпаць сырам.

Бараніна, запечаная ў віне.

Бараніна — 8 кавалкаў (на чатыры персоны)

Чырвонае віно — 2 лыжкі

Соль — 1 гарбатная лыжка

Вада — 8 лыжак

Алей — 1 лыжка

Лімонны сок — 2 лыжкі

Па вялікай шчэпці парашку імбіру і часнаку, сумесі вострых прыправаў і чорнага перцу.

Зрэжце з бараніны залішні тлушч, прамыйце яе і абсушыце ручніком. 30 хвілін марынуйце бараніну ў лімонным соку з вострымі прыправамі. Пракаліце кожны кавалак бараніны некалькі разоў відэльцам і пакладзіце ў вогняўстойлівы посуд. Зверху налейце змяшанага з вадой віна і дадайце алею.

Змясціце бараніну ў духоўку, нагрэтую да 230 градусаў, і гатуйце цягам 1,5 гадзіны.

У якасці гарніру рэкамендаваныя рыс і салата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?