Сёлета ў ходзе ўступнай кампаніі ўпершыню не было выяўлена сур’ёзных правапарушэнняў. Аб гэтым паведаміў 25 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у 2010 годзе ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Анатоль Рубінаў.

Паводле яго слоў, увядзенне ў Беларусі сістэмы цэнтралізаванага тэставання дазволіла «практычна выключыць праяўленні карупцыі».

Сёлета, дадаў Рубінаў, быў толькі адзін выпадак, які ўскосна тычыўся паступлення: дырэктар адной з сярэдніх школ Полацка прымусіў настаўнікаў перапісаць школьныя журналы, каб павялічыць некаторым выпускнікам сярэдні бал атэстата. Гэтая справа перададзена ў суд.

Акрамя таго, паводле звестак кіраўніка дзяржкамісіі, 18 супрацоўнікаў ВНУ і ССНУ ў ходзе ўступнай кампаніі былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

У цэлым жа, падкрэсліў Рубінаў, сёлетняя ўступная кампанія прайшла «спакойна, у спрыяльна псіхалагічнай абстаноўцы, вострых момантаў практычна не было».

Паводле звестак Мінадукацыі, у 2010 годзе студэнтамі ВНУ ўсіх форм уласнасці сталі 92,9 тыс. чалавек (90 тыс. — у 2009-м). У дзяржаўныя ВНУ залічана 80,5 тыс. студэнтаў, у прыватныя — 12,4 тыс. На дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі залічана 25,9 тыс. чалавек (25,2 тыс. — у 2009-м).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?