Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандр Мілінкевіч і Рыгор Кастусёў заяўляюць пра небяспеку страты дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

«Безадказныя і антыдэмакратычныя дзеянні ўлад не толькі перашкаджаюць збліжэнню Беларусі з аб’яднанай Еўропай, але і ствараюць небяспеку страты дзяржаўнай незалежнасці», — гаворыцца ў сумеснай заяве палітыкаў, прымеркаванай да гадавіны надання Вярхоўным Саветам моцы канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (25 жніўня 1991 года).

У заяве зазначаецца, што «многія з палажэнняў Дэкларацыі так і не былі ўвасоблены ў рэальным жыцці». «З 1994 года ў Беларусі пабудавана аўтарытарная мадэль дзяржавы, якая парушае правы і свабоды беларусаў, грэбуе народным волевыяўленнем і ўсяляк стрымлівае развіццё дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці», — заяўляюць апазіцыйныя палітыкі.

Разам з тым, падкрэсліваюць Мілінкевіч і Кастусёў, «сучасная суверэнная еўрапейская дзяржава — гэта дэмакратычная дзяржава, у якой улада ажыццяўляецца народам, а не ўзнесеным над усімі дыктатарам». «Такая дзяржава бярэ ўдзел у агульнаеўрапейскіх ініцыятывах, што будуюцца на прынцыпах павагі правоў чалавека і дэмакратычных свабод», — гаворыцца ў заяве.

«Шлях да сапраўднай незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі — гэта шлях у аб’яднаную Еўропу. Незалежнасць Беларусі, пабудова дэмакратыі і еўрапейскі кірунак развіцця нашай краіны — узаемазвязаныя каштоўнасці», — падкрэсліваюць намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?