Дзяржаўнае прадпрыемства вырашыла асвяціць сваю прадукцыю, але з-за гэтага яна не трапіла ў продаж. У крамах палічылі, што «праваслаўнае» харчаванне будзе адпужваць пакупнікоў-каталікоў і мусульманаў.

На пачатку жніўня іерэй Андрэй Смольскі з блаславення архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзмітрыя асвяціў абсталяванне і прадукцыю Віцебскага садавіна-агародніннага камбіната. На ім вырабляюць харчаванне для дзяцей, кормячых і цяжарных жанчын. Як патлумачыў начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Сяргей Рыжоў, запрасілі святара на камбінат пасля праведзеных маркетынгавых даследаванняў.

Сяргей Рыжоў: «Былі праведзеныя пэўныя маркетынгавыя даследаванні, былі апытаныя рэспандэнты, якія выказалі шэраг прапаноў па паляпшэнні прадукцыі, якую мы выпускаем. У тым ліку, каля 80% апытаных выказалі жаданне бачыць на паліцах крам прадукцыю, асвечаную праваслаўнай царквой. Такое пажаданне выказалі перш за ўсё цяжарныя і тыя жанчыны, якія кормяць малых дзяцей».

Святар быў на камбінаце 6 жніўня. А ўжо 9 жніўня, кажа Сяргей Рыжоў, прадпрыемства планавала адгрузіць першыя партыі сваёй прадукцыі ў крамы. Але раптам сутыкнулася з нежаданнем апошніх гандляваць асвечаным дзіцячым харчаваннем.

Сяргей Рыжоў: «Ёсць прадпрыемствы нават у нашым абласным цэнтры, якія катэгарычна адмовіліся браць прадукцыю, якую асвяціла праваслаўная царква. Афіцыйнай адмовы мы ад іх не атрымалі, але ёсць вуснае распараджэнне іх кіраўнікоў, сэнс якога ў тым, што калі яны пабачаць на паліцах сваіх крам гэтую прадукцыю, то таваразнаўцы, якія яе прынялі, будуць звольненыя».

А перад гэтым, кажа ён, ад прадпрыемства патрабавалі пісьмовага пацвярджэння з епархіі, што такое блаславенне было атрыманае. Але і пасля гэтага дзіцячае харчаванне, асвечанае праваслаўным святаром, крамы браць не пачалі.

Каб праверыць атрыманую інфармацыю, Еўрарадыё патэлефанавала ў харчовую краму Віцебска і запытала пра наяўнасць асвечаных дзіцячых сокаў і кансерваў.

Прадаўшчыца крамы № 137: «Пакуль у нас яшчэ не было такой — асвечанай».

Ледзь не палова харчовых крам Віцебска належыць акцыянернаму таварыству «Веста». Як патлумачыла Еўрарадыё супрацоўніца гандлёвага аддзела арганізацыі, пакуль яны дзіцячае харчаванне мясцовага камбіната не бралі, таму што патрэбы няма. Але хутка яна з’явіцца. Але браць асвечаныя праваслаўным святаром пюрэ і сокі яны перасцерагаюцца без адпаведнага дазволу чыноўнікаў выканкама.

Супрацоўніца ААТ «Веста»: «Мы ў курсе ініцыятывы камбіната, але мы не прынялі ніякага рашэння на гэты конт (Браць прадукцыю на рэалізацыю. — Еўрарадыё). Як вы лічыце, калі я каталік і прыйшла ў крамы за дзіцячым харчаваннем, то я павінна пайсці з яго? Шмат рэлігійных канфесій у краіне. І ў Віцебску ў тым ліку. Што я павінна адказваць на такія вось словы пакупнікоў? Мне б хацелася, каб гэта пракаментавалі органы кіравання».

А яшчэ, кажа, нядрэнна было б атрымаць каментар ад святароў. Напрыклад, наконт таго, што асвечаны слоічак з-пад дзіцячага харчавання пасля выкарыстання пойдзе ў сметнік.

Супрацоўніца ААТ «Веста»: «Хай яны адкажуць на гэтыя пытанні і гандлю дадуць магчымасць паступаць правільна. Бо сёння мы стаім тварам да спажыўцоў. Мне не хацелася б пакрыўдзіць ні мусульманіна, ні католіка, ні праваслаўнага. Калі гэта правільна з пункту гледжання царквы-то ўсё добра».

Факт таго, што дзіцячае харчаванне не бяруць на рэалізацыю мясцовыя крамы толькі з-за таго, што яно асвечанае праваслаўным святаром, выклікаў у начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама Ірыны Супрун недавер.

Ірына Супрун: «Такога не можа быць! У нас ва ўсіх крамах ёсць спецыялізаваныя куткі дзіцячага харчавання і ўсё астатняе. Тут неяк не так сфармулявана было пытанне альбо адказ на яго».

І паабяцала адразу заняцца гэтай праблемай. Паводле яе словаў, калі некаму патрэбны штуршок з выканкама для таго, каб пачаць гандляваць асвечаным дзіцячым харчаваннем, то яны яго атрымаюць.

Здзіўляецца таму, што асвечаная прадукцыя камбіната не патрапіла ў продаж, і іерэй Андрэй Смольскі.

Андрэй Смольскі: «Можа, у кагосьці перасцярогі ўзніклі, жаданне разабрацца з сітуацыяй, „каб чаго не выйшла“. Але ж гэта добра — асвячалася прадукцыя не толькі для дзяцей, але і для цяжарных, і для тых жанчын, якія кормяць немаўлят».

І, кажа, факт таго, што асвечанай прадукцыі да гэтага часу няма на паліцах, выклікае ў святароў епархіі неразуменне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?