У красавіку г.г. газэта «Наша Ніва» атрымала ліст за подпісам намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму М.Ціцянкова ад 10.04.2006, у якім гаварылася, што «разьмяшчэньне газэты «Наша Ніва» ў горадзе Менску немэтазгоднае». На дасланую ў гарвыканкам скаргу адказу газэта не атрымала.

Варта адзначыць, што Закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі не прадугледжвае ўзгадненьня разьмяшчэньня выданьняў зь мясцовымі выканаўчымі органамі. Акрамя таго, заканадаўства не ўтрымлівае паняцьця «мэтазгоднасьці». Таму юрыдычна ўсё гэта не вытрымлівае крытыкі. Тым ня менш, пачынаючы з таго часу ў газэты пачаліся нягоды.

Дамова на арэнду офісу газэтай была разарваная. Выдавец газэты знаходзіў новы офіс, але як толькі інфармацыя пра новы адрас разьмяшчэньня газэты падавалася, у адпаведнасьці з заканадаўствам, у Міністэрства інфармацыі і ўпраўленьне юстыцыі Менскага гарвыканкаму, на працягу лічаных дзён і новы арэндадаўца без тлумачэньня прычынаў разрываў толькі што ўкладзеную дамову арэнды.

Гэтая сытуацыя паўтарылася ўжо чатыры разы, з арэндадаўцамі розных формаў уласнасьці. Кожнаму ясна, хто прымушаў іх панічна касаваць выгадныя дамовы.

Адсутнасьць юрыдычнага адрасу дае падставу для адкліканьня пасьведчання аб рэгістрацыі газэты. Усе ганеньні «Нашай Нівы» сёлета даюць падставу меркаваць, што ўлады працягваюць рыхтаваць закрыцьцё газэты.

Няхай уціск беларускай мовы і культуры мацней згуртуе нас усіх, тых, хто гаворыць, і тых, хто маўчыць, вакол гэтых найвялікшых нацыянальных каштоўнасьцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?