Я размаўляю з Аляксандрай і Канстанцінам у менскай кавярні. Яны заўсёды адкрытыя ў размове, але папрасілі абмінуць палітыку і «Эўрабачаньне». Тым ня менш, абмяркоўваючы новы дыск і беларускі шоў-бізнэс, мы ўсё роўна няўхільна натыкаемся на «забароненую» тэму.

Гісторыя дуэту падзяляецца на два пэрыяды — да Стамбулу і пасьля. «Нам давялося расплачвацца за чужы непрафэсіяналізм, але нас гэта добра загартавала», — кажуць яны. У час падрыхоўкі да фэстывалю «АіК» трапілі ў аўтааварыю. Прэса тады паведаміла, што яны не пацярпелі, аднак у Косьці быў пералом трох касьцей, у Сашы — пашкоджаны твар. Празь дзень яны ўжо стаялі на здымачнай пляцоўцы. «Я пабываў у скуры ўлюбёнага пэрсанажа — Айвэнга», — згадвае Канстанцін.

З таго часу, як гледачы БТ прагаласавалі за «АіК» на адборы на «Эўрабачаньне-2004», музыкам прыйшлося прывучацца да новага для сябе статусу. Замест начных бараў Барысава і Менску іх запрашалі выступаць на VIP-вечарыны (адыгралі на вясельлі Макса Мірнага) і буйныя канцэрты (сумесна з Русланай яны гралі ў Львове перад саракатысячнай аўдыторыяй). Але пасьля пройгрышу пачалося й цкаваньне — па сёньня раз-пораз у прэсе кідаюць крытычныя стрэлы.

Каб даказаць самім сабе і слухачам, чаго яны вартыя, «АіК» зачыніліся ў студыі. Балазе, Міхаіл Фінберг, можа, наймацней падтрымаў дуэт пасьля «Эўрабачаньня». Праца ў нацыянальным аркестры не абмяжоўвала творчай свабоды. Альбом, які мае працоўную назву «Па-за аблокамі», — плён году пошукаў.

Паводле прызнаньня «АіК», яны пайшлі на зьмяненьне стылю дзеля пашырэньня аўдыторыі: ад інтымных камэрных твораў сягнулі ў этна-ф’южн — больш танцавальны кірунак. «Ня хочам быць шырокавядомымі ў вузкіх колах». Сама душа прасіла ўскладненьня аранжыровак, больш яркай палітры».

Акрамя беларуска- і ангельскамоўных песень, у альбоме ёсьць і песьня па-літоўску — «Антылёпа», зь якой дуэт стаў ляўрэатам на фэстывалі «Palangos gaida 2005». Але база — беларуская этніка — засталася. «Нават у ангельскамоўных песьнях мы захоўваем беларускі пачатак. У пройгрышы «Stairs of Separation» чуваць мэлёдыя «Лявоніхі», а ў «Money & The Mountains» гучыць акарына — падарунак нашай магілёўскай прыхільніцы». Той факт, што «АіК» адзіныя сёлета зьнялі кліп на беларускую песьню, гаворыць сам за сябе.

Аляксандра і Канстанцін пяюць разам ад 1998. Датуль Канстанцін іграў у гурце «SamGrey», а Аляксандра скончыла музычную школу па клясе фартэпіяна. Яна пераможца конкурсу «Зорная ростань». Выданьне альбому «За ліхімі за марозамі» падтрымаў БелАЗ. У аркестры Фінберга ад 2002. Рэліз альбому «Па-за аблокамі» заплянаваны на студзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0