На «Беларусьфільме» распачынаюць здымкі чатырохсерыйнай тэлестужкі «Талаш» паводле аповесці Якуба Коласа «Дрыгва». Здымкі пачнуцца ўжо гэтым вераснем.

Генадзь Гарбук. Фота svaboda.org.

Генадзь Гарбук. Фота svaboda.org.

Павал Харланчук. Фота naviny.by.

Павал Харланчук. Фота naviny.by.

— Пад Смалявічамі ўжо пабудаваныя дэкарацыі, — кажа рэжысёр фільма Сяргей Шульга. — Чакаем бабінага лета, каб зняць летнюю натуру. Акрамя гэтага, здымем баль у Пружанскім палацыку і тамсама — зімовыя баі.

Акторскі склад для фільма «Талаш» ужо вызначаны — гэта збольшага акторы Купалаўскага і Тэатра імя Горкага.

Настасся Баброва здымецца ў ролі Аўгінні, а Андрэй Крывецкі — у ролі Макара. Акрамя гэтага, задзейнічаныя такія выбітныя акторы, як Аўгуст Мілаванаў і Генадзь Аўсяннікаў.

Дзеда Талаша будзе граць народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Паводле сцэнару супрацьстаяць яму будзе Сцяпан, яго сыграе малады, але ўжо вядомы актор Купалаўскага Павал Харланчук.

У стужцы беларусы будуць размаўляць па-беларуску, палякі — па-польску, а бальшавікі, адпаведна, — па-расійску.

— Паляшуцкай гаворкі, на якой размаўлялі дзед Талаш і яго аднавяскоўцы, у стужцы, да жалю, не будзе, — працягвае аповед Сяргей Шульга. — Мы прыйшлі да высновы, што стужка павінна быць зразумелая большаму колу гледачоў, таму абралі класічны варыянт беларускай мовы, а не яе дыялект. У дадатак, я быў супраць трасянкі — беларускую мову трэба вяртаць.

Шульга, які са згоды сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча напісаў таксама сцэнар, не раскрывае ўсіх суплётаў сюжэту. Але вядома, што да сцэнаў Першай сусветнай і Савецка-польскай вайны 1918—1920 г. дадаўся любоўны трохкутнік, якога не было ў коласаўскай «Дрыгве». Будуць сцэны з гістарычнымі постацямі, у прыватнасці, з правай рукой Пілсудскага, камісарам па Беларусі Ежы Асмалоўскім.

Нягледзячы на запрошаную каскадзёрскую групу і здымкі трох вялікіх баёў, рэжысёр «Талаша» лічыць, што гэта будзе хутчэй псіхалагічнае кіно, дзе вайна прысутнічае адно як фон, як цяжкія абставіны, якія прымушаюць людзей рабіць свой выбар.

— Асноўнай тэмай зробіцца беларуская незалежнасць, прага людзей да самастойнасці, — кажа Шульга. — У стужцы Макар Балук, камандзір партызанскага атраду, выказвае думку: «Давайце самі будзем ваяваць за сябе, супраць і тых, і тых», — але больш разважлівы дзед Талаш адказвае: «Не, не здужаем, сілы ў нас замала, трэба вызначацца — выбіраць чыйсьці бок. Бо калі самі пойдзем, і тыя, і гэтыя сатруць нас на парашок».

Тэлестужку «Талаш» павінны скончыць у канцы мая 2011-га. Потым яе, хутчэй за ўсё, пакажуць па беларускіх каналах. Рэжысёр дадае, што будуць падрыхтаваныя ўсе ўмовы, каб у выпадку поспеху тэлефільма зрабіць з яго паўнакроўны мастацкі фільм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?