На расійска-беларускай мяжы выявіўся пралаз, праз які ў РФ ідуць танныя аўто.

Розніца ў кошце выражаецца ў шасці-, а для дарагіх аўтамабіляў — у сямізначных лічбах.

Перад запускам Мытнага саюза расійскія чыноўнікі не раз заяўлялі, што не дапусцяць ўвозу ў Расію танных іншамарак з Беларусі. Справа ў тым, што мыты на імпарт аўтамабіляў у Беларусі былі ніжэйшыя, чым у Расіі. З 1 студзеня 2010 для юрыдычных асобаў яны былі падвышаныя да ўзроўню расійскіх, а для фізічных засталіся на ранейшым узроўні.

Расійскія дылеры асцерагаліся, што фізасобы ўвязуць у Беларусь вялікую колькасць аўтамабіляў для перапродажу. Яны так і зрабілі:
па дадзеных Белстата, за першае паўгоддзе 2010 грамадзяне імпартавалі ў Беларусь 113 800 іншамарак — на 60% больш, чым у той жа перыяд 2009 Але гэта было ўлічана: расійскі бок зрабіў агаворку, што калі аўтамабіль будзе ўвезены ў Беларусь фізасобай па нізкіх мытах, пры ўвозе ў Расію давядзецца даплаціць розніцу.

Аднак, паводле ліста Федэральнай мытнай службы РФ ад 19 ліпеня 2010 № 01–11/35237 «Аб ажыццяўленні мытных аперацый і мытным кантролі аўтамабіляў для асабістага карыстання, якія перамяшчаюцца праз расійска-беларускі ці расійска-казахстанскі ўчасткі дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі», у Расію можна бязмытна ўвозіць патрыманыя аўтамабілі, калі ў Беларусь яны былі ўвезеныя да 1 студзеня 2010 (і адпавядаюць нормам «Еўра-4»).

Новыя аўтамабілі, растаможаныя ў Беларусі юрасобай (напрыклад, афіцыйным дылерам), можна ўвозіць у Расію ўвогуле без абмежаванняў — і, як аказалася, гэта вельмі выгадна. Справа ў тым, што ў Беларусі па ўказе Аляксандра Лукашэнкі ад 24 лістапада 2005 № 546 ПДВ у 20% налічваецца толькі на розніцу паміж закупачнай і адпускной цаной аўтамабіля. А ў Расіі ПДВ у 18% налічваецца на поўны рознічны кошт аўтамабіля.

Самі дылеры ў выніку плацяць дзяржаве прыкладна аднолькавую суму (з улікам таго, што расійскія атрымліваюць потым вылік), але пакупнікі аддаюць беларускай дзяржаве істотна менш, чым расійскай,
тлумачыць кіроўны партнёр мінскага офіса юрфірмы Magisters Дзяніс Туравец. Так, машына адпускным коштам у 10 000 даляраў пры мыце ў 30%, дылерскай маржы ў 2000 даляраў і супастаўных падатковых плацяжах у Расіі будзе каштаваць 17 700 даляраў, а ў Беларусі — 15 400, падлічыў партнёр Goltsblat BLP Уладзімір Чыкін.

Розніца ў ПДВ атрымліваецца істотнай, пацвярджаюць топ-менеджары трох беларускіх афіцыйных дылераў. Чым даражэйшы новы аўтамабіль, тым, натуральна, выгадней купляць яго ў Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?