«Днямі мы страцілі Алега Бябеніна. Гэтая смерць, як і смерці нашых калег Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, пакідае больш пытанняў, чым адказаў», —
гаворыцца ў заяве грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў, які адзначаецца 8 верасня.

«А тыя, хто пачынае шукаць гэтыя адказы, самі рызыкуюць жыццём. Гэтак пасля апублікавання артыкула „Пятля“ з версіямі наконт прычын гібелі Алега Бябеніна нашай калезе Святлане Калінкінай адразу ж сталі пагражаць расправай», — адзначае БАЖ.

Паводле меркавання журналісцкай арганізацыі, мэта гэтых «брутальных і беспакараных дзеянняў» — задушыць любое іншадумства.

«Спалохацца і замаўчаць — значыць, пагадзіцца з роляй паслухмяных статыстаў, у якой хацелі б бачыць журналістаў цемрашалы і злачынцы.
Але маўчанне не гарантуе бяспеку. Быць пільнымі — значыць, бачыць, што адбываецца, і не маўчаць. Быць салідарнымі — значыць, быць неабыякавымі адзін да аднаго і гатовымі прыйсці на дапамогу. Толькі так мы здолеем адстаяць сваё права на прафесію і на жыццё», — адзначаецца ў заяве БАЖ.

Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў адзначаецца кожны год 8 верасня. Гэтую дату заснавала ў 1958 годзе Міжнародная арганізацыя журналістаў у памяць пра свайго чэшскага калегу Юліуса Фучыка, закатаванага гітлераўцамі 8 верасня 1943 года.

Цела апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна, кіраўніка сайта «Хартыя’97», было знойдзена ўвечары 3 верасня ў яго дачным доме ў Дзяржынскім раёне. Экспертыза ўстанавіла, што прычынай смерці з’яўляецца асфіксія з прычыны задушэння пятлёй пры павешанні, паведаміў пракурор Дзяржынскага раёна Сяргей Каўрыгін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?