Ва ўсіх навучальных установах Беларусі з 1 верасня забаронена курэнне.

Згодна з загадам Міністэрства адукацыі Беларусі № 516 ад 27 ліпеня 2010 года, курэнне забаронена не толькі ў навучальных карпусах, але і на ганку карпусоў і нават на прылеглай тэрыторыі навучальнай установы.

Як паведамілі ва ўпраўленні сацыяльнай і выхаваўчай работы Мінадукацыі Беларусі, гэты загад быў падрыхтаваны для прадаўжэння працы па прафілактыцы тытунекурэння і прапаганды здаровага ладу жыцця.

Нагадаем, курэнне ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання забаронена ў Беларусі яшчэ ў 2002 годзе ў адпаведнасці з пунктам 38 палажэння «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў», зацверджанага дэкрэтам прэзідэнта.

У Мінску аб’яўлена некалькі зон, свабодных ад курэння, — Цэнтральны дзіцячы парк імя М.Горкага, Парк Чалюскінцаў, Мінскі гарадскі заапарк, Цэнтральны батанічны сад, парк забаў «Дрымленд», Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт, паркавая зона мікрараёна Малінаўка і іншыя аб’екты.

Нагадаем, згодна з апошнімі данымі, у Беларусі доля курцоў сярод мужчын складае больш за 50%, сярод жанчын — больш за 20%.
З 2001 года колькасць курцоў у цэлым у краіне скарацілася, аднак адбываецца гэта галоўным чынам за кошт мужчын. Доля жанчын-курцоў павялічылася з 19,7% у 2001 годзе да 21,4% у 2009 годзе.

Мінадукацыі сумесна з іншымі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі рэгулярна праводзіць мерапрыемствы, скіраваныя на прафілактыку тытунекурэння. Так, з 15 па 31 мая ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь супраць тытуню», а таксама Сусветнага дня адмовы ад курэння (20 лістапада) ва ўстановах праводзяцца інфармацыйныя і прапагандысцкія мерапрыемствы па праблемах прафілактыкі нікацінавай залежнасці і здаровага ладу жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?