За 10 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі зменшылася на 541 тысячу, або 5,4%, сведчаць вынікі перапісу 2009 года.
Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч 8 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, на 14 кастрычніка 2009 года колькасць насельніцтва краіны складала 9 млн. 504 тыс. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва склала 46 чалавек на 1 кв. кіламетр. Для параўнання, ва Украіне — 76 чалавек на 1 кв. км, у Літве — 52, у Латвіі — 36, у Польшчы — 122.

Як адзначыла Кухарэвіч, за апошнія 10 гадоў скарачэнне колькасці насельніцтва было больш значным, чым за перыяд паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў. У папярэдняе дзесяцігоддзе насельніцтва зменшылася на 107 тысяч, або 1%.

Колькасць насельніцтва з 1999 па 2009 гады скарацілася ва ўсіх абласцях.
Найбольш істотна — у Віцебскай — на 146 тыс. чалавек, або 10,6%, Мінскай — на 136 тыс., або 8,7%, Магілёўскай — на 114 тыс., або 9,4%. Пры гэтым насельніцтва Мінска вырасла на 156 тыс. чалавек, або 9,3%, і склала на момант перапісу 1 млн. 837 тысяч.

Як паведаміла Кухарэвіч, асноўная прычына скарачэння колькасці жыхароў Беларусі — натуральная страта. За апошнія 10 гадоў гэты паказчык склаў 476 тыс. чалавек, тады як міграцыйны прыток — 84 тыс. чалавек. Акрамя таго, верагоднай прычынай скарачэння насельніцтва можа таксама з’яўляцца адток людзей на працу за мяжу, выказала меркаванне спецыяліст. Паводле яе слоў, ад’язджаюць за мяжу ў асноўным людзі ў працаздольным узросце.

Дзяржава робіць пэўныя захады па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі, створана Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2006–2010 гады, адзначыла Кухарэвіч. Сёння ў краіне назіраецца рост нараджальнасці, аднак ён усё ж не перавышае смяротнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?