Якая нам справа да разборак між Мядзведзевым і Лужковым? Піша Віталь Тарас.

Прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву 14 верасня споўнілася 45 гадоў. Дата не зусім круглая, таму абышлося без юбілейных святкаванняў і адмысловых тэлепраграм. Кіраўнік Расійскай Федэрацыі правёў аўторак у сваёй летняй рэзідэнцыі ў Сочы, хоць гэты дзень для яго афіцыйна працоўны.

Тым не менш, Мядзведзеў атрымаў віншаванні ад прэзідэнта Украіны Януковіча па тэлефоне, а таксама ад прэзідэнта Казахстана Назарбаева.

Імя Аляксандра Лукашэнкі ў паведамленнях пра дзень расійскіх СМІ ў сувязі з тэмай віншаванняў не згадвалася.

Што тычыцца Уладзіміра Пуціна, дык адно з агенцтваў паведаміла, што прэмьер-міністр падрыхтаваў свайму партнёру па тандэме нейкі «сюрпрыз». Магчыма, некаторыя сюрпрызы для расійскага прэзідэнта сёлета былі не толькі прыемнымі. Напрыклад, выхад перадач, у якіх выкрываюцца злоўжыванні мэра Масквы, адразу на трох расійскіх тэлеканалах, з якіх два — федэральныя, сведчыць не толькі пра пачатак інфармацыйнай вайны супраць аднаго з заснавальнікаў партыі «Адзіная Расія» Юрыя Лужкова. (Дарэчы, фільм «Справа ў кепцы», які першым выйшаў у суботу на канале НТВ, паводле сваёй стылістыкі ды аператыўнасці вельмі нагадвае фільм «Хросны бацька».)

Гэта яшчэ зусім не азначае, што час Лужкова і яго жонкі Батурынай разам з фірмай «Інтэка» скончыўся. Прынамсі, урад Масквы падаў ужо ў суд на згаданыя тэлеканалы, а Лужкоў у інтэрвью абверг усе абвінавачанні на свой адрас — у тым ліку, у карупцыі.

Некаторыя палітолагі не без падстаў мяркуюць, што калі б у Мядзведзева было дастаткова сіл, каб зняць Лужкова з пасады (а ён даўно гэтага дамагаецца) фільмаў з мэтай яго дыскрэдытацыі папросту не было б. Дарэчы, тое самае можна сказаць і ў адносінах да «тэлесерыяла» пра Лукашэнку.

Як вядома, Лужкоў адкрыта выступіў супраць змены маршруту хуткаснай магістралі, для будаўніцтва якой пачалі вырубаць лес у Хімках, хоць прэзідэнт даручыў разгледзець розныя варыянты, у прыватнасці, больш бяспечныя з экалагічнага гледзішча. Пры гэтым мэр апеляваў не да каго-небудзь, але да прэм’ера Пуціна. Калі Лужкоў застанецца пры сваёй пасадзе, рэпутацыя Мядзведзева будзе канчаткова «падмочана».

Здавалася б — якая нам справа да разборак унутры расійскай улады ды высвятлення адносінаў паміж цяперашнім прэзідэнтам Расіі і найбольш рэальным прэтэндэнтам на будучы шасцігадовы прэзідэнцкі тэрмін? Магчыма, звычайных выбарцаў у Беларусі гэта не вельмі цікавіць. А вось Аляксандру Лукашэнку яны павінны толькі радаваць. Як заўжды, яму вельмі пашанціла. Не выключана, што ўвага расійскіх СМІ хутка цалкам пераключыцца на перыпетыі вакол мэра Лужкова і магчымы раскол у вярхоўным тандэме.

І тады анансаваны працяг серыяла «Хросны бацька» ні ў верасні, ні пазней мы не ўбачым. А пра інфармацыйную вайну і «цапанне за розныя месцы» усе, у тым ліку Лукашэнка і Пуцін, забудуць. Тады сёлетнія выбары зноў пройдуць пры спрыяльным для ўлады інфармацыйным надвор’і…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?