«Мама, я закахалася. Мы з маім хлопцам вырашылі пажыць разам без ніякіх там штампаў у пашпарце. Праверым, ці падыходзім адзін аднаму». Вельмі часты ў наш дэмакратычны час сцэнарый разгортвання адносін паміж закаханымі дзяўчынай і хлопцам. Ніякіх штампаў, ніякіх абавязацельстваў, ніхто не пасадзіць цябе на ланцуг сямейнага жыцця.

«Ажаніцца мы заўсёды паспеем» — абгрунтоўвае такія шлюбныя адносіны мая знаёмая. «Магчыма, ён моцна храпіць, гэта мяне вельмі раздражняе» — жартуе яна. — Ды і кашулі можна не так выгладжваць і калі суп перасоліш, не так страшна. Гэта ж рэпетыцыя сямейных адносін» — мая знаёмая далей раскрывае плюсы такога рода шлюбу, які ў народзе празвалі проста — «грамадзянскім».

Дарэчы, паняцце «грамадзянскія муж і жонка» настолькі ўкаранілася ў нашай свядомасці як пара, якая не зарэгістравала свае адносіны ў загсе, што амаль ніхто не задумваецца, што яно мае адваротны сэнс: пара, чые сямейныя адносіны якраз-такі юрыдычна аформлены ў органах дзяржаўнай улады. Такое значэнне грамадзянскага шлюбу мае гістарычнае абгрунтаванне. Яго «прыдумалі» яшчэ ў XVІ стагоддзі ў Галандыі — закаханыя розных веравызванняў не маглі вянчацца ў царкве, таму ўлады дазволілі афармляць такія саюзы у мэрыі. У сваю чаргу, юрысты «грамадзянскі» ў народным разуменні шлюб называюць «сужыццём» або «фактычнай сям’ёй». Так, можа, такі шлюб насамрэч і ёсць сужыццё ці гэта нешта большае? І чаму ён становіцца ўсё больш і больш папулярным?

Прыхільнікі «грамадзянскага» шлюбу прыводзяць даволі аргументаў на яго карысць. «Грамадзянскі» шлюб дае магчымасць праверыць адзін аднаго на сумяшчальнасць характараў. Па асобнаму, здаецца, адзін без аднаго жыць не могуць, а калі зыйдуцца — як кот з сабакам. Не туды паставіў посуд, не ў свой час пасцірала шкарпэткі, тэлевізар надта громка робіць ды наогуле абрыдлі мне твае меладрамы, а мне — твой футбол. Хіба мала, што можна не падзяліць і да чаго прычапіцца. Усведамленне таго, што ў цябе ёсць права выбару і ты ў любы момант можаш змяніць сваё жыццё, калі штосьці не падабаецца, дае прыемнае пачуццё незалежнасці. Аднак не варта цешыць сябе гэтым. Як паказвае практыка, наўрад ці вашай другой палавінцы спадабаецца, калі вы без яго дазволу паедзеце адпачываць у няхай нават блізкі ад вас беларускі санаторый. Так што гэта толькі ілюзія, што ў «грамадзянскім» шлюбе вы зможаце жыць па прынцыпу «што хачу, тое і раблю». Таму на пачатку нават «грамадзянскага» жыцця не шкодзіла б акрэсліць рамкі дазволенай свабоды, вашай і вашага партнёра.

«Грамадзянскі» шлюб разглядаюць і як шанец паспрабаваць сябе ў ролі мужа ці жонкі, раптам я не створаны для сямейнага жыцця. Бывае хочуць праверыць сваё пачуццё: можа, гэта і не каханне зусім, а калі так, лёгка і проста разбяжымся ў розныя бакі, ніхто ж нікому нічога не вінен. Прайшло светлае пачуццё, з кім не бывае, ізноў свабодны як вецер у полі, ізноў гатовы акунуцца ў свет новых знаёмстваў. Своеасаблівая прафілактыка разводаў. Усё было б добра, каб не адно істотнае «але». І ў «грамадзянскім» шлюбе нараджаюцца дзеці. Вось і пачынаюцца сапраўдныя праблемы, якія ўсё больш і больш востра даюць знаць пра сябе. Цяжарная жанчына, калі яе «грамадзянскі» муж не збіраецца з ёй ажаніцца ці наогуле не падымае гэта пытанне, ніяк не можа ўцяміць — я чакаю ад яго дзіця, а ён не бярэ мяне за жонку…можа, раскахаў… Хоць бы не кінуў і як гэта быць маці-адзіночкай — нясуцца мімаволі чорныя думкі. Такі стрэс адбіваецца на здароўі жанчыны і дзіцяці. Ды і растлумачыць свайму малому, чаму яго мама і тата не муж і жонка, не самая лёгкая справа…

Дык, можа, жаданне распісацца — не перажытак мінулых часоў, а больш сур’ёзнае стаўленне да стварэння сям’і, да выбару чалавека, з кім не спрабуеш пажыць, а звязваеш свой лёс… Юрыдычнае афармленне адносін дае хоць нейкія гарантыі, што вы для вашай ізбранніцы ці ізбранніка не аднадзёнка, не часовы капрыз. Вучыць прыстасоўвацца адзін да аднаго, вучыць паважаць адзін аднаго. І ў вашага мужа ці жонкі не ўзнікне цяжкасцей, як прадставіць вас знаёмым, а ў вас не ўзнікне пачуццё, што вы муж ці жонка напалову ці, што яшчэ горш, што вы палюбоўнік ці палюбоўніца. Ды і вашыя сямейныя інтарэсы, калі што не так, будуць абараняцца законам — сямейным кодэксам Рэспублікі Беларусь, дзеянне якога не распаўсюджваецца на «грамадзянскія» шлюбы. Справы «фактычных сем’яў разглядаюцца ў рамках грамадзянскага кодэксу. Вельмі складана бывае даказаць, што у вас ёсць агульная маёмасць, у якую вы таксама ўкладвалі сродкі, раз ваш шлюб не зарэгістраваны. Таму, каб камусьці з былых партнёраў не прыйшлося ўсё пачынаць з нуля і ў фінансавым сэнсе, юрысты раяць узаконьваць свае адносіны.

Не адабраюцца «грамадзянскія» шлюбы і рэлігіяй. І ў хрысціянстве, і ў ісламе, і ў іудаізме шлюбы такога роду лічацца грахом. Таму ні ў воднай царкве і ні ў водным касцёле вас не абвянчаюць…

Калі вы ўсё ж вырашылі жыць грамадзянскім шлюбам, лепш заранёў абмяркуйце працягласць і ўмовы такіх адносін. Напрыклад, год мы жывем разам, пасля чаго рэгіструем свой шлюб ці разыходзімся. Гэта выратуе вас ад непаразуменняў і недагаворванняў з вашага боку і з боку вашага партнёра. Не шкодзіла б вырашыць, як вы будзеце распараджаццца сваімі грашыма: ці будзе у вас агульны капітал, можа, нават агульны рахунак у банку ці у кожнага свой бюджэт. І шмат-шмат яшчэ чаго. Яшчэ адзін важны нюанс. Шлюбны дагавор не застрахуе вас ад непрыемных нечаканасцей. Ён уступае ў сілу толькі пасля таго, як вы ўзаконілі свае адносіны, у іншым выпадку — не мае юрыдычнай моцы.

Як і з кім жыць, выбіраць нам самім. Добра было б, каб нашы сем’і не сталі эксперыментам на сумяшчальнасць на ўсё жыццё. Добрых і светлых сямейных адносін вам на доўгія гады.

Як вы ставіцеся да «грамадзянскага» шлюбу?

Васіліса, студэнтка:

— Грамадзянскі шлюб — гэта амаральная з’ява. І той аргумент, што пажывем-пабачым, ці падыходзім адзін аднаму, зусім недарэчны. Так можна спрабаваць, прыцірацца вельмі доўга то з адным, то з другім. Трэба вучыцца ўступаць адзін аднаму, ладзіць. Мне здаецца, грамадзянскі шлюб для тых, хто баіцца адказнасці.

Дзмітрый, аспірант:

— На мой погляд, грамадзянскі шлюб, а насамрэч, гэта проста сужыццё, не больш, чым часовае карыстанне аднаго партнёра другім. Дарэчы, грамадзянскі шлюб — гэта не адкрыццё нашага часу — у рымскім праве такую з’яву называлі канкубінат (рэд.лац. concubіnatus, літаральна значыць жыву, ляжу разам), што поўнасцю раскрывае сутнасць такога роду адносін. Лічу, што ў дачыненні да нашых палавінак, такі шлюб зневажальны.

Вікторыя, студэнтка:

— Калі кахаеш, няма ніякай розніцы, ёсць штамп у пашпарце ці няма. Кахаеш і ўсё тут. А калі твой адзіны захоча пайсці ад цябе, яго ўжо не што не стрымае.

Зінаіда Уладзіміраўна, сацыяльны педагог: — Мы павінны афармляць свае адносіны. Мне здаецца, што гэта асабліва важна для жанчыны, яе пачуццяў. Хто яна ў «грамадзянскім» шлюбе: жонка, палюбоўніца, незразумела. Хоць жанчыны такі шлюб прыраўноўваюць замужжу, большасць мужчын адчувае сябе халасцякамі. Ды і для дзяцей, якія хутчэй за ўсё з’явяцца, такі шлюб можа, у лепшым выпадку, здацца дзіўным.

Святлана Міхайлаўна, дзяжурная ў студэнцкім інтэрнаце:

— Добра адношуся. Мае бацькі самі пражылі так усё жыццё. І ніколі у мяне не узнікала думка, што непаўнацэнная у нас сям’я. І сыны мае так жывуць. І не горш ад гэтага адносяцца да сваіх «грамадзянскіх» жонак. Не бачу нічога кепскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?