Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падтрымае на прэзідэнцкіх выбарах дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку. Аб гэтым заявіў журналістам 15 верасня ў Мінску перад адкрыццём 6-га з’езда ФПБ старшыня ФПБ Леанід Козік.

Нагадаем, напярэдадні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу аб’явіла дату прэзідэнцкіх выбараў на 19 снежня 2010 года.

Паводле слоў Козіка, яшчэ ў снежні мінулага года федэрацыя прафсаюзаў заявіла, што падтрымае кандыдатуру Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У маі гэтага года ФПБ аб’явіла аб гатоўнасці сабраць подпісы для вылучэння цяперашняга прэзідэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Тры дні таму, паводле слоў Козіка, ФПБ зноў аб гэтым адкрыта заявіла.

«Чаму? Я вам хачу растлумачыць. Я ведаю гэтага чалавека шмат гадоў. Я сам чалавек ад сахі, ад станка такарнага. Я бачу, як жыццё развіваецца. Я слухаю тых, хто таксама хоча вылучацца, і бачу іх рэальныя справы — там ніякіх рэальных спраў наогул няма», — сказаў Козік.

«Няўжо вы думаеце, што я, як старшыня ФПБ, буду дапамагаць тым, хто проста меле языком? Я заўсёды скажу: давайце выступаць за таго чалавека, які канкрэтна робіць справы, якія мы бачым, адгукаецца на пытанні ФПБ, які думае аб тым, як зарплату павысіць і іншае», — заявіў прафсаюзны лідар. Паводле яго слоў, Лукашэнка «ганяе ўрад», але «я шмат разоў гаварыў, што яго разганяць трэба па тры разы ў год». «Але не слухае мяне прэзідэнт», — заключыў Козік.

Пры гэтым кіраўнік ФПБ адзначыў, што федэрацыя не мае намеру парушаць дзейныя ў Беларусі законы — усе прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта маюць роўныя правы.

Як паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі, на гэты момант Аляксандр Лукашэнка не рабіў ніякіх афіцыйных заяў аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах. «Калі кіраўнік дзяржавы такое рашэнне прыме — ён шырока аб гэтым заявіць», — падкрэсліў Лёгкі.

Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта таксама паведаміў, што 16 верасня чакаецца выступленне Аляксандра Лукашэнкі на з’ездзе ФПБ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру