Зусім хутка ў Беларусі маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары — найважнейшая палітычная падзея, якая павінная вызначыць лёс краіны як мінімум на найбліжэйшыя пяць гадоў.

Дэмакратычныя сілы падыходзяць да яе раз’яднаныя як ніколі, патануўшы ў бессэнсоўных сварках і разборках, а лідары найбуйнейшых апазіцыйных структур, як бачна, скіраваныя не на працу з людзьмі, а на высвятленне адносін па формуле: «А ты хто такі?» ці «Сам дурань!» Гэта не дадае надзеі ні апазіцыйным актывістам, ні шараговым грамадзянам, якія яшчэ спадзяюцца на змены да лепшага.

На гэтым фоне даволі нядрэнна глядзіцца распачатая ў пачатку года грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», тварам якой з’яўляецца паэт Уладзімір Някляеў.

Трэба адзначыць, што кампанія дзейнічае даволі ўдала, крок за крокам рэалізуючы падрыхтаваны загадзя план па вывадзе свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары.

Па-першае, «Гавары праўду!» літаральна за некалькі месяцаў здолела сфармаваць свае штабы па ўсёй краіне, перакупіўшы амаль усіх дзеяздольных актывістаў з палітычных партый (у Гомельскай вобласці, напрыклад, на «Гавары праўду!» працуюць амаль у поўным складзе структуры АГП і «Справядлівага свету»). Зразумела, што зрабіць гэта без значных фінансавых рэсурсаў было б немагчыма.

Дарэчы, ператрусы, праведзеныя ў траўні гэтага года, засведчылі, што тэхнікай актывісты «Гавары праўду!» былі забяспечаныя таксама даволі нядрэнна.

І з таго, што «Гавары праўду!» пасля ўдару спецслужбаў не толькі не спыніла сваю дзейнасць, а яшчэ больш яе нарасціла, можна зрабіць выснову аб тым, што панесеныя матэрыяльна-тэхнічныя страты былі даволі хутка адноўленыя. А гэта сведчыць, што фінансавыя рэсурсы, якія мае «Гавары праўду!», не ідуць ні ў якае параўнанне з магчымасцямі іншых апазіцыйных гульцоў.

Па-другое, «Гавары праўду!» спрабуе быць усюды і ўсюль паспець: лакальныя кампаніі па зборы подпісаў, агромністыя наклады друкаванай прадукцыі на глянцавай паперы, ці не мільённыя тыражы паштовак з маркамі, фуршэты з нагоды і без з шампанскім і ікрой, выданні кніг і г.д.

Можа ўзнікнуць пытанне: а што тут дрэннага? Людзі рэальна працуюць (у адрозненне ад іншых балбатуноў) ды яшчэ і плацяць добрыя грошы актывістам, якія ў большасці сваёй беспрацоўныя. Ствараюць надзейную і эфектыўную каманду на прэзідэнцкія выбары. Малайцы?!

На першы погляд — так, безумоўна. Але калі паглядзець больш уважліва, узяўшы пад увагу расійскі фактар, які на блізкіх выбарах будзе адыгрываць, па меркаванні экспертаў, ці не найважнейшую ролю, то дзейнасць «Гавары праўду!» бачыцца зусім у іншым ракурсе.

Пра крамлёўскі след у «Гавары праўду!» не казаў толькі лянівы. Гэта стала своеасаблівай «фішкай» любой спрэчкі вакол кампаніі. А 25 жніўня на сайце «Беларускі партызан» быў змешчаны артыкул «Манифест «от лукавого», падпісаны: Яўген Крастоўскі, «Гавары праўду!».

Той, хто рэгулярна чытае матэрыялы сайта «Гавары праўду!», нярэдка сустракаў артыкулы гэтага аўтара. Вылучае іх агрэсіўная, некарэктная, часам адкрыта зневажальная крытыка палітыкаў і арганізацый, як піша Яўген Крастоўскі, «националистического толка».

Вось і ў артыкуле «Манифест «от лукавого» аўтар проста абрынаецца на кіраўніцтва партыі БНФ, якое ініцыявала падпісанне «Маніфеста» з мэтай перадухіліць магчымае ўмяшальніцтва Расіі ў беларускую выбарчую кампанію і заклікала ўсіх патэнцыйных дэмакратычных кандыдатаў адмовіцца ад працы па крамлёўскіх сцэнарах… Падчас чытання артыкула міжволі ўзнікала асацыяцыя з артыкуламі 30-х гадоў, дзе выкрываліся «праклятыя нацдэмы», «ворагі рускага народа»… Артыкул «Манифест «от лукавого» не проста падтасоўвае факты, але і ўтрымлівае самую сапраўдную ману!

Вось толькі адзін перл: «Еще в начале 90-х была замечательная возможность начать строительство гражданского общества в Беларуси, и объединяющая идея была — та самая Чернобыльская катастрофа и ложь власти вокруг нее. Да, врали в Москве, но врали и в Минске! Вот тогда и надо было объединять общество и идти крестовым походом на своих и чужих бюрократов-коммунистов и требовать правду. Да не захотел этого делать Зенон Позняк и часть его окружения, он желал подальше от России убежать, заняв соглашательскую позицию с коммунистическим правящим большинством. А кто мешал после принятия Декларации о независимости и ГК ЧП распустить коммунистический парламент и провести новые выборы? Нет, нужно было играться в бирюльки с национальными символами, переименованиями улиц… Ну, и где наш красивый стяг и древний герб? Где проспект Скорины? Где сам Позняк? Вот я и спрашиваю: Кто подкосил под корень начавшееся развиваться гражданское общество националистическими программами и антироссийскими лозунгами?..»

Такое пішацца ці на замову, ці са шчырай нянавісцю да «праклятых нацыяналістаў»!

Пра тое, як Пазняк дабіваўся прыняцця пастановы пра роспуск Вярхоўнага Савета і прызначэнне новых выбараў, не ведае толькі дурань ці запісны крамлёўскі аратар Яўген Крастоўскі. Не ведае, напэўна, спадар Крастоўскі і пра тое, што рэальная ўлада ў краіне была на той момант у руках урада на чале з Кебічам, прыхільнікі якога якраз і пралабіявалі інстытут прэзідэнцтва ў краіне. А апазіцыя БНФ пры ўсім сваім жаданні проста не мела паўнамоцтваў і рычагоў для пачатку карэнных дэмакратычных зменаў і пабудовы моцнай грамадзянскай супольнасці. Але, маючы ўсяго некалькі дзясяткаў дэпутатаў у спрэс камуністычна-прарасійскім Вярхоўным Савеце, яна змагла зрабіць наздвычай важныя і патрэбныя рэчы.

Лепей бы ўспомнілі пра ролю спадара Фядуты, які цяпер шчыруе ў «Гавары праўду!», а тады працаваў на Лукашэнку і фактычна рабіў усё, каб дыскрэдытаваць нацыянальныя сілы на чале з Пазняком.

Ну, а страшылкі пра гвалтоўную (ледзь не пад пісталетам!) прымусовую беларусізацыю — гэта такая лухта і трызненне, як і знакамітае лукашэнкаўскае «Посадили всех русских на чемоданы»… Выглядае, што прыхільнікі беларускага слова, бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня», беларускамоўнай адукацыі — заклятыя ворагі спадара Крастоўскага, а значыць, і кампаніі «Гавары праўду!». А слова «нацыянальны» Крастоўскім ужываецца выключна ў негатыўна-абразлівым аспекце, амаль як лукашэнкаўскае «свядомыя»…

Выклікаюць абурэнне спадароў з «Гавары праўду!» і тэзісы з «Маніфеста» пра неабходнасць выхаду Беларусі з Мытнага саюза і АДКБ, вывыд расійскіх баз і (Sic!) падтрымка беларускай мовы і культуры… Спадар Крастоўскі прапануе спачатку «создать демократическое общество, способное более не допускать никаких диктатур. Вот тогда-то и уместно озаботиться о языке, культуре, полном нейтралитете, радиационной безопасности и прочих благах цивилизации при, естественно, полной и безусловной независимости…» А зрабіць гэта дапаможа, канечне ж, не хто-небудзь, а «Россия-матушка»: «Теперь вновь из России нам бросают спасательный круг, начав рассказывать белорусам об их же режиме правду. И снова мы подозреваем Москву в имперских амбициях…»

Пра тое, што ўсе паспяховыя еўрапейскія дзяржавы выраслі якраз на нацыянальным грунце, — ні слова. Перад намі знакаміты тэзіс пра тое, што народу не патрэбная «мова» — патрэбная «каўбаса»… Але чамусьці ў самой Расіі няма ні грамадзянскай супольнасці, ні дэмакратыі, урэшце, і каўбасы няма — галеча і беспрасветны алкагалізм, наркаманія і безвыходнасць… Узрываюцца дамы, цэлыя рэгіёны і народы вядуць партызанскую вайну, каб вызваліцца ад крамлёўскіх «выратавальнікаў».

Ну, а пра тое, што Масква не мае імперскіх амбіцый, — гэта проста смех! Пра іх наяўнасць кажуць самі расійскія палітыкі: Лужкоў, Грызлоў, Зюганаў… А найбольш яскрава пра гэта сведчаць падзеі вакол Паўднёвай Асеціі, Крыма, краін Балтыі і г.д.

Вось і вынікае, што «Гавары праўду!» — гэта сапраўды крамлёўскі праект. Засмучае толькі, што прыкрываюцца яны імёнамі Барадуліна і Бураўкіна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру