Зараз гэта суб’екты, несупастаўныя не толькі па фінансавых і людскіх рэсурсах, але і па энергетыцы, драйву, зараджанасці на кампанію.

Уладзімір Някляеў заявіў аб сваім намеры ўдзельнічаць у бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы». Якія апазіцыйныя сілы здольная акумуляваць кампанія «Гавары праўду!» у перыяд актыўнай фазы прэзідэнцкіх выбараў? Ці магчымы сцэнар аб’яднання перадвыбарчых штабоў руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду!»?

Юрый Чавусаў. Заява пра намер вылучаць сваю кандыдатуру, зробленая ў расейскіх мас-медыя, — гэта магутны ход, закліканы дэзарыенаваць сярэдняе і старэйшае пакаленне беларускай наменклатуры. Для многіх чыноўнікаў старой загартоўкі, якія звычцы звяралі час па Маскве, такую заяву на фоне эскалацыі інфармацыйнай вайны і канфлікту Крамля з беларускім дыктатарам можа стаць сігналам аб тым, што ў крамлян на гэтых прэзідэнцкіх выбарах магчымы новы фаварыт.

Але, вядома, ачкоў сярод нацыянальна-дэмакратычнай публікі такі фармат ўступлення Някляева ў выбарчую кампанію наўрад ці дадасць. Хутчэй мы назіраем пацвярджэнне тэорыі «прарасейскага кандыдата», папулярнай у нацыянальна-ангажаванай публікі. Сапраўды: кампанія не адмаўляе расейскае паходжанне сваіх сродкаў, аб’яўляе аб пачатку палітычнай барацьбы з Масквы, падкрэслена адмаўляецца адказваць на праграмныя пытанні, вызначальныя для беларуска-расейскіх адносінаў, але пры гэтым дэкларуе гатоўнасць «утрэсці ўсе канфлікты з Расейскай Федэрацыяй». Што яшчэ трэба для таго, каб быць стыгматызаваным у якасці прарасейскага кандыдата? Двухгаловы арол ў якасці эмблемы кампаніі глядзеўся б занадта адыёзна.

Так што ў сваёй масе сур’ёзныя нацыяналісты пад сцягі колеру марской хвалі не пойдуць, нават БХД пасцеражэцца. Пойдуць некаторыя «орги», разнастайныя тэхнолагі-аналітыкі, ідэалагічна ўсяедная маладзёжка для масоўкі і іншая абслуга. Пра палітычны хаўрус, а тым больш пра канструктыўнае ўзаемадзеянне на ўзроўні структур размовы быць не можа. Не дарма АГП не імкнецца афішаваць свой альянс з ГП — партыі даводзіцца пралічваць гульню больш чым на ход наперад, і ў АГП цудоўна разумеюць, што ёсць рызыка потым не адмыцца.

Не думаю, аднак, што для кампаніі «Гавары праўду!» у яе палітычнай фазе любыя рэсурсы руху «За свабоду», як і любой іншай нацыянальна-дэмакратычнай структуры, уяўляюць якую б ні было цікавасць.

Зараз гэта суб’екты, несупастаўныя не толькі па фінансавых і людскіх рэсурсах, але і па энергетыцы, драйву, зараджанасці на кампанію. Пакуль што тэзіс «бабло перамагае зло» часткай актыву ўспрымаецца станоўча, ён матывуе, стварае адчуванне ўдзелу ў гэтай кампаніі, і толькі нешматлікія з іх ўзгадваюць, якія фінансавыя праблемы паўсталі ў штабе Казуліна пасля пачатку кампаніі.

У той жа час, удзел у фазе збору подпісаў і ў агітацыйнай кампаніі слабага Аляксандра Мілінкевіча з яго вызначаным індэксам вядомасці, не падмацаваным матэрыяльнымі рэсурсамі, было б выгадным для кампаніі «Гавары праўду!». У гэтым палягае хараство гульні па-буйному — калі твой сцэнар з’яўляецца дамінуючым, то і астатнія гульцы міжволі пачынаюць гуляць паводле тваго лібрэта. Так у свой час Казулін падыграў фаварыту апазыцыйных мас Мілінкевічу (на фоне марпеха апошні выглядаў узважаным еўрапейскага ўзроўню палітыкам).

Зараз кампанія «Гавары праўду!» з’яўляецца мэйнстрымам апазіцыйнага жыцця, менавіта з ёй звязаныя асноўныя чаканні энтузіястаў звяржэння беларускай дыктатуры. І гравітацыя такога магутнага цэнтра прыцягвае спачатку дробныя, а потым і больш буйныя элементы палітычнага жыцця. Спачатку гаварыць праўду пачалі апазіцыйныя селебрыціс і шараговыя актывісты, потым рэгіянальныя структуры і грамадскія аб’яднанні, газеты. Зараз усе, каго не занадта палохае расейскі след фінансавага складніка кампаніі, у той ці іншай ступені ўжо ідуць на супрацоўніцтва з ёй.

На тле гэтай кансалідацыі супрацьлеглая частка апазыцыйнага спектру выглядае дзіўна раздробненай.

Мабыць, лідэры БХД, справакаваўшыя развал Беларускага незалежніцкага блоку, самі не чакалі такога поспеху. Цяпер многія з удзельнікаў блоку спрабуюць вырашыць ўласныя арганізацыйныя праблемы, у тым ліку пазіцыянуючы ў якасці сілаў, якія не граюць па маскоўскім сцэнары, які атаясамліваецца з кампаніяй Някляева. «Мы пазмагаемся на два фронты, а потым пойдзем на плошчу» — кажа Партыя БНФ. «Мы не маем нічога агульнага з гэтай авантурай» — кажа рух «За свабоду».

Чатыры гады рух «За свабоду» чэрпаў сэнс свайго існавання ў арыентацыі на прэзідэнцкія выбары. І вось, яны ўжо на гарызонце — а патэнцыйны кандыдат руху робіць заявы аб намеры адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Натуральна, «хлопцы разбягаюцца», але наўрад ці значная іх частка будзе прыцягнутая ў кампанію Някляева.

Аднак калі ўжо параўноўваць гэтыя дзве структуры, то парадаксальным чынам паміж імі можна знайсці нямала агульнага. І тая, і іншая структура пазіцыянуецца як грамадзянская, непалітычныя. І гэта не проста фігура прамовы, але свядомае імкненне заняць месца «над партыйнымі дразгамі». Розніца ў тым, што структура Мілінкевіча была створаная пасля папярэдніх выбараў на аснове непалітычнай часткі яго кампаніі. Някляеў ж вырашыў першапачаткова рабіць стаўку на статус грамадзянскай кампаніі, грамадзянскага непалітычнага лідэра.

Рэгістрацыя і пэўны легальны статус маюць для абедзвюх структур важнае значэнне, паколькі дазваляе прыцягваць да працы людзей, якія асцерагаюцца крымінальнага пераследу за працу ў незарэгістраваным грамадскім аб’яднанні. Рух «За свабоду» дастаткова доўга змагаўся за дзяржаўную рэгістрацыю і, у рэшце рэшт, яе атрымаў. Структура кампаніі «Гавары праўду!» больш складаная: кампанія была ініцыяваная і ажыццяўлялася ўстановай «Рух наперад», які вось ужо некалькі месяцаў існуе ва ўмовах судовага працэсу аб прызнанні рэгістрацыі несапраўднай. Зараз архітэктары кампаніі спрабуюць падаць дакументы на рэгістрацыю структуры ў якасці грамадзкага аб’яднання. Зрэшты, без асаблівай надзеі на атрыманне рэгістрацыі — хутчэй гэта імкненне заручыцца статусам «знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі», які не мае практычна ніякага юрыдычнага значэння, але дазваляе мусіраваць назву «аргкамітэта» у прэсе і выступаць ад яго імя.

Роля лідэраў гэтых грамадзянскіх структур знешне аднолькава вялікая: і Мілінкевіч, і Някляеў з’яўляюцца фронтмэнамі. Але калі кіраванне рухам «За свабоду» мае характар ўсё ж адносна дэмакратычны (нягледзячы на велізарны аўтарытэт старшыні, рашэнні ў аб’яднанні прымае Рада, і часцяком бываюць сур’ёзныя разыходжанні і спрэчкі), то кампанію «Гавары праўду!» у дэмакратычнасці западозрыць складана. Нават з фармальнага пункту гледжання ўстанова, што ініцыявала кампанію, знаходзіцца ва ўласнасці аднаго заснавальніка. Што ж тычыцца рэальнага кіравання кампаніяй, то яно ажыццяўляецца ўсім вядомым вузкім колам наёмных мэнэджэраў-каардынатараў, а вось чые рашэнні яны выконваюць, хто складае савет дырэктараў — не выдаецца.

Так што тут назіраецца несупадзенне стыляў кіравання, якое можа перашкаджаць канвергенцыі штабоў двух структур. Арыентаваныя на рух «За свабоду» людзі прывыклі працаваць у асяроддзі палітычнай барацьбы пад кіраўніцтвам палітычнага лідэра, няхай і беспартыйнага. У кампаніі «Гавары праўду!» практычна няма свядомых прыхільнікаў, а пераважаюць нанятыя работнікі. Але яшчэ больш важна, што і сам Някляеў стварае ўражанне нанятага работніка, якім калісьці быў Казулін.

Цудоўнае фінансавае забяспечанне кампаніі ў параўнанні з рухам «За свабоду» цяпер відавочнае любому знешняму назіральніку. Але парадокс у тым, што ў структурах Мілінкевіча фінансавая матывацыя з’яўлялася другаснай. І зараз, ва ўмовах дэзынтэграцыі руху, пагроза празелітызму хутчэй зыходзіць не ад кампаніі «Гавары праўду!», а ад роднасных ідэалагічных структур, якія ўсё ж пойдуць на выбары. Груба кажучы, на стадыі збору подпісаў актыў структуры Мілінкевіча папрацуе і на Міхалевіча, і на Кастусёва, і нават на Рымашэўскага з Глушаковым. Нешта абломіцца і Някляеву, але няшмат — усе хто хацеў паўдзельнічаць у будаўніцтве гэтай піраміды ўжо ў яго, а больш яму наўрад ці і трэба.

У рэшце рэшт, на стадыі збору подпісаў прафесіяналы (якія збіраюць подпісы за грошы) часта працуюць на некалькіх кандыдатаў. І гэтая кампанія будзе для іх «чосам» — так шмат развялося ахвотных паспрабаваць сябе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Знешняя залежнасць кампаніі «Гавары праўду!» ад спонсараў з Расейскай Федэрацыі робіць гэтую структуру ўразлівай для крытыкі. Усё ж ідэалогія грае ў беларускім палітычным полі пэўную ролю, і калі «справа праўды» не пераможа — тадыў дачыненні да ўдзельнікаў гэтай авантуры на змену скепсісу прыйдзе пагарда. Гэта спыняе многіх патэнцыйных удзельнікаў.

Так што пакуль істотнага пашырэння арганізацыйнай базы кампаніі «Гавары праўду!» чакаць не выпадае.

Працаваць будзе ўжо наняты персанал з ліку АГП і некаторых іншых структур.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру