Спісы забароненых у Беларусі наркатычных рэчываў папоўнілі 24 прэкурсоры і 21 асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.
Гэтая мера замацавана пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 6 верасня 2010 года № 113 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства аховы здароўя ад 28 мая 2003 года № 26».

Акрамя гэтага, як паведамляе прэс-служба МУС Беларусі, падкантрольнымі сталі яшчэ тры расліны, якія ўтрымліваюць псіхатропныя рэчывы сальвінарын, А і эргаметрын. У лік забароненых, у прыватнасці, унесены лісты шалфею прадказальнікаў, насенне гавайскай ружы, а таксама кветкі і лісты блакітнага лотаса.

Спіс забароненых у Беларусі наркатычных рэчываў быў пашыраны па ініцыятыве органаў унутраных спраў. Нагадаем, у студзені і сакавіку гэтага года ў Рэспубліканскі пералік асабліва небяспечных наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю, былі ўключаны 27 псіхатропаў.

Аднак, паводле інфармацыі прэс-службы МУС, «наркагандляры дастаткова хутка адаптаваліся да ўведзенай забароны і сталі распаўсюджваць раней невядомыя і не забароненыя на тэрыторыі Беларусі псіхатропныя парашкі і сумесі». Каб не дапусціць іх масавага распаўсюджвання, МУС чарговы раз хадайнічала перад Міністэрствам аховы здароўя аб пашырэнні пераліку.

«Праблема наркатызацыі беларускага грамадства з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы. Прагрэсуючая дынаміка гэтага працэсу патрабуе ад МУС пастаяннага пошуку новых форм і метадаў процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?