Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на гэтых выбарах змогуць дадаткова купляць эфір на тэлебачаньні і радыё і выпускаць друкаваную прадукцыю. Такая магчымасьць зьявіцца ў іх пасьля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіць палажэньне аб індывідуальным выбарчым фондзе кандыдата ў прэзыдэнты.

Пра гэта сёньня, адказваючы на пытаньне нашага радыё, паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК сказала, што парадак напаўненьня індывідуальнага выбарчага фонду яшчэ будзе вызначацца. Але асноўныя парамэтры ўжо вядомыя. Так, максымальны памер фонду ня можа перавышаць 3000 базавых велічынь.

На сёньняшні дзень гэта 105 мільёнаў рублёў, альбо каля 35 тысяч даляраў.

Ёсьць і іншыя абмежаваньні, кажа Лідзія Ярмошына: «Галоўная ўмова — што гэта спонсарскія грошы грамадзян і арганізацый Рэспублікі Беларусь. Замежныя сродкі (ад грамадзян, арганізацый альбо замежных дзяржаў), сродкі ад бюджэтных арганізацый альбо ад такіх, якія часткова фінансуюцца зь бюджэту, ад рэлігійных арганізацый у дадзеныя фонды паступаць не павінны і ня могуць».

Старшыня ЦВК патлумачыла, на якія мэты можна будзе скарыстаць грошы спонсараў:

«Гэта магчымасьць куплі дадатковага эфірнага часу, выраб дадатковай друкаванай прадукцыі, аплаты працы тых асобаў, якія будуць працаваць у перадвыбарных штабах кандыдатаў. І я спадзяюся, што гэта зробіць выбарчую кампанію кандыдатаў больш разнастайнай».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру