Праглядаючы адну справу ў архіве, натрапіў на адзін ліст, які вырашыў тут змясціць. З аднаго боку, ён нічым не вылучаецца з кагорты
іншых, з іншага – вельмі выразна ілюструе жыццё людзей у двух сістэмах, савецкай і польскай.

Ліст напісаны 14 ліпеня 1933 г. у Расеі і адрасаваны сваякам у Заходнюю Беларусь, якая тады знаходзілася пад Польшчай.

Польская выведка зацікавілася не самім лістом, а тым фактам, што сваякі вялі перапіску паміж сабой і, тым самым, патрапілі пад пільны зрок польскіх службаў, як падазраваныя ў шпіянажы на карысць СССР. Пасля таго, як яго прачыталі, супакоіліся, напісаўшы ў справаздачы, што змест ліста нейтральны і не сведчыць ні аб якім шпіянажы. Сам ліст быў быў пасланы ў Беніцкую гміну Маладэчанскага павета. Не лічу патрэбным яго каментаваць. Няхай кожны сам зробіць вывады. Але з яго зместу бачна, на колькі рознілася жыццё беларусаў па розныя бакі мяжы.

***

Добры дзень Іван і Ксенія і ўсё ваша сямейства. Паведамляем вам, што мы пакуль яшчэ ўсе жывём, але жывём вельмі кепска, ва ўсім маем патрэбу, як у харчах, так і вопратцы. Мы ўжо вам пасылалі тры лісты і ў кожным просім ад вас якой-небудзь дапамогі. Просім мы вас усіх, Якава і Пятра Жойдзіка, вышліце мне хаця б 2-3 пасылкі па 10 фунтаў. Вышліце на штаны матэрыяла і на кашулю і круп ці сухароў, ну што ў вас ёсць, боб, гарох, ну чаго небудзь. І зараз просім выслаць для нас чаго-небудзь. Іван Андрээвіч, папрасі Пятра Жодзіка і яго жонку Елізавету, ці не дадуць яны мне на штаны і кашулю і вы вышліце мне на штаны і на кашулю. Просім усіх вас не адмаўляйце вы нам у нашай просьбе і ў нашай патрэбе, а вышліце, пасабіце вы ў нашым горы. І пасылаем мы вам усім па нізкаму паклону і цалуем мы вас усіх хаця б цераз гэту паперу і жадаем мы вам усім поўнага здароўя ў вашым жыцці. І да пабачэння. Шматлюбячы вас ваш шурын Сідор і сястра ваша Палагея Горская. Просім не адмаўляць нам у нашай просьбе і пасылках. Пасылаў тры лісты, а адказу ад вас няма. 1933 года 14 ліпеня.

Адрас наш: Данская вобласць, станцыя Мальчэўская, пасёлак Навастафанаўскі, атрымаць Сідору Горскаму. Яшчэ прашу вас, Іван Андрээвіч і жонку вашу Ксеню, вышліце вы хаця б 2 ці 3 пасылкі што-небудзь паесці і матэрыяла на штаны і кашулю фунтаў 10 фарбаванага палатна і будзьце так дабры і не адмаўляйце вы ў нашай просьбе. Я думаю, што калі вы скажыце і папросіце Пятра і яго Жонку Елізавету, то і яны не адмовяць у маёй просьбе і дадуць на штаны і кашулю матэрыяла і трошкі круп ці гароху. А таксама і Якуб, я думаю, не адмовіць і дасць што-небудзь на штаны і на кашулю. І калі будзеце высылаць на штаны і на кашулю, то пашыйце штаны і кашулю, бо ў нас няма нітак, каб пашыць, а ў вас ёсць свой кравец. Прашу выслаць. Мы будзем чакаць ад вас пасылак і не адмаўляйце вы ў маёй просьбе. З павагай да вас усіх Сідор Горскі і ваша сястра Палагея Андрэеўна Горская.

***

Ліст падаецца ў маім перакладзе з расейскай мовы. Пры перакладзе я стараўся максімальна захаваць стыль ліста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?