Ігар Чапіга.

Ігар Чапіга.

А 6-й раніцы 8 верасня хтосьці пачаў настойліва званіць у дзверы. Але я працягваў спаць па-мяртвецку, узнікла толькі думка, што гэта муж маёй сястры, які працуе па начах шэф-кухарам. Адмыкнула дзверы сястра і кажа: «Ігар, гэта да цябе».

Калі я выйшаў у калідор, яшчэ ў сонным стане, убачыў чатырох супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, у іх у руках было пастанова аб тым, што я падазраваны ў падпале дзвярэй турмы на Акрэсціна (арт. 339 ч.2 КК).

Мае бацькі былі ў шоку ад пачутага, але я пастараўся супакоіць іх, бо ў тую ноч быў дома і яны пра гэта ведалі. Пасля пачаўся ператрус. Папрасілі прад’явіць ўсе супрацьзаконныя рэчы і ўсё, што можа быць звязана з падпалам, здагадваючыся, што падпал — справа анархістаў, я дастаў два часопісы, якія, на маю думку, маглі б выклікаць падазрэнні, і аддаў іх супрацоўнікам: часопіс «Автоном» (дастаўся пасля доўгай дыскусіі з анархістам у 2006 годзе) і «Атеней» (часопіс па антрапалогіі).

Пасля пачалі шарсціць мой пакой, канфіскавалі кнігі:
«Выпадковы прэзідэнт», «Задыяк і свастыка», «Штрафнікі дывізіі Дэрлівангера», «Зборнік некамерцыйных арганізацый», «Дэкларацыю правоў чалавека». Чымсьці нават спадабалася кніга «Байцоўскі клуб», але яе вырашылі пакінуць. Забралі 23 дыска і 12 дыскет, сярод іх і дыск «Рамштайн», флэшку, сістэмны блок, больш за 15 значкоў на беларускую тэматыку, усе мабільныя тэлефоны, што знаходзіліся ў сям’і (7 штук), каля 30 налепак «Правага альянсу» і каля 30 улётак з тэкстам «Міліцыя прадалася цыганскай наркамафіі» (прысвечана факту свабоднага продажу на вул. Батанічнай наркотыкаў і поўнай бяздзейнасці ўладаў). Таксама ў крамольны спіс патрапілі майка з надпісам «Беларусь перад ўсім» і брашура «Рэпрэсіі 32–33 года».

Апячатаўшы ўсё канфіскаванае, мяне папрасілі сабрацца, а маму зрабіць бутэрбродаў, бо, магчыма, на допытах правяду цэлы дзень.

У Маскоўскім РУУС у мяне ўзялі адбіткі пальцаў, знялі на відэакамеру, узялі слізістую на аналіз ДНК і адвялі да следчага. Той, не пачынаючы допыт, мне і кажа: «Паедзеш на трое сутак».

Я ў шоку, кажу, што за трызненне, мяне там і блізка не было, нават не ведаю, дзе знаходзіцца ІЧУ.

Ён мне адказвае: «Слухай, я не ў курсе, што ды як! Мне сказалі табе пару пытанняў задаць і аформіць у ІЧУ». Пасля гэтага пачаўся мінімальны допыт: дзе, маўляў, я быў увечары 5 верасня.

Я патлумачыў, што з сябрам, даў дадзеныя сябра (як пазней даведаўся, сябра нават не выклікалі).

Пасля пасадзілі ў адзіночную камеру ў РУУС, дзе пратрымалі каля 2 гадзін.

Выводзячы з камеры лейтэнант міліцыі Шулінскі Павел Анатольевіч хацеў забраць бутэрброды і зашпіліў кайданкі, мяне такія дзеянні абурылі да глыбіні душы — закранула штосьці асабістае, бо кайданкі ў жыцці ніколі не надзявалі, а тут у першы раз і ні за што!
Прыехаўшы на Акрэсціна, мяне адвялі ў 5-ці мясцовую камеру, але там я быў адзін. У камеры быў срач, смярдзела палівам, брудныя матрацы і без коўдры. Я навёў невялікі парадак, на вячэру прынеслі кашу — апетыт быў на нулі. Праз пару гадзін перавялі ў двушку — там цяплей і ёсць коўдра! Сядзеў там Павал, які з 20 гадоў усё бадзяецца па турмах. Яму 40 і ён жыве па «паняццях»: пацікавіўся, за што мяне. Я сказаў: арт. 339 ч.2. Пасля пачалося шмат пытанняў. Гэта падштурхнула мяне да думкі, што Павал — «качка». У крымінальным свеце не прынята цікавіцца — правілам кепскага тону лічыцца. Але мне няма чаго было хаваць, я казаў як ёсць, дзяліўся сваімі палітычнымі поглядамі і светапоглядам. На што ён сказаў: «Ігаруня, з табой было б цікава на этапе».

На раніцу Павал мне сказаў, што, хутчэй за ўсё, мяне ў пятніцу (10 чысла) выпусцяць, бо пракурор у суботу не працуе. За двое сутак я з’еў толькі два бутэрброды і выпіў шклянку гарбаты, што раздаюць уранку.

10 верасня быў мой дзень народзінаў. З іроніяй я падумаў: маўляў, выкідвае ж жыццё такія сюрпрызы!
І зразумеў, што ў маёй сітуацыі можа быць абсалютна любы. Любы! За Паўлам прыйшлі каля 12-й, а яшчэ праз гадзіну перавялі мяне ў камеру, дзе я зноў быў адзін. Пазней прывялі 4-х хлопцаў, якіх хвілін праз 30 адправілі ў Жодзіна, і я, накрыўшыся дзвюма коўдрамі, паспрабаваў заснуць. Прыйшоў канваір: у мяне думка — да следчага. Але аказалася, што не: адвялі ў пакойчык, дзе трэ было здаць кроў з вены. Маўляў, па паху праз кроў можна вызначыць злачынца. У майго наступнага сукамерніка гэта выклікала мора смеху.

Пасля здачы аналізу мяне перавялі ў двушку, толькі на паверсе, дзе не было коўдраў. Там я правёў 4 ночы. У камеры спаў алкаш Андрэй. Па ягоным стане зразумеў, што ён яшчэ п’яны. Я лёг на ложак і спрабаваў задрамаць з думкамі, што зранку мяне адпусцяць. Уначы каля 3-х прачнуўся ад холаду. Немагчыма спаць — тэмпература была прыкладна 7–9 градусаў. Хоць на мне была кофта і куртка, холад браў сваё. Крыху пахадзіў па камеры, цела сагрэлася і мне гэтага хапала на 30–40 хвілін сну.

11 верасня мяне выклікалі. З прыўзнятым настроем зайшоў у кабінет, дзе сядзелі следчы і пракурор: выпісвалі мае рэчы, маўляў, рэмень атрымаў, пашпарт атрымаў, грошыкі вярнулі і г.д. Нават крыху пагаварылі пра палітыку.

Яны: краіны як Беларусь раней у гісторыі ніколі не было.
Я: калі ёсць дзяржава, значыць, павінна быць і культура і мова, а тыя каштоўнасці, на якіх выхоўваецца сучасная моладзь (лінія Сталіна і г.д.) — трызненне, якое ніколі не пракоціць, гэта супярэчыць гістарычным фактам і г.д.

Яны: нацызм — не выйсце. Я: аб нацызме ніхто і не кажа: прынцып нацыяналізму «любі сваё, паважай чужое».

Пасля чаго яны абодва замоўклі.

Мяне перавялі ў іншы кабінет дзе сядзеў ужо іншы следчы. Ён мне дае паперу, што адбірае ў мяне мае рэчы, якія толькі вярнулі, бо я падазраваны ў нападзе на Дом прафсаюзаў 30.04.2010, г.зн. арт. 339 ч.1 КК.

Адрэагаваў я на гэтае трызненне бурна і запатрабаваў адваката. У мяне спыталі, ці буду я падпісваць чарговую пастанову аб затрыманні. Я адмовіўся.

Па паводзінах супрацоўніка міліцыі я зразумеў, што абсурднасць сітуацыі для яго ясная, але зрабіць ён нічога не можа.

Мяне адвялі ў камеру. Я адчуваў, што нервы на мяжы. Паклікаў начальніка змены аховы. Той, прыйшоўшы, распавёў, што мае бацькі прыходзілі і сябры прыходзяць, сказаў, каб я не хваляваўся.

Бліжэй да абеду прыйшла перадача ад бацькі. Упершыню за тры дня з’явіўся апетыт. Я падзяліўся з Андрэем. Трохі разгаварыліся. Ён сказаў, што такім спосабам мяне «прэсуюць», што за сваё жыццё ён сустракаў толькі два выпадкі, калі пакідалі на 3-га сутак двойчы па розных падазрэнні.

12 верасня ноч была жудасная. Хоць на мне было дзве кофты, куртка і адна кофта, абвязаная вакол паясніцы, ад холаду спаць было немагчыма. Каб хоць чымсьці заняцца, бліжэй да 4-й гадзіны ночы я вырашыў памыць бялізну.

Раніцай Андрэй мне трохі распавёў пра сябе. Жыў у Маскве, пэўны перыяд часу займаўся бізнэсам, з яго слоў зарабляў па 100–250 дал. у дзень на 2001 год. Гандляваў бытавой і аргтэхнікай. Закахаўся, адносіны не склаліся і пайшло-паехала: наркотыкі, алкаголь, страціў бізнес, сяброў. З сваіх 38-мі адседзеў 6 гадоў.

13 верасня Андрэя забралі. Бліжэй да поўдня мяне выклікалі на допыт. Я, вядома, не памятаю, чым займаўся 30 красавіка, калі падпалілі ДК прафсаюзаў. Гэта ж было чатыры месяцы таму. Вярнуўшыся ў камеру з допыту, я ўбачыў, што ў мяне новы сусед, якога пра сябе я ахрысціць «дзедам»: Кісель Аляксандр.

Раней ён працаваў дырэктарам крамы «ДарАРС» па вул. Варанянскага. З яго слоў, генеральны дырэктар вывез з крамы тавару на 432 млн руб., а па справе яму шыюць 64 млн, ён 3-і дырэктар гэтага крамы, якога судзяць. Аляксандр распавёў, што ёсць сведкі вывазу тавару, але гендырэктар «ДарАРС» пагражаў, што сума недастачы 432 млн будзе размеркавана на 90 чалавек персаналу, і людзі пабаяліся распавесці праўду. Хоць пра гэта я не прасіў, але ён мне ахвотна адкрыў душу. Па рэлігійных поглядах баптыст, прыстойны сем’янін, чацвёра дзяцей ужо дарослых. Мабыць, ён быў мне найбольш сімпатычны сярод усіх тых, з кім мне давялося мець зносіны за час арышту.

У ахоўніка я папрасіў прынесці коўдру для Аляксандра. Ахоўнік сказаў, што пакуль заняты — падыдзе пазней. Праз хвілін 30–45 Аляксандра павялі, бо коўдру па паверхах не цягаюць. Якраз прыйшла перадача ад паплечнікаў па «Правым альянсе», і я пачаставаў «дзеда» напрыканцы бутэлькай мінералкі, яблыкамі і печывам. На развітанне ён сказаў, што будзе маліцца за мяне.

14 верасня, а 7.30 раніцы мяне вядуць у кабінет. Рукі за спінай. У кабінеце сядзяць двое, аднаго з якіх я ўжо сустракаў 11-га.

Я па прыколе пытаюся, што, яшчэ трое сутак, а мне ў адказ: «А як ты думаеш, чаму нас двое?»

На гэты раз я ішоў падазраваным па падпале «Беларусбанка» — арт.218 ч.2 КК.

Пасля азнаямлення з пастановай мяне адвялі назад у камеру, сказаўшы, што заўтра допыт.

У камеры я ўмыўся, пасля чаго паклікаў ахоўніка і папрасіў перавесці мяне ў камеру, дзе ёсць коўдры, бо па начах ад холаду не сплю. Як не дзіва, ахоўнік выканаў маю просьбу.

Перавялі мяне ў 5-мясцовую. Зайшоўшы ў камеру, я паставіў пакет з ежай на стол і заняў месца на другім ярусе.

У ноч з 14 на 15 верасня ў камеры ў двух наркаманаў была ломка, абодва не спалі — палілі і хадзілі па камеры і хоць было значна цяплей, нават горача, мяне напружвала такая атмасфера.

15 верасня аднаго наркамана вывелі, а ў камеру прывялі Ягорава Ягора Ягоравіча (імя сапраўднае), арт. 206 ч. 2 КК (рабаванне): у неадэкватна п’яным стане спрабаваў вынесці ў адкрытую з крамы дзве бутэлькі гарэлкі. Сядзеў з намі і мужык 49-ці гадоў: піў у суседа, сусед пакой здаваў студэнту, дзверы была адкрыта і ён скраў ноўтбук і прадаў таксісту за 500 тыс. руб., а позву «выпісалі» на 4 млн руб. Быў яшчэ адзін хлопец 30-ці гадоў, 10 з якіх ужывае наркотыкі — злавілі за крадзяжы запчастак і прыбораў з аўтамашын — 14 эпізодаў! З ягоных словаў яго білі, апраналі кайданкі і пакеты на галаву. Распавядаў, што тонкі пакет можна пракусіць, а тоўсты не.

У той дзень у камеры было дзве перадачы і ўсе былі сытыя, размаўлялі і нават жартавалі.

Допыт насіў фармальны характар.

На пытанне следчага, ці «састаю» я ў «Белай Волі», я адказаў, што афіцыйна нідзе не знаходжуся, падтрымліваю адносіны з «Правым альянсам», а з БВ не маю зносіны з 2007 года. Следчы, пажартаваў, сказаў: «Напэўна, у камітэтчыкаў старыя звесткі».

Вярнуўшыся ў камеру, я добра перакусіў і паспрабаваў заснуць.

У ноч на 16 верасня прывезлі хлопца 18-ці гадоў. Паводле ягоных словаў, каталіся з сябрамі на таксі (таксіст знаёмы), на нейкім «Гольфе» знялі СД-магнітолу і калонкі, і паехалі ў клуб «Авертайм», дзе круціліся ўсю ноч, а зранку таксіст праехаў на чырвонае святло і ДАІ іх тармазнула. Выявілася, што таксіст ездзіць без правоў, п’яны, і наогул 4 гадзіны як у вышуку (адбіткі пакінуў на «Гольфе»).

Бліжэй да поўдня мяне вывелі ў калідор. Ужо ў калідоры на пытанне «куды», ахоўнік адказаў, што ў душ. Я яму: «Вы што, не маглі сказаць, я ўзяў бы ручнік і мыла». Ён толькі скрывіў твар.

Дзесьці пад гадзіну 2-ю пачалі ўсіх перакідваць з камеры ў камеру, а кагосьці і ў Жодзіна адправілі. У камеры застаўся я адзін, але неўзабаве завялі новых: мужыка аднаго, «забіў» на «хімію», зараз пойдзе этапам; наркамана з Ангарскай за наркотыкі; хлопца Максіма 18 гадоў, гульца «МТЗ-РІПО», «юніёр» або «дубль», сам ён з Віцебска.

Апошні распавёў, што ён з таварышам вырашыў «прыкальнуцца» над сябрам: нібыта спёрлі 600 тыс. руб. Затрымалі іх ДАІшнікі, па розных машынах развезлі і крымінальную справу завялі па факце. Я схільны яму верыць, бо як хлопец вучыцца ва ўніверы, матэрыяльных і іншых праблем няма, школу скончыў на выдатна. Наркаман мне сказаў, што сядзеў у камеры з Тадэвушам, таксама па гэтых падпалах, што такіх як я каля 15 чалавек і што Тадэвушава адвакатка сказала следчым: «Альбо абвінавачанне — альбо адпускайце»

У мяне з’явілася надзея, што гэта апошняя ноч у гэтых умовах, і яшчэ я ведаў: калі проста на выхад — значыць, трое сутак яшчэ, калі з рэчамі — значыць, свабода.

Але больш за ўсё мне было непрыемна ўсведамляць, што можа быць ліпавая справа. Я такіх гісторый за гэтыя 9 дзён шмат чуў, як вінавацілі людзей, якія сядзелі за чужыя грахі, распавядалі, што ў следчага план, а план гэта зарплата…

Максім папрасіў перадаць сваёй дзяўчыне, каб яна не хвалявалася, я запомніў яе нумар тэлефона.

Бліжэй да трэцяй гадзіны раніцы прывялі зэка. Я не ўнікаў, што за што, ён увесь у сініх татуіроўках: павукі, павучынне, вазелін ў кулаку. Але што мяне здзівіла: ён быў як дома — пакурыў, распрануўся да трусоў і лёг спакойна спаць, нібы ў пасцельку да жонкі. І ў той момант я зразумеў, што

турма — гэта не папраўчая ўстанова, а толькі месца, дзе чалавечая воля гартуецца або ломіцца.

17 верасня каля 7-й раніцы чую ў калідоры крык канваіра: «Папоў, на выхад з рэчамі». Гэтую ж прозвішча называў следчы ахоўніку пасля майго допыту. Тады я зразумеў, што хутка буду дома. Праз хвілін 15 вывелі і мяне, на першым паверсе я распісаўся за рэчы і папрасіў растлумачыць ахоўніка, як прайсці ад ізалятара да грамадскага транспарту. Ён усміхнуўся: мяне падазравалі ў падпале ізалятара, а я нават не ведаў, як туды даехаць.

Я сеў у нейкі тралейбус. Ён павёз мяне не ў той бок, прыйшлося рабіць перасядку.

Бацька да слёз быў мяне рады бачыць, пачаў абдымаць і плакаць.

За той час, як я знаходзіўся на Акрэсціна, ён звязваўся са сваімі старымі сябрамі-пракурорамі. Яны яму ў адказ: «Калі б Ігар твар каму разбіў — мы б яго дасталі. А так — у палітычныя справы мы не лезем…»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?