Пастановай Савета міністраў № 1382 ад 27 верасня 2010 года да 118 тыс. рублёў (на 31%) павышаецца тарыфная стаўка першага разраду

для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі і работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Дзейная цяпер тарыфная стаўка першага разраду, якая была ўстаноўлена 1 чэрвеня 2010 года, складае 90 тыс. рублёў.

Пастановай таксама ўстаноўлены карэкціруючыя каэфіцыенты 2,862–0,915 да разлічаных па Адзінай тарыфнай сетцы работнікаў Рэспублікі Беларусь тарыфных ставак (акладаў) работнікаў арганізацый, што тарыфікуюцца з 1 па 27 разрады.

Міністэрству працы і сацыяльнай абароны даручана ва ўстаноўленым парадку ўвесці карэкціруючыя каэфіцыенты да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў.

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі і работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, неабходна забяспечыць пераразлік заработнай платы работнікаў у адпаведнасці з устаноўленай названай пастановай тарыфнай стаўкай першага разраду і каэфіцыентамі АТС з улікам карэкціруючых каэфіцыентаў.

З 1 лістапада ў Беларусі таксама павышана мінімальная зарплата. На лістапад-снежань яна ўстаноўлена ў 400 тыс. рублёў, гадзінная мінімальная — у 2.360 рублёў.

Такім чынам, мінімальная заработная плата павялічыцца на 54,7%, а гадзінная мінімальная заработная плата на 54,2%.

У адпаведнасці з законам ад 17 ліпеня 2002 года «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы» МЗП (месячная і гадзінная) прымяняецца як дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы за работу ў нармальных умовах пры выкананні ўстаноўленай (месячнай або гадзіннай) нормы працы. Памер МЗП (месячнай і гадзіннай), устаноўлены заканадаўствам, з’яўляецца абавязковым для наймальнікаў у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?