З уваходжаннем у сілу новай рэдакцыі закона «Аб турызме» 6 кастрычніка замест турыстычных ваўчараў будуць уведзеныя новыя дакументы.

Пра гэта паведаміла 27 верасня на рэспубліканскім семінары па нарматыўна-прававым забеспячэнні турыстычнай дзейнасці ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці галоўны юрысконсульт дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Наталля Скрыцкая.

Паводле яе слоў, у новай рэдакцыі закона ўдакладняюцца паняцці турыста і экскурсанта.

Так, турыстам прызнаецца фізічная асоба, якая ажыццяўляе падарожжа на перыяд больш чым 24 гадзіны, экскурсантам — фізічная асоба, якая ажыццяўляе экскурсію без начоўкі. У сувязі з гэтым адрозненнем магчымы дзве формы дакументаў: тыпавы дагавор на аказанне турыстычных паслуг і квітанцыя на экскурсійныя паслугі.

Форму тыпавога дагавора на аказанне турупаслуг у найбліжэйшы час плануецца зацвердзіць пастановай Саўміна. Паводле слоў Скрыцкай, яна прыведзена ў адпаведнасць з былым турыстычным ваўчарам, законамі «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб турызме» і некаторымі іншымі заканадаўчымі актамі. У дагаворы на аказанне турпаслуг будзе прадугледжана праграма турыстычнага падарожжа, пералік спадарожных паслуг. Як падкрэсліла Скрыцкая, будзе ўстаноўлены варыянт дагавора, які турфірма зможа дапоўніць паводле свайго меркавання. Чакаецца, што гэта дазволіць знізіць колькасць скаргаў ад турыстаў — яны змогуць прадугледзець у дагаворы ўсе прынцыпова важныя пазіцыі.

Паводле слоў юрысконсульта, квітанцыя на экскурсійныя паслугі з’яўляецца «больш спрошчанай» у параўнанні з дагаворам формай дакумента, які турфірма зможа падпісаць з фізічнай асобай або групай, што ажыццяўляе экскурсію без начоўкі. У квітанцыі ўказваецца найменне экскурсіі, час пачатку экскурсіі, месцы збору, заканчэння экскурсіі, колькасць экскурсантаў.

Скрыцкая адзначыла, што ў новай рэдакцыі закона «Аб турызме» таксама прадугледжана пашырэнне статусу тураператараў і турагентаў. Заканадаўча замацоўваецца іх права на аказанне асобных спадарожных правядзенню падарожжа паслуг, такіх, напрыклад, як візавая падтрымка.

Акрамя таго, з уваходжаннем у сілу новай рэдакцыі закона будуць створаныя ўмовы для развіцця турысцка-інфармацыйных цэнтраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?