Расізм зачапіў і славянскія народы: яны непрыязна ставяцца да так званых асоб каўказкай нацыянальнасці і да цыган. Асабіста мне ні першыя, ні другія не зрабілі нічога дрэннага, але калі я ўсё часцей сустракаю на мінскіх вуліцах нязвыклы гурток смуглявых жанчын у доўгіх спадніцах, мяне таксама перапаўняюць незразумелыя адмоўныя пачуцці. Але толькі нядаўна я зразумела, што пачуцці гэтыя – зайздрасць…

Тыдзень таму сталі вядомы папярэднія вынікі перапісу насельніцтва 2009 года. Лічбы, скажу адразу, жахлівыя, і таму СМІ адразу запоўніліся крытычнымі матэрыяламі наконт фальсіфікацыі вынікаў і няправільнай метадалогіі правядзення перапісу. Усё гэта слушна, але ў мяне ёсць падставы хаця б трохі давяраць гэтым лічбам.

Па-першае, асноўнымі носьбітамі мовы ў нас з’яўляюцца людзі сталага ўзросту ды вяскоўцы, але, згодна ўсё таго ж перапісу, насельніцтва краіны скарацілася на паўмільёна, а ў вёсках засталося толькі каля 25 адсоткаў беларусаў. Калі паразважаць, то стане зразумела, што асноўная частка насельніцтва проста адарвана ад тых, хто павінны вучыць іх любові да роднай мовы. Жыццё ў гарадах з іх арыентаванасцю на глабалізацыю ставіць ва ўмовы, калі веданне беларускай мовы нічым не спрыяе, а часам і замінае павышэнню эканамічнай забяспечанасці.

Глядзім далей, хто застаўся ў нас у гарадах. Гэта дзеці, якіх з кожным годам меншае, і людзі сярэдняга ўзросту. Апошніх можна падзяліць на дзве групы: карэнных беларусаў, і тых, хто прыехаў з бліжэйшага замежжа і мовы проста не ведае. Такіх досыць шмат, бо яны засталіся тут, узяўшы шлюб альбо дзякуючы прымусоваму размеркаванню з савецкіх універсітэтаў. Карэнныя беларусы мову ведаюць, але не карыстаюцца ёю за непатрэбнасцю ў штодзённым ужытку. І менавіта яны заўсёды станоўча ставяцца да беларускай мовы, бо заспелі яшчэ тыя часы, калі практычна ва ўсіх школах навучанне было па-беларуску.

Школы – гэта другое, школ у нас няма, як няма і каму вучыцца ў іх. Верасень у гэтым годзе пачаўся са скандалаў. У шэрагу гарадоў не адчынялі першых класаў з беларускамоўным навучаннем. Нават у такіх, як Гродна і Магілёў. А між тым школа -- галоўны гадавальнік нацыянальнай самасвядомасці і моўных ведаў. Менавіта ў школе з расейскамоўнага дзіцяці за адзінаццаць год можна зрабіць сапраўднага беларуса, бо гэта другі пасля сям’і інстытут, які выхоўвае ў чалавека яго будучыя маральныя каштоўнасці і штодзённыя звычкі. Але ў апошнія гады беларускія школы імкліва знікаюць, і адзінае на Гродна беларускамоўнае дзіця вымушана навучацца асобна ад сваіх аднагодкаў…

Вось таму ў мяне і ёсць падставы верыць вынікам перапісу насельніцтва. І

ёсць падставы зайздросціць цыганам. Нацыя качэўнікаў, раскіданая па ўсім свеце, здолела захаваць сваю мову. Таму што ўсе яны трымаюцца адзін аднаго, таму што захоўваюць і клапоцяцца аб сваіх традыцыях.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?