Паэтычны лёс новага беларускага паэта выбудоўваецца ў поўнай адпаведнасьці з законамі жанру «гісторыя літаратуры». Як і ў выпадку з Пушкіным, мы маем справу з гадаванцам Ліцэю, толькі ня створанага, а распушчанага па найвышэйшым загадзе. І старэйшыя паэты апякаюць юны талент: у ролі Дзяржавіна выступае дзядзька Рыгор Барадулін, у ролі Жукоўскага — мэтар Андрэй Хадановіч. Іх ласкавыя словы абрамляюць першы зборнік вершаў калегі-пачаткоўца, нібыта задаючы планку — вось з кім варта параўноўваць Глеба Лабадзенку!
Зборнік «Pager-вершы» і сапраўды заслугоўвае чытацкай увагі, хоць аўтар гэтай рэцэнзіі і баіцца сур’ёзна сапсаваць адносіны з рэдактарам газэты, у якой яна мае быць апублікавана. Урэшце, думка пана рэдактара мае некаторыя падставы — цяжка меркаваць пра паэта па першых кроках, ці, як пагаворвала ў Гогаля цётачка І.Ф.Шпонькі, «малада шчэ дытына». Таму паспрабуем аргумэнтаваць свой выбар і свой пункт гледжаньня.
Вершы Глеба Лабадзенкі цалкам могуць быць расцэнены як свайго роду маніфэст новага паэтычнага пакаленьня. Гэта пакаленьне паэтычных тэхнакратаў, якому любое дасягненьне чалавечай думкі — толькі інструмэнт для выказваньня ўласных пачуцьцяў. Так, пэйджар робіцца для яго пасрэднікам, які перадае на адлегласьці яго пачуцьці каханай (-ным?) дзяўчыне (-чатам?).
вартуюць неба ланцуг1,
цябе ратуюць вочы сашы
1 поз1рк1, 1 думк1 нашы
цябе адводзяць ад туг1.
я не прашу тваей рук1 –
я не прашу рук1 у неба.
сьвет будзе, быу 1 есьць
так1.
дабранач, каралева. глеба.
Пакаленьне Глеба Лабадзенкі пасьпела спазнаць і забыць, што такое пэйджар, як майму пакаленьню давялося асвойваць старамодную праграму «Лексыкон», пасьпяхова выцесьненую са сьвядомасьці ўсёмагутным «Вордам». Але сам Лабадзенка ўбачыў у ляканічнасьці пэйджара магчымасьць новага паэтычнага прыёму, які быў ім бліскуча выкарыстаны.
на вагоне ляц1ць
сьв1таньне
наз1раецца пэуны
прагрэс
прызнаюся табе
у каханьн1
па тарыфе
Velcom-MTC
Няшчасьце паэта заключаецца ў тым, што прыём расьцягнуты да аб’ёмаў збор¬ніка і да маштабу збору твораў расьцягнуць яго ніяк ня ўдасца. Прычын таму некалькі. Першая — Лабадзенкавы чытачы пасьпелі перайсьці з пэйджара на мабільныя тэлефоны нават раней, чым іх паэт здолеў апублікаваць свой зборнік. Пэўны прагрэс, сапраўды, назіраецца, тут Лабадзенка мае рацыю, а таму новым чытачам давядзецца доўга тлумачыць, што такое пэйджар, і ўрэшце, мабыць, сам жа Лабадзенка і перакладзе свае вершы з мовы пэйджара на мову SMS, дзе і знакаў можа быць трохі больш, і лацінска-беларуская «і» ўсё-такі існуе, а таму ня трэба больш замяняць яе пошлай адзінкай. Але ўдалая знаходка выпускніка коласаўскага ліцэю так прыйшлася даспадобы мэтрам беларускай паэзіі, што дзядзька Рыгор проста паддаўся спакусе напісаць уласны «pager-верш», а мэтар Андрэй абгрунтаваў выкарыстаньне пэйджара ў паэзіі — зрэшты, справядліва замацаваўшы яго ў чытацкай сьвядомасьці менавіта за Глебам Лабадзенкам.
І тут варта трохі паглыбіцца ў параўнаньне паэтычных лёсаў двух ліцэістаў, зь якога рэцэнзэнт і пачаў гэты тэкст. Пушкіна, нагадаем, таксама віталі свой Барадулін — Дзяржавін Г.Р. — і свой Хадановіч — Жукоўскі В.А. Але віталі не таму, што добра ведалі яго творчасьць (творчасьці, уласна, яшчэ не было як такой), а таму, што ўбачылі ў тым, што ўжо было, саміх сябе.
Дзяржавін — бліскучага імітатара жанру оды, здольнага ўслаўляць подзьвігі расейскай зброі належным нязграбна-сьвяточным стылем.
Жукоўскі — паэта лёгкага, які нязмушана пазбаўляе верш ад непатрэбных славянізмаў і здольны падабацца чытачкам.
Яны глядзеліся ў маладога Пушкіна як у люстра, і кожны цешыўся з таго, што бачыць у гэтым люстры ўласнае адлюстраваньне.
Гледзячы праўдзе (ня ўласнаму адлюстраваньню, бо на статус найвышэйшага носьбіта паэтычнай ісьціны рэцэнзэнт прэтэндаваць ня можа і не павінен) у вочы, я вымушаны канстатаваць: здаецца, тое самае адбылося і ў выпадку з Глебам Лабадзенкам.
Рыгор Барадулін убачыў у падлетку-ліцэісьце самога сябе, хто здольны публічна мацюкацца ў вершы, гарэзьліва гуляць са словам і разам з тым валодае пэўным густам настолькі, каб разьвіваць звыклыя старэйшаму пакаленьню беларускіх лірыкаў грамадзянскія тэмы — прычым у звыклым жа для іх ключы:
галоунае —
дабегчы да вады
1 не згуб1цца
у леташняй
прастрацы1
бо можна зноуку атрымаць п1…
…сьмо
ад м1н1стэрства
нашай адукацы1
Барадулін сьмела мог бы падпісацца пад гэтымі радкамі. Яны нават трохі сьціплыя і сарамлівыя ў параўнаньні з тым, што іншым разам прыпісваецца Рыгору Івана¬вічу. І разам з тым цалкам грамадзянскія. Як, скажам,
замерзла галава
мо заутра не прачнуся
апэратар 42 —
як сымбаль беларус1
Андрэй жа Хадановіч непазьбежна павінен быў убачыць у «pager-вершах» ідэю зборніка «аднаго прыёму» (накшталт «Землякоў»), толькі прыёму яшчэ больш фармалізаванага, даведзенага да лягічнага канца — гэта значыць да тупіка (бо лягічны канец любога ўжытага аднойчы прыёму — немагчымасьць выкарыстаньня яго другі раз бяз боязі падацца сьмешным і старамодным).
вейк1, вочы, шчок1, вушы:
вецер мары расьцярушыу.
ног1, поз1рк1, усьмешк1,
чыпсы, п1ва ды арэшк1.
радасьц1, пакуты, мро1.
нехта сьвет бяз нас устро1у.
крылы, душы ды аблок1:
погляд на жыцьце высок1.
вейк1, шчок1, вушы, вочы.
сьп1 спакойна. добрай ночы.
Гэтая калыханка, як сказаў бы, мабыць, Барадулін, валянцінка, як вызначыў бы яе жанр сам аўтар «pager-вершаў», ці Лаба¬дзенка, на чым настойвае ў пасьляслоўі Хадановіч, — тое, з чаго зборнік пачынаецца. І, уласна кажучы, на гэтым жа ён мог бы і закончыцца. Хоць бы таму, што сам па сабе паэтычны прыём пасьля гэтага робіцца малацікавым. Яшчэ дзьве ці тры старонкі ўсе гэтыя адзіначкі замест нармальнай літары выклікаюць некаторую цікавасьць, а далей ты проста чытаеш вершы як вершы, аддзяляючы ўдалыя ад менш удалых, сьвежыя вобразы — накшталт ужо згаданага пераходу па тэлефонным тарыфе «Velcom»-МТС — ад такіх, што выклікаюць пасьляабедзенную пякотку.
«Pager-вершы» — першая проба голасу новага пакаленьня. Пэйджар памёр да зьяўленьня зборніка. Паэт нарадзіўся са сьмерцю пэйджара.
І гэта правільна.
У новым зборніку, дай бог, ужо ня будзе ўжо фармалістычных пошукаў, какетлівых крыўляньняў накшталт «Кнiгу даводзiлi да ладу Рыгор Барадулiн, Васiль Сёмуха, Андрэй Хадановiч» — а ўжо адразу, каб уразіць чытачоў да страты дыханьня, аўтар напіша: «Кнігу даводзілі да ладу Фэдэрыка Гарсія Лёрка, апостал Мацьвей ды Шарль Бадлер». Гэта будзе сьціплей, сумленьней і зразумелей. Таму што ў ім, мабыць, мы і адкрыем не закаханага юнака-фармаліста, а вялікага Паэта, чыёй творчасьцю, спадзяюся, закончыцца цэлы пэрыяд сучаснай беларускай паэзіі.
Таму што пачнецца — новы.
Пакуль жа дадам: пасьля «Pager-вершаў» прафэсар Мушынскі можа сьмела публікаваць інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча. Усё роўна падлеткавая эротыка ўжо ні для кога не зьяўляецца сакрэтам.
❏
Прэзэнтацыя кнігі Глеба Лабадзенкі «Pager-вершы» адбудзецца 7 сьнежня (серада) у вялікай залі Дому літаратара (вул.Фрунзэ, 5). Удзел у імпрэзе возьме народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Будуць вершы, сьпевы, жарты! Кантактны т.: 668-57-75.