Рэдактар часопіса «Беларуская думка» апублікаваў сенсацыйны матэрыял. На сайце лукашэнкаўскага агенцтва БЕЛТА рэдактар ідэалагічнага часопіса Адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка» апублікаваў сенсацыйны матэрыял. Падаём яго з невялікімі скарачэннямі, бо каментары ад Рэдакцыі тут, як прызнае сам аўтар, залішнія. Думаю, іх дадуць самі чытачы.

«Суразмоўца, гутарка з якім легла ў аснову артыкула, папрасіў не раскрываць ягонае імя. Па-другое, тое, што будзе выкладзена ніжэй, спачатку падалося мне чымсьці неверагодным, амаль фэнтэзі. Аднак пры больш удумлівым аналізе атрыманая інфармацыя дазволіла скласці асобныя заявы, звесткі, выцекі і агаворкі ў дастаткова рэалістычную мазаіку, якую можна назваць ідэалогіяй беларускай апазіцыі.

Такім чынам, усё па парадку. Хто ж мой суразмоўца? Выконваючы ягоную просьбу, імя, прозвішча і імя па бацьку захаваем у таямніцы. Пра што мы размаўлялі? Фактычна мой візаві выклаў разгорнутую ідэалагічную платформу, на якой стаіць большасць кандыдатаў ад беларускай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах.

Для таго, каб убачыць адсутнасць сур’ёзных ідэалагічных адрозненняў паміж кандыдатамі, якія апаніруюць дзейснаму Прэзідэнту, дастаткова кінуць беглы позірк на кадравы расклад сфармаваных імі каманд. Пры ўсёй разнастайнасці выбару, вялікага адрознення ў кадрах няма.

Зараз пра самыя „ідэі“. У большасці сваёй яны шырока не афішуюцца, каб не агаломшыць беларускае грамадства. Для саміх жа актывістаў апазіцыйных груповак гэтая ідэалогія з’яўляецца чымсьці накшталт сімвала веры, запаветнай мары і пуцяводнай зоркі. Асновы гэтай платформы былі зацверджаны 5–6 мая 2009 года на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна і Зянона Пазняка ў Празе. Затым праграма дапрацоўвалася і ўдакладнялася падчас візіту шэрагу апазіцыйных дзеячаў у Вільню ў верасні мінулага года. Асобныя яе дэталі абмяркоўваліся на закрытых сустрэчах падчас Чацвёртай Рыжскай міжнароднай канферэнцыі „Аднаўленне эканомікі ў зменлівай сітуацыі бяспекі: — Трансатлантычная павестка дня-2010“ 23–25 кастрычніка 2009 года. Нарэшце, практычна ў канчатковым выглядзе гэтая ідэалагічная платформа была аформлена 12 верасня бягучага года на сустрэчы шэрагу апазіцыйных дзеячаў у мястэчку Бершты Гродзенскай вобласці.

Такім чынам,

якую ж долю урочаць „альтэрнатыўныя кандыдаты“ для Беларусі ў выпадку захопу ўлады?

Першы і галоўны пункт іх праграмы — гэта нянавісць і помста. У іх планы ўваходзіць прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўсяго вышэйшага кіраўніцтва краіны, а таксама большасці кіраўнікоў выканаўчай улады на месцах.

Асобна агаворваецца крымінальны пераслед тых, хто меў дачыненне да арганізацыі выбарчых кампаній, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, у чые абавязкі ўваходзіць абарона канстытуцыйнага ладу, прадстаўнікоў МУС, якія забяспечвалі бяспеку падчас публічных мерапрыемстваў апазіцыі. Праўда, па гэтым пытанні ў асобных дзеячаў адзінства няма.

Адны прапануюць аддаць справы на разгляд у славуты Гаагскі трыбунал, іншыя мараць пра стварэнне асобнага „трыбунала для Беларусі“.
Нарэшце, рэпрэсіўны спіс можа пашырацца ў залежнасці ад крыўдаў кожнага апазіцыянера асабіста.

Акрамя прамых рэпрэсій прадугледжваецца і так званы „працэс люстрацыі“ па аналогіі з тым, які меў месца ў краінах Усходняй Еўропы ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Маецца на ўвазе забарона на актыўную палітычную дзейнасць, права займаць пасады ў дзяржаўным апараце, службу ў сілавых структурах, а таксама выкладанне для работнікаў выканаўчых і прадстаўнічых органаў улады розных узроўняў, уключаючы дэпутацкі корпус, прадстаўнікоў ідэалагічнай вертыкалі, кіраўнікоў і найбольш вядомых журналістаў дзяржаўных СМІ, штатных работнікаў ГА „БРСМ“ і прафсаюзаў. Акрамя таго, у „чорны спіс“ трапляюць усе, хто меў дачыненне да правядзення выбараў, то ёсць сябры выбарчых камісій.

Няцяжка падлічыць, што ў выпадку прыходу апазіцыянераў да ўлады люстрацыя павінна ахапіць некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Абяскроўленым застануцца цэлыя галіны, асабліва, калі прыняць пад увагу, што ў працы ўчастковых выбарчых камісій прымаюць удзел настаўнікі і лекары.
Таму для гэтых катэгорый прадугледжаны працэс так званага „ачышчэння“. Што менавіта ён будзе азначаць на практыцы, мой суразмоўца не ўдакладніў.

Сур’ёзныя змены чакаюць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. Прычым тут не ідзе пра вяртанне да рэдакцыі Канстытуцыі 1994 года. Плануюцца куды больш істотныя перамены. Так, будуць істотна зрэзаныя паўнамоцтвы Прэзідэнта, адмененыя усеагульныя выбары кіраўніка дзяржавы. Зацвярджаць кандыдатуру кіраўніка краіны будзе парламент. На постсавецкай прасторы нешта падобнае зрабілі ў Малдове, дзе прэзідэнта не могуць абраць ўжо цэлы год.

Зрэшты, у планы беларускай апазіцыі ўваходзіць не толькі выпусташыць найвышэйшую пасаду ў краіне, але і змяніць парламент не да спазнання.

Замест дзвюх палат з’явіцца адна, але істотна павялічаная — да 250 дэпутатаў (цяпер нацыянальны сход у агульнай складанасці налічвае 174 народных выбраннікі).

Замест мажарытарнай будзе ўведзена прапарцыйная сістэма выбараў, то бок у прадстаўнічыя органы ўлады можна будзе трапіць выключна па партыйных спісах.

Зменіцца і адміністрацыйнае дзяленне Беларусі: вобласці, раёны і сельскія саветы будуць ліквідаваныя. Наўзамен з’явяцца 17 паветаў на чале з радамі і старастамі.

Натуральна, будзе адменена дзвюхмоўе. Плануецца правесці так званую „шокавую беларусізацыю“
 — імклівы (за адзін год) перавод на беларускую мову ўсяго справаводства, сродкаў масавай інфармацыі, культурных устаноў з наступнай атэстацыяй на веданне мовы ўсіх дзяржаўных служачых, работнікаў сферы адукацыі і нават прадпрымальнікаў, якія атрымліваюць ліцэнзіі. Але гэта будзе не літаратурная беларуская мова, а нейкая сумесь „тарашкевіцы“ з навамоўем беларускай апазіцыі апошніх гадоў. Адзінства няма толькі па пытанні аб тым, пакінуць беларускую мову на кірылічныя аснове ці ўвесці лацінку.
Плануецца насадзіць жорсткую дзяржаўную ідэалогію. У якасці афіцыйных зацвердзяць бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоню“, прычым зроблена гэта будзе на абсалютна безальтэрнатыўнай аснове.
Па прыкладзе суседняй Літвы мяркуецца ўвесці крымінальную адказнасць за выкарыстанне старой савецкай сімволікі, а таксама дзеючых цяпер у Рэспубліцы Беларусі дзяржаўных сімвалаў. У апазіцыйным асяроддзі практычна дасягнуты кампраміс з нагоды таго, якім павінен быць дзяржаўны гімн. Ім стане песня на верш Наталлі Арсенневай „Магутны Божа“.

Апазіцыянеры прыгатавалі лёс „нацыянальнага героя“ і для яе мужа — Франца Кушаля, камандзіра „Беларускай краёвай абароны“. Ужо нават падрыхтаваныя спецыяльныя плакаты, што папулярызуюць вобраз „военачальніка“. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, паколькі сам тэрмін Вялікая Айчынная вайна пасля захопу ўлады апазіцыянерамі будзе забаронены і заменены „тэорыяй дзвюх акупацый“ — нацысцкай і савецкай. Музей Вялікай Айчыннай вайны пераўтвораць у „музей тэрору і ахвяраў таталітарызму“. Не застанецца ні аднаго з існуючых святаў, за выключэннем, хіба што Новага года. Іх заменяць новыя: 25 Сакавіка — Дзень незалежнасці, 8 верасня — Дзень вайсковай славы (Аршанская бітва 1514 г.), 27 лістапада — Дзень герояў, у памяць аб слуцкіх падзеях 1920 г., інспіраваных польскай выведкай.

Залішне казаць, што будуць перайменаваныя вуліцы, плошчы і нават гарады, знікнуць шматлікія гістарычныя помнікі. Так, апазіцыянеры ўжо вырашылі лёс легендарнага танка ля Дому афіцэраў у Мінску — ён будзе знесены, як „сімвал мілітарызму і савецкай акупацыі“.

Асаблівая ўвагу апазіцыянеры надаюць пытанням пераўтварэння сілавых структур.

Беларускія вуліцы замест міліцыянераў, само сабой, будуць патруляваць паліцыянты.

КДБ падзеляць на некалькі дробных спецслужбаў.
Беларускае войска мяркуецца скараціць да 25 тысяч чалавек. У ім будуць уведзены статуты і знакі адрознення, ідэнтычныя тым, што выкарыстоўвала ўсё тая ж „Беларуская краёвая абарона“.

Натуральна, камандныя пасады ў сілавых ведамствах зоймуць самі дзеячы апазіцыі. Па чутках, прадстаўнік маладой апазіцыйнай пораслі

Франак Вячорка, які адслужыў нядаўна сяк-так у войску, марыць заняць пасаду „дырэктара Службы нацыянальнай бяспекі“ — „сесці ў крэсла Цанавы“, як ён кажа.
Аднак прэтэндэнтаў на гэтую, ды і на іншыя высокія пасады ў асяроддзі апазіцыі хапае.

Дарэчы, апазіцыянеры не прызнаюць легітымнасць не толькі дзеючай улады, але і самой Рэспублікі Беларусь. Нашу дзяржаву яны лічаць узурпатарам, паколькі, на іх думку, законным прадстаўніком беларускага народа з’яўляецца „Рада Беларускай Народнай рэспублікі“, што віртуальна функцыянуе за мяжой. Таму пасля захопу ўлады мяркуецца зладзіць цэлы спектакль. „Прэзідэнт БНР“ Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе, выдасць адмысловы „тастамант“ або „статутную грамату“, у якой ўрачыста складзе з сябе паўнамоцтвы і перадасць іх „новай уладзе“. Усё-ткі нашы апазіцыянеры не пазбаўленыя некаторага рамантызму і любові да тэатральных жэстаў.

Не абышлі яны увагай і рэлігійную сферу. Нарожным каменем іх канфесійнай палітыкі павінна стаць стварэнне „Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы“, гэта значыць яе аддзяленне ад Расейскай праваслаўнай царквы.

Эканамічны план апазіцыянераў можна назваць „шокавай лібералізацыяй“. Ён прадугледжвае перадачу ў прыватныя рукі (у тым ліку і замежным грамадзянам) усёй дзяржаўнай і грамадскай уласнасці, за выключэннем будынкаў органаў дзяржаўнай улады і ваенных аб’ектаў.

Будзе ўведзена і прыватная ўласнасць на зямлю, распушчаныя ўсе дзеючыя СВК.

Прадугледжаны працэс „разузбуйнення гігантаў“, гэта значыць фактычная ліквідацыя МАЗа, БелАЗа, БМЗ, МТЗ і іншых флагманаў беларускай эканомікі.

Гэта публічна „эканаміст з філалагічнай адукацыяй“ Яраслаў Раманчук разважае пра „мільёны працоўных месцаў“, а на закрытых семінарах апазіцыйныя стратэгі не хаваюць адзін ад аднаго, што беспрацоўе ў Беларусі ў выпадку іх прыходу да ўлады павінна дасягнуць „нармальнага еўрапейскага ўзроўню“, то бок 10–15% працаздольнага насельніцтва краіны.

Цікавасць уяўляе прапанова аб правядзенні рэстытуцыі, гэта значыць вяртання ўласнасці былым уладальнікам. Яе мяркуецца правесці толькі ў адносінах да асобаў, якія валодалі уласнасцю ў Заходняй Беларусі да верасня 1939 г.

Дарэчы,

як бы апазіцыйныя дзеячы ні разыгрывалі цяпер расійскую карту, у выпадку свайго прыходу да ўлады яны мяркуюць спыніць забавязанні Беларусі не толькі ў рамках саюзнай дзяржавы, але таксама Мытнага саюза, ЕўрАзЭС, АДКБ. Не выключаецца і варыянт выхаду з СНД па прыкладзе Грузіі.

І гэта толькі магістральныя кірункі той прыхаванай праграмы дзеянняў, з якой кандыдаты, якія апануюць дзейснай уладзе, ідуць на выбары.

Там ёсць яшчэ багата розных дробязяў і нюансаў. Напрыклад, вяртанне лаўрэатамі спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрыманых грашовых сродкаў. Ці перапрафіляванне лядовых палацаў як сімвалаў „зненавіднага рэжыму“ пад гандлёвыя плошчы.
Яшчэ раз варта падкрэсліць, што фантазія ў гэтых спадароў вельмі багатая і вытанчаная.

Дарэчы, нашу апазіцыю наўрад ці варта зваць беларускай. У яе асяроддзі цалкам сур’ёзна абмяркоўваецца магчымасць змены назвы краіны на „Вялікалітва“ і перайменавання беларусаў у літвінаў. Зянон Пазьняк неяк прапанаваў кампрамісны варыянт — назваць нашу краіну „Вялікае княства Літоўскае Беларусь“.

Думаю, што якія-небудзь каментары да выкладзенай праграмы залішнія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?